Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарматы цэляць у райвыканкам: Сянно рыхтуецца да «Дажынак»


Будынак са сьцягам на даху — Сеньненскі райвыканкам
Будынак са сьцягам на даху — Сеньненскі райвыканкам

У райцэнтры Сянно рыхтуюцца да Віцебскага абласнога фэстывалю-кірмашу «Дажынкі-2016». Галоўным абʼектам, якім мяркуюць парадаваць сеньненцаў, стаў парк Трох герояў: тут усталёўваюць вайсковую тэхніку і пракладаюць брукаваныя сьцежкі паміж рэдка пасаджанымі дрэвамі.

Добраўпарадкаваньне. А са сьцягам «нешта ня так»
Добраўпарадкаваньне. А са сьцягам «нешта ня так»

Пару тыдняў таму ў парку, названым у гонар экіпажу «Кацюшы» — Герояў Савецкага Саюзу Цімафея Сьвятлічнага, Паўла Назаранкі і Сяргея Барадуліна, якія загінулі ў 1944 годзе ў баі пад вёскай Кажамякі, — зьявіліся два самалёты, Су-27 і Су-24. А яшчэ — некалькі БМП і гарматаў. Іх усталявалі так, нібыта яны цэляць у будынак райвыканкаму на цэнтральнай плошчы мястэчка.

Від на парк Трох герояў
Від на парк Трох герояў

Што павінна ўвасабляць гэткая кампазыцыя, сеньненцы ня ведаюць. А раённае начальства не тлумачыць. У інтэрвію з карэспандэнтам газэты «Голас Сеньненшчыны» старшыня райвыканкаму Васіль Чараднік выказаўся досыць загадкава — «Парк павінен стаць ня толькі месцам, дзе захочацца з прыемнасьцю правесьці вольны час».

Яшчэ адзін куточак «ваенізаванага» парку
Яшчэ адзін куточак «ваенізаванага» парку

Шыльда на помніку вызваліцелям раёну. Ці заўважаць?
Шыльда на помніку вызваліцелям раёну. Ці заўважаць?

На самым ускрайку парку рабочыя ўладкоўваюць пастамэнт каля свежазробленай каплічкі. Кажуць, што тут будзе пастаўлены «помнік нейкаму „аўганцу“». Сымбалічны ці ў гонар рэальнай асобы, сказаць не бяруцца.

Дарэчы, да сёлетніх «Дажынак» сеньненцам паабяцалі ўсталяваць некалькі яшчэ больш экзатычных помнікаў: скульптуру Вадзяніка — на беразе возера, і манумэнтальную выяву «Сені Сеньненскага» — на Камсамольскай плошчы. Апошняя мае ўвасобіць «зборны вобраз мясцовага жыхара»...

Раней тут таксама быў парк
Раней тут таксама быў парк

Якія рысы можна лічыць найбольш характэрнымі — распытаць пра гэта местачкоўцаў не ўдаецца: сеньненцы заліваюцца дружным рогатам, пачуўшы пра «Сеню». Затое з абурэньнем гавораць пра зьнішчаны ў цэнтры мястэчка парк, замест якога зрабілі плошчу, спрэс забрукаваную пліткай.

«Дзіцячы куток»
«Дзіцячы куток»

Парк вынішчылі, і цяпер тут ствараецца гарадзкі абʼект пад назвай «Цэнтральная плошча». Эклектычны выгляд гэтага месца ўражвае. З аднаго краю — дзіцячая пляцоўка і фантан з выявай «у грэцкім стылі». Крыху бліжэй да цэнтру — памятны знак, прысьвечаны тутэйшай ураджэнцы Матроне Маркевіч, аўтарцы арнамэнту, выкарыстанага ў дызайне сучаснага дзяржаўнага сьцяга.

Знак у гонар сьцяга і арнамэнту
Знак у гонар сьцяга і арнамэнту

Якраз да знака са сьцягам будзе весьці «Алея герояў» — тут будуць партрэты Герояў Савецкага Саюзу, якія ці нарадзіліся на Сеньненшчыне, ці загінулі падчас вызваленьня раёну. А пачынаецца алея стылізаванай аркай з зоркай уверсе і скульптурай «Воін-вызваліцель».

Будучая «Алея герояў»
Будучая «Алея герояў»

Уваход на плошчу
Уваход на плошчу

Збоку ад яе спраектаваны яшчэ адзін фантан — перад фасадам новага ЗАГСу. «З тылу» будынак ЗАГСу «прыкрываюць» пастаўленыя ў парку самалёты...

З аднаго боку ЗАГСу будзе фантан
З аднаго боку ЗАГСу будзе фантан

З другога — «аэрадром»
З другога — «аэрадром»

Жыхары райцэнтру адзначаюць, што ўсе пераўтварэньні ў мястэчку скіраваныя на «ваенізаваную паказушнасьць». І што ня надта шмат зьменаў будзе ў штодзённым жыцьці сеньненцаў.

Будынак па Савецкай вуліцы
Будынак па Савецкай вуліцы

Сюды рамонт яшчэ «дайшоў»
Сюды рамонт яшчэ «дайшоў»

Так, рамантуюцца шматпавярховікі, будынкі гатэля і школы ў самым цэнтры, асфальтуюцца дарогі і кладуцца бардзюры. Але раёны прыватнага сэктару, зь якіх пераважна і складаецца райцэнтар, добраўпарадкаваньне амаль не закранае. Тамтэйшых жыхароў кіраўніцтва раёну заклікае парупіцца саміх — прывесьці свае ўладаньні ў прэзэнтабэльны выгляд за ўласны кошт, «дапамагчы будаўнікам».

Пра «сталіцу «Дажынак»
Пра «сталіцу «Дажынак»

Больш за тое: улады ўжо загадзя папярэджваюць сеньненцаў, каб не разьлічвалі на рамонт і добраўпарадкаваньне некаторых гарадзкіх абʼектаў. Напрыклад, сродкаў хопіць на рэканструкцыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу, а на стадыён — не. І ня факт, што грошы на гэта будуць выдзеленыя пазьней — пасьля правядзеньня абласных «Дажынак». Па-ранейшаму застанецца нявырашанай праблема зь якасьцю пітной вады ў паўднёва-заходняй частцы райцэнтру.

Абʼект спрэчак і досьціпаў
Абʼект спрэчак і досьціпаў

Кіраўніцтва раёну ня кажа, у якую суму абыдзецца падрыхтоўка Сянна да сёлетніх «Дажынак» — бо «пляны і каштарысы штодня карэктуюцца». Мясцовыя жыхары тым часам жартуюць, што «грошы вылятаюць у трубу». І нават паказваюць тую «трубу» — дзіўную спаруду незразумелага пакуль прызначэньня, якая стала абʼектам досьціпаў на тэму марнаваньня дзяржаўных сродкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG