Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі роўмінг адмяняць не плянуецца. Як ня страціць грошы, калі вы ў роўмінгу?


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Бадай, кожны беларус, які мае роўмінг, хоць раз пасьля вяртаньня з-за мяжы атрымліваў непрыемны сюрпрыз — вялікі рахунак за карыстаньне сувязьзю. Ад 15 чэрвеня ў 28 краінах Эўрапейскага Зьвязу мабільныя апэратары ў межах праграмы «Roam like at home» адмянілі дадатковую плату за роўмінг. Цяпер для грамадзян Эўразьвязу сувязь у іншых краінах каштуе столькі ж, колькі і ў «хатняга апэратара». Для беларускіх абанэнтаў роўмінг застаецца, расцэнкі паслуг у роўмінгу ўсе тры беларускія мабільныя кампаніі — «МТС Беларусь» Velcom, Life:) — пакідаюць на ранейшым узроўні. Роўмінг з Расеяй і іншымі краінамі Эўразійскага эканамічнага саюзу таксама бліжэйшым часам наўрад ці адменяць.

Не «скідайце» тэлефанаваньні, калі вы ў роўмінгу

Гісторый пра тое, як беларусаў «разводзяць» на грошы ў роўмінгу, можна пачуць вельмі шмат. Нават сім-карта апэратара іншай краіны не заўсёды ратуе: то не пасьпелі, то забыліся пераставіць. Многія проста ня ведаюць элемэнтарных правілаў карыстаньня роўмінгам. І ў выніку людзі самі губляюць грошы.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч часта бывае за мяжой на канфэрэнцыях, сэмінарах, сустрэчах з замежнымі партнэрамі. Ён узгадвае гісторыю амаль дзесяцігадовай даўнасьці:

«Падключыў я роўмінг за мяжой, і я ня ведаў, што скіданьне званка азначае фактычна тое, што ты адказаў на гэты званок. Ён тарыфікуецца па мінімальнай шкале, якая ў роўмінгу налічвае адну хвіліну размовы. То бок кожнае скіданьне азначала, што ты адказаў і прагаварыў адну хвіліну. Ня ведаючы гэтага, я проста скідаў уваходныя тэлефанаваньні ў роўмінгу, і празь некаторы час па вяртаньні дадому я даведаўся, што амаль 200 даляраў складае мая запазычанасьць перад мабільнай кампаніяй. Гэта, вядома, быў даволі моцны ўдар па бюджэце».

У роўмінгу будзьце асьцярожныя з праглядам сайтаў і электроннай поштай

Цяпер абанэнтам мабільнай сувязі карыстацца інтэрнэтам за мяжой каштуе значна больш, чым тэлефанаванаваць.

Абанэнт апэратара сотавай сувязі Velcom — журналіст Сяргей расказаў Свабодзе, як ён, пераехаўшы мяжу Беларусі з Польшчай, па дарозе ў Варшаву, дзе меў намер купіць сім-картку польскага апэратара, адкрыў на некалькі хвілін пару беларускіх сайтаў. Вярнуўшыся ў Беларусь, даведаўся, што прагляд гэтых сайтаў абышоўся яму ў суму, эквівалентную 40 далярам.

Яшчэ адзін беларус — Алесь, які наведаў нядаўна суседнюю Ўкраіну, захацеў падзяліцца сваімі ўражаньнямі зь сябрамі і пасьпяшаўся даслаць па электроннай пошце фатаздымкі. Але фатаграфіі былі вялікага памеру, і паштовая праграма не магла іх перадаць. Але кожны раз, калі тэлефон «знаходзіў» інтэрнэт, праграма аўтаматычна ўключалася і зноў спрабавала адправіць фатаздымкі адрасату. Фатаздымкі з Украіны так і не дайшлі да сябра, але фармальна паслуга перадачы трафіку беларускім мабільным апэратарам у роўмінгу была аказаная. Абанэнта беларускай мабільнай сеткі па вяртаньні на радзіму чакаў фантастычны рахунак — некалькі соцень даляраў. Цяпер ён спрабуе аспрэчыць у апэратара хоць частку гэтай сумы.

На думку палітыка Аляксея Янукевіча, агулам роўмінг азначае ня толькі фінансавыя абмежаваньні, зьвязаныя са званкамі, але фактычна і абмежаваньні ў выкарыстаньні інтэрнэту, таму што большасьць людзей сёньня карыстаецца смартфонамі, айфонамі:

«Шмат якія справы — і бягучыя, і зьвязаныя з самімі паездкамі, зь лягістыкай, з працай — яны завязаныя на смартфоны, на інтэрнэт. І тыя шалёныя кошты ў роўмінгу на інтэрнэт робяць карыстаньне гэтым немагчымым. І гэта вельмі нязручна, таму што шмат якія сэрвісы прывязаныя да таго, што чалавек стала знаходзіцца ў он-лайне, і калі ён «вылятае» з он-лайну, ён можа сутыкнуцца з праблемамі рэгістрацыі на авіярэйсы, калі ляціць не са сваёй краіны, ня маючы роўмінгу, ды іншымі нязручнасьцямі.

Безумоўна, тое, што ў нас сёньня такая сытуацыя з роўмінгам, — гэта непасрэдны вынік кепскіх палітычных адносін паміж сёньняшняй беларускай уладай і ўладамі краін Эўрапейскага Зьвязу. Хоць кажуць, што на сёньняшні момант ідзе дыялёг, нейкае пацяпленьне, але ўсё адно тая самаізаляцыя, у якую цяперашняя ўлада прывяла Беларусь, выліваецца і ў тое, што няма двухбаковых палітычных пагадненьняў, каб гэтыя кошты на роўмінг можна было «абнуліць», — перакананы Аляксей Янукевіч.

Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

«Мы ж не ўваходзім у ЭЗ, так што нас адмена роўмінгу ніяк не кранае»

Рашэньне аб адмене роўмінгу Эўракамісія прыняла два гады таму. І цягам гэтага часу мабільныя апэратары паступова зьніжалі памер дадатковай платы для абанэнтаў за мяжой. А цяпер яе зусім ня стала.

Ці разглядаецца адмена роўмінгу беларускімі кампаніямі мабільнай сувязі хаця б у пэрспэктыве?

У прэсавай службе кампаніі «МТС Беларусь» Свабодзе сказалі, што эўрапейскія апэратары не зьмяняюць умовы прадстаўленьня роўмінгу для «МТС Беларусь» у сувязі з адменай яго ўнутры Эўразьвязу:

«То бок для нашых абанэнтаў плата за роўмінг не павышаецца, яна застаецца такая самая, як і была. Больш за тое, у нас нават зьнізіліся тарыфы з 1 красавіка 2016 году ў сетцы некаторых апэратараў-партнэраў. І Velcom, і Life :) паведамляюць, што для беларускіх абанэнтаў роўмінг захаваецца, ня зьменяцца ўмовы прадстаўленьня гэтай паслугі з боку эўрапейскіх партнэраў — апэратараў. Пакуль нічога дакладна не мяняецца. То бок тарыфы засталіся ранейшыя, нягледзячы на новаўвядзеньні».

На пытаньне, ці магчымая ў пэрспэктыве адмена роўмінгу, прадстаўніца прэсавай службы кампаніі «МТС Беларусь» адказала так:

«Бліжэйшым часам адмена роўмінгу дакладна не плянуецца. Гэтае пытаньне нават не разглядаецца. З усімі партнэрамі заключаныя дамовы, яны доўгатэрміновыя. То бок пакуль роўмінг застаецца».

Начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom Вячаслаў Сьмірноў адказаў Свабодзе:

«Эўрапейскі Зьвяз нас ня тычыцца, яны там адмяняюць, што хочуць, дамаўляюцца адзін з адным. Мы ж не ўваходзім у ЭЗ, так што нас гэта ніяк не кранае. Кошты ў роўмінгу для абанэнтаў Velcom застаюцца ранейшымі.

Што тычыцца роўмінгу з краінамі, якія ўваходзяць ў ЭАЭС, у прыватнасьці, Расеі, Казахстану, Армэніі, Кіргізстану, то зь імі ідзе перамоўны працэс. Ён пэрманэнтны, кансультацыі ідуць ня толькі з удзелам мабільных апэратараў і правайдэраў сувязі, але таксама з удзелам дзяржаўных органаў і антыманапольных органаў, і таму гэты працэс яшчэ не завершаны».

Як ня страціць грошы, калі вы ў роўмінгу

Большасьць беларусаў, якім рэгулярна даводзіцца езьдзіць за мяжу, вымушаныя мець іншыя карткі з рэгістрацыяй у краінах Эўрапейскага Зьвязу, каб мінімізаваць выдаткі на роўмінг. Да прыкладу, у суседняй Літве сім-карты літоўскіх мабільных кампаній можна свабодна набыць у любым шапіку ці краме, мінімальны кошт — 2,5 эўра. І вандраваць з гэтай карткай па ўсёй Эўропе, кажа палітык Аляксей Янукевіч:

«Зараз, калі адмянілі роўмінг у Эўразьвязе, я перакананы, што яшчэ больш беларусаў будзе так рабіць. Аднак гэта нязручна для саміх людзей, таму што альбо ты мусіш мець тэлефон на некалькі сімак, або некалькі тэлефонаў, або, калі ты перастаўляеш сімкі, ты не знаходзісься ў беларускай сувязі і ня бачыш, хто табе тэлефанаваў і дасылаў СМС. І я перакананы, што прайграюць і беларускія мабільныя кампаніі, таму што людзі вымушаныя карыстацца іншымі сімкамі, прыбытак атрымліваюць іншыя кампаніі. Існаваньне роўмінгу нікому ня выгаднае. І, па вялікім рахунку, вырашыць гэта можна праз адбудоўваньне нармальных, здаровых адносін з вольным сьветам, праз адкрыцьцё Беларусі сьвету».

Паколькі роўмінг для беларускіх абанэнтаў ніхто не адмяняў, то, каб ня трапіць у непрыемную сытуацыю і не атрымаць па прыезьдзе вялікі рахунак, адключыце ў настройках смартфона, калі вы не плянуеце карыстацца роўмінгам, функцыю «перадача дадзеных у роўмінгу». У вас застанецца магчымасьць перадаваць дадзеныя па Wi-Fi (гэта тычыцца і электроннай пошты, і прагляду вэб-старонак, і push-паведамленьняў).

Пры наяўнасьці Wi-Fi можна скарыстацца бясплатнымі тэлефанаваньнямі праз папулярныя праграмы Skype і Viber.

Зьбіраючыся ў падарожжа па-за межы краіны, спампаваць мапы лепш загадзя, яшчэ на радзіме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG