Каталікі ў Белавескім усталявалі каталіцкі крыж побач з праваслаўным, а праваслаўныя абурыліся. Адны хочуць каб каталіцкі крыж перанесьлі ў іншае месца, другія — каб яго зусім прыбралі. Мясцовыя чыноўнікі кажуць, што канфлікт «патыхае падзеямі на Ўкраіне».
У доме культуры Белавескага з гэтай прычыны адбыўся сход жыхароў, чыноўнікаў і сьвятароў.
Крыж разладу
У пасёлку Белавескі (гэта Камянецкі раён на Берасьцейшчыне) больш за дзьве тысячы жыхароў. Асноўная колькасьць — праваслаўныя, больш за 20 сямей каталікоў, ёсьць і мусульманская сям’я.
Каталікі ня маюць свайго касьцёла і прыпісаныя да Высокаўскай парафіі. На ўезьдзе ў мястэчка стаяў праваслаўны прыдарожны крыж. А нядаўна каталікі паставілі побач і свой. Гэта і абурыла праваслаўную грамаду.
Высокаўскі ксёндз Андрэй Бародзіч патлумачыў на сходзе, што крыж усталяваў адзін зь ягоных вернікаў, выдаць якога ён ня можа, бо «гэта таямніца споведзі».
Ксёндз тлумачыць, што бяз крыжа ў Белавескім ёсьць пэўныя цяжкасьці для каталікоў — калі хто памірае, даводзіцца везьці труну да крыжа ў Высокім — памаліцца, а потым вяртацца, каб пахаваць.
Праваслаўны сьвятар: «Ня трэба таптаць нашу веру нагамі»
Айцец Аляксандар, белавескі праваслаўны сьвятар:
«У наш час ёсьць шмат розных канфэсіяў, розных веравызнаньняў. Але цяпер паміж пастырамі цэркваў — каталіцкай ды праваслаўнай — стаіць задача, каб не было ніякіх канфліктаў, каб усё было законна, каб усё рабілася ў згодзе з законамі. Трэба ўлічваць, што ў нас у пасёлку больш за 90 працэнтаў — праваслаўныя. І ня трэба таптаць нашу веру нагамі. І калі зараз большасьць прагаласуе за тое, што ня трэба гэты крыж у пасёлку, то тады прыбіраем».
Каталіцкі сьвятар: «Няўжо нам каталіка несьці пад праваслаўны крыж?»
Пасьля праваслаўнага далі слова каталіцкаму сьвятару айцу Андрэю:
«Мой бацька быў праваслаўны, ён быў панамаром у царкве. Я ўсіх паважаю праваслаўных, малюся за іх, я ў царкве хаваў свайго бацьку... Але нашы пакуты з крыжам пачаліся не цяпер, ёсьць дакумэнт, дзе я пісаў з гэтай прычыны ў райвыканкам амаль год таму... Потым мы пайшлі к дырэктару „Белавескага“, ён сказаў, што катэгарычна супраць таго, каб ставіць крыж. Але ж гэта ня толькі тут разам праваслаўны і каталіцкі крыж. У іншых месцах таксама. Ну няўжо нам, як памрэ, то каталіка несьці пад праваслаўны крыж? Я паважаю праваслаўны крыж, але ў нас жа каталіцкі...»
Айцец Андрэй распавёў, што ў вернікаў «накіпела», што доўга няма дазволу на ўсталяваньне крыжа, таму яны і паставілі яго самавольна.
Праваслаўны айцец Аляксандар на гэта запярэчыў:
«Праваслаўны храм калі будуецца, то таксама да пяці гадоў атрымліваюць толькі дазвол на зямлю. Але самавольна ніхто крыжы ніякія ня ставіць, самавольна храмы не растуць. Хоць вас 50 чалавек, а нас...»
Таксама праваслаўны сьвятар выказаўся, што каталікі ня маюць права ставіць свой крыж, бо іхняя парафія тут не зарэгістраваная. Аднак айцу Аляксандру запярэчылі нават чыноўнікі: вернікі прыпісаныя да Высокаўскай каталіцкай парафіі, і ім не абавязкова тут рэгістраваць абшчыну, каб паставіць крыж.
Праваслаўны сьвятар запытаўся ў каталіцкага, ці прыбяруць яны крыж: «А мы дапаможам. Вы скажыце, я заўтра пайду, прыбяру...»
Ксёндз Андрэй адказаў: «Добра, калі ў вас такая сіла ёсьць крыжы скідаць, то калі ласка... Калі вы не баіцеся...»
Тады сьвятар Аляксандар кажа: «А калі хочаце, то я зраблю зь яго праваслаўны і пастаўлю ў Мальчаках сабе... Навошта гэты цырк ладзіць? Раз вы такі добры пастыр, то бярыце сваіх прыхаджан і вязіце ў Высокае...»
Праваслаўны сьвятар выказаў меркаваньне, што каталіцкія крыжы могуць стаяць побач з праваслаўнымі ў тых населеных пунктах, дзе «ёсьць гісторыя, дзе спакон веку стаяў касьцёл».
«У нас жа ніколі не было ні каталіцкай царквы, ні каталікоў амаль няма, ніякай абшчыны не зарэгістравана. Якія адносіны мае гэты крыж да нас?» — дадаў айцец Аляксандар.
Чыноўнікі: «Патыхае падзеямі ва Ўкраіне»
На сходзе прысутнічалі чыноўнікі — галоўны архітэктар Камянецкага раёну, ідэоляг райвыканкаму, старшыня райсавету дэпутатаў, дырэктар Белавескай школы ды іншыя.
Чыноўнікі распавялі, што ксёндз Андрэй Бародзіч зьвяртаўся да іх па дазвол на ўсталяваньне крыжа, але пакуль гэтае пытаньне было на разглядзе.
Пазыцыя чыноўнікаў зводзіцца да таго, што яны ня супраць каталіцкага крыжа ў Белавескім, але іх абурае, што крыж быў усталяваны незаконна, да атрыманьня афіцыйнага дазволу.
«Я каталік, жонка — праваслаўная. Але мне не падабаюцца гэтыя размовы. Крыху патыхае падзеямі ва Ўкраіне... Але я ня бачу тут ніякага пагарджаньня верай праваслаўнай», — кажа дырэктар школы.
Не забыўся прыгадаць Украіну, зьвяртаючыся да ксяндза, і праваслаўны сьвятар:
«Давайце будзем выконваць закон, каб не было другой Украіны, дзе адну царкву разбураюць, а іншую будуюць. Тыя людзі, якія ставяць крыж без дазволу сьвецкай улады, яны не нясуць разлад? Гэта пачатак Украіны...»
Начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і спраў моладзі Камянецкага райвыканкаму Мікалай Громік распавёў, што канфлікт на рэлігійнай глебе для яго прыкры:
«У партыі камуністычнай я ня быў, не магу сказаць, што быў атэістам, бо быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве. Любая рэлігія заслугоўвае, каб да яе ставіліся з павагай. Але ў любой дзяржаве — улада ёсьць улада, і яе павінны паважаць. Якая яна ёсьць — добрая ці, як нехта лічыць, дрэнная».
Спадар Громік растлумачыў, што зварот ксяндза аб усталяваньні крыжа ў Белавескім быў у райвыканкаме, разглядаўся на каардынацыйнай радзе, і было вырашана правесьці сход, каб высьветліць думку жыхароў.
У прыватнай гутарцы ідэоляг выказаў карэспандэнту Свабоды меркаваньне, што яму «па-чалавечы хацелася б», каб сьвятары дамовіліся наконт крыжоў найперш між сабой, а не ўсчыналі нейкія дыскусіі ды канфлікты.
Пасьля выступаў прысутным прапанавалі прагаласаваць па пытаньнях, ці патрэбен у Белавескім каталіцкі крыж і дзе яму стаяць — побач з праваслаўным або ў іншым месцы. Перад галасаваньнем залю дэманстратыўна пакінула каталіцкая меншасьць, якая дагэтуль і не выступала, толькі слухала спрэчкі.
У выніку сход фактычна ні да чога не прывёў. Праблема каталіцкага крыжа ў Белавескім будзе разглядацца адпаведнай камісіяй у Камянецкім райвыканкаме.
«Праваслаўны бацюшка ня хоча, каб тут былі каталікі»
На сходзе прысутнічаў вядомы берасьцейскі гісторык, краязнаўца, рэдактар грэка-каталіцкай газэты «Царква» Ігар Бараноўскі. Ён лічыць, што праваслаўны сьвятар «бароніць тут сваю кананічную тэрыторыю»:
«Крыж — гэта той сымбаль, які павінен яднаць хрысьціянаў. І тое, што вакол гэтых крыжоў, праваслаўнага і каталіцкага, такая вайна — гэта нядобра. Адзінае, што тут ёсьць падводныя камяні, якія мне відавочныя. Праваслаўны бацюшка праяўляе вялікую актыўнасьць, ён вельмі ня хоча, каб тут былі каталікі. Каталікі паставілі крыж, не дачакаўшыся дазволу. З пункту гледжаньня ўладаў я б вырашыў аштрафаваць за гэта каталікоў, але па факце пакінуў бы крыж ужо на месцы, бо зносіць крыж — ужо і не па-хрысьціянску, не па-чалавечы», — кажа Бараноўскі.