Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Жадан прэзэнтаваў у Менску кнігу і музычны гурт


У кнігарні «Ў» у Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі ўкраінскага паэта, пісьменьніка і перакладчыка Сяргея Жадана «Украінскія авіялініі». Гэта кніга выбраных вершаў, якую на беларускую мову пераклаў Андрэй Хадановіч пры ўдзеле яшчэ дзесяці беларускіх літаратараў.

Удзел у прэзэнтацыі прыняў сам аўтар Сяргей Жадан, які таксама прэзэнтаваў зборнік сваіх вершаў на ўкраінскай мове «Жыцьцё Марыі».

Сяргей Жадан — культавы ўкраінскі пісьменьнік — упершыню прыехаў у Менск з сваім музычным калектывам «Сабакі ў космасе».

Разам з гэтым калектывам Сяргей Жадан выступае на ўкраінскай сцэне сем гадоў, але ў Менску канцэрт адбываецца ўпершыню. Гэта сталася магчымым дзякуючы музычнаму праекту, арганізаванаму кампаніямі «Тузін FM» і «Будзьма беларусамі». Сэнс гэтага праекту ў тым, што музыкі розных краін сьпяваюць на сваёй мове беларускую паэзію. Сяргей Жадан пераклаў на ўкраінскую мову і прасьпяваў песьцю «Я рок-музыкант» беларускага гурта «Мроя».

На сустрэчу з паэтам у галерэю «Ў» прыйшлі маладыя беларускія літаратары, а таксама аматары ўкраінскай паэзіі. З-за затрымкі на мяжы і зь іншых тэхнічных прычынаў імпрэза распачалася амаль на дзьве гадзіны пазьней за прызначаны час.

Узамен Сяргей Жадан прадэклямаваў свае вершы, шмат зь якіх былі прысьвечаныя ваеннаму канфлікту на сваёй радзіме. Таксама ён зладзіў аўтограф- і фотасэсію для аматараў сваёй творчасьці.

Вёў прэзэнтацыю Андрэй Хадановіч — беларускі паэт і перакладчык вершаў Сяргея Жадана. Разам яны таксама прачыталі вершы на беларускай і ўкранскай мовах.

Пасьля Менску Сяргей Жадан і гурт «Сабакі ў космасе» выступяць у Варшаве і Празе.

Андрэй Хадановіч і Сяргей Жадан
Андрэй Хадановіч і Сяргей Жадан

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG