Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пісьменьнікі — на кіеўскім «Кніжным Арсэнале»


 Кіеўскі кніжны кірмаш «Кніжны Арсэнал»
Кіеўскі кніжны кірмаш «Кніжны Арсэнал»

На кніжнай выставе «Кніжны Арсэнал», якая пройдзе 22–26 красавіка ў Кіеве, паўстане беларускі стэнд, прэзэнтаваны ініцыятывай Books from Belarus з кнігамі беларускіх выдавецтваў, а ў межах агульнай праграмы пройдуць беларускія літаратурныя імпрэзы.

У працы выставы возьмуць удзел Сьвятлана Алексіевіч, Наталка Бабіна, Алесь Наварыч, Натальля Марчанка, Уладзіслаў Ахроменка, Артур Клінаў, Андрэй Хадановіч, Ігар Логвінаў.

Большасьць беларускіх імпрэзаў пройдуць 24 красавіка. Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў прэзэнтуе беларуска-ўкраінскі альманах «Справа». На прэзэнтацыі кніг выдавецтва «Крок» адбудзецца беларуска-ўкраінскі паэтычны выступ з удзелам Алены Сьцепаненкі, Ільлі Странгоўскага, Сяргея Прылуцкага, Юрыя Завадзкага і Зьмітра Лазуткіна. Артур Клінаў зладзіць аўтограф-сэсію з нагоды выхаду кнігі «Шклатара». Сяргей Жадан прэзэнтуе кнігу «Ўкраінскія авіялініі» на беларускай мове, а Андрэй Хадановіч — кнігу «Білоруський мужчина» на ўкраінскай. Таксама адбудзецца прэзэнтацыя раману Сьвятланы Алексіевіч «Час Second-Hand», выпушчанага выдавецтвам «Дух і Літера».

Сяргей Жадан
Сяргей Жадан

25 красавіка выдавец Ігар Логвінаў прачытае лекцыю «Цэнзура і кніжны бізнэс».

Сярод іншага на выставе можна будзе пабачыць створаны для выдаўцоў і літаратурных агентаў каталёг «Books from Belarus / Кнігі зь Беларусі» з анатацыямі твораў Васіля Быкава, Алеся Разанава, Віктара Казько, Барыса Пятровіча, Уладзімера Някляева, Ігара Бабкова, Алены Бравы, Адама Глёбуса, Уладзімера Арлова, Людмілы Рублеўскай, Альгерда Бахарэвіча і Ўладзімера Казлова.

Books from Belarus — гэта супольная ініцыятыва незалежных выдаўцоў Беларусі, сярод якіх Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 34mag.net і Літаратурны дом «Логвінаў». Мэта кампаніі — прасоўваньне айчыннай літаратуры на сусьветным кніжным рынку, наладжваньне сувязяў і камунікацыі зь літаратурнымі агентамі ды выдаўцамі зь іншых краін, фармаваньне інтэлектуальнага іміджу Беларусі за мяжой. Летась праект Books from Belarus узяў удзел у Франкфурцкім і Варшаўскім кніжных кірмашах.

Адрас кніжнай выставы ў Кіеве: вул. Лаврська, 10-12. Стэнд Books from Belarus — пад нумарам D-11.

«Кніжны Арсэнал» — адна з найбуйнешых украінскіх выставаў-кірмашоў, якая зьбірае больш за 150 выдавецтваў. Сёлета выстава ладзіцца пяты раз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG