Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш за 60% беларусаў хочуць вярнуцца з эміграцыі на радзіму» — Іна Кулей


Беларуска-літоўская мяжа, архіўнае фота
Беларуска-літоўская мяжа, архіўнае фота

Яшчэ нядаўна праграма Каліноўскага мела на мэце дапамогу беларускім студэнтам, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў. За апошнія некалькі гадоў яна трансфармавалася ў праграму стажыровак для беларусаў у ВНУ Польшчы.

Іна Кулей, архіўнае фота
Іна Кулей, архіўнае фота

Старшыня камітэту «Салідарнасьць» Іна Кулей цяпер каардынуе работу агенцтва «Тваё заўтра» — ініцыятывы, створанай, каб заахвочваць беларусаў з замежнай вышэйшай адукацыяй вяртацца на радзіму, а не пакідаць яе. У інтэрвію Свабодзе Іна Кулей расказала, як Беларусь паступова робіцца «краінай для жыцьця», а моладзь ахвотна вяртаецца з эміграцыі.

— Як вы лічыце, спадарыня Іна, чаму маладыя людзі, якія раней былі выключаныя з унівэрсытэтаў і вымушаныя зьехаць за мяжу, цяпер вяртаюцца? Ці сьведчыць гэта пра станоўчыя працэсы ўнутры краіны?

— Як бы мы ня думалі, што мы такая закрытая краіна, працэсы глябалізацыі ўсё адно не абмінаюць Беларусь, сьвет сёньня адкрыты. Інфармацыйнай мяжы з эўрапейскай прасторай фактычна няма. Таму моладзь разумее: можна працаваць на карысьць Беларусі зь любога пункту сьвету, але і вярнуцца сюды заўсёды магчыма і працаваць адсюль для іншых краінаў. Нашыя IT-спэцыялісты – добры прыклад. «Тваё заўтра» якраз мае на мэце дапамагаць моладзі з замежнымі дыплёмамі, якая жадае прапанаваць свае таленты Беларусі, знаходзіць неабходныя кантакты. Мы маем партнэраў у сфэры бізнэсу, тэхналёгій, адукацыі, і яны гатовыя супрацоўнічаць з маладымі спэцыялістамі.

Ня ўсе прафэсіі ў Беларусі запатрабаваныя. Пакуль ІТ-кампаніі разьвіваюцца, прамысловыя гіганты звальняюць супрацоўнікаў
Ня ўсе прафэсіі ў Беларусі запатрабаваныя. Пакуль ІТ-кампаніі разьвіваюцца, прамысловыя гіганты звальняюць супрацоўнікаў

— Але ў студэнтаў, што пацярпелі ад рэпрэсіяў уладаў, усё ж такі застаецца нейкі псыхалягічны бар’ер перад вяртаньнем?

— Натуральна. Перад маладым чалавекам стаіць адказны выбар і важнае пытаньне: «Што чакае мяне дома?», «У якіх сацыяльных умовах я апынуся?». Вось такім людзям варта дапамагаць арыентавацца, кансультаваць іх, чым мы і займаемся. Нашае апытаньне паказвае, што вярнуцца хочуць больш за 60% беларусаў, нягледзячы на свае складанае мінулае тут. Назапасіўшы досьвед і патэнцыял, чалавек вяртаецца туды, дзе мае пэўны статус, бацькоў, родную мову, жыльлё, дзе можа выхоўваць дзетак. Вяртаецца дадому. І мы верым, што гэтыя людзі забудуцца на свае страхі і пачнуць шукаць сябе і разьвівацца на радзіме.

— Напрыклад, малады спэцыяліст з замежнай адукацыяй хоча ўладкавацца ў беларускай дзяржаўнай структуры. Ці адаптуецца сярод айчыннага чынавенства чалавек з эўрапейскім мэнталітэтам і сыстэмай каштоўнасьцяў? Ці гатовыя дзяржструктуры прыняць яго?

— Калісьці мы думалі, што і бізнэс не гатовы прыняць такіх людзей. Існавалі толькі дзяржаўныя крамы з падобнымі адна да адной прадавачкамі. Алё сёньня ёсьць крамы, куды вы прыходзіце, і там вы галоўны чалавек, да вас зьвяртаюцца з павагай. Таму я думаю, з бізнэсу, з грамадзкага сэктару ў дзяржаўныя ўстановы паступова пранікаюць зьмены. Сучасная моладзь прыносіць у такія ўстановы сьвежае паветра, паляпшае іх імідж, вучыць новаму бачаньню многіх рэчаў.

Прэзэнтацыя праекту «Тваё заўтра». Прамаўляе Іна Кулей
Прэзэнтацыя праекту «Тваё заўтра». Прамаўляе Іна Кулей

— А назавіце, калі ласка, топ з трох дзяржструктур, дзе ўжо сёньня працуюць спэцыялісты з замежнай адукацыяй.

— Міністэрства эканомікі Беларусі. Міністэрства замежных спраў, безумоўна... Магчыма, і Міністэрства адукацыі, але я ня ўпэўненая.

— А як выглядае сытуацыя з працаўладкаваньнем ня ў Менску, а ў рэгіёнах?

— Там пакуль складаней, дзяржава як бы вагаецца, ці прымаць іх у рэгіёнах. Яшчэ адна мэта «Твайго заўтра» — даказаць і там, што ўчорашнія эмігранты ня «супраць Беларусі», а наадварот, толькі за. Да гэтай праблемы варта прыцягваць увагу, мы працуем з рэгіянальнымі цэнтрамі занятасьці ў адмысловым кірунку. Плянуем паглыбляцца ў рэгіёны. Важна, каб моладзь заваявала давер, у тым ліку і ў маленькіх мястэчках.

— Даволі часта даводзіцца чуць, што ў свой час праграма Каліноўскага для некаторых служыла проста зручным спосабам зьехаць у эміграцыю. Ці ёсьць падставы для такога погляду?

— Для таго, каб трапіць на праграму, трэба было абавязкова мець дакумэнтальнае пацьверджаньне факту рэпрэсыяў: пратаколы затрыманьняў, арыштаў, артыкулы ў СМІ, пацьверджаньне ад лідэраў вядучых праваабарончых арганізацыяў. Выпадковы чалавек туды не трапляў. Толькі рэпрэсаваны альбо з рэпрэсаванай сям’і. Адзінае пытаньне — ці ня трапіў чалавек на акцыю пратэсту з мэтай пасьля зьехаць па праграме Каліноўскага? Вось гэтага мы ўжо не маглі адсачыць.

— Ці сьведчыць зьмена фармату «каліноўкі» пра зьмяншэньне цікавасьці Польшчы да падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі?

— Абсалютна ня сьведчыць. Усе сродкі, што былі засяроджаныя ў праграме Каліноўскага, цяпер скіраваныя на праграму стажыровак у польскіх ВНУ. Гэтыя рэсурсы можна было аддаць міжземнаморскім краінам ці на падтрымку ўцекачоў, але яны засталіся для нас.

Датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах, 2015 год
Датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах, 2015 год

— Летась Беларусь далучылася да Балёнскага працэсу, аднак пакуль удзел больш нагадвае фармальнасьць — ані студэнцкага самакіраваньня, ані незалежных моладзевых суполак на афіцыйным узроўні па-ранейшаму няма. На мінулых выбарах студэнтаў зноў «зганялі» на датэрміновае галасаваньне, сяброўства ў БРСМ мае дабраахвотна-прымусовы характар. Што з гэтым рабіць?

— Працэс разьвіцьця студэнцкай супольнасьці — працэс двухбаковы. Па-першае, студэнты самі мусяць ведаць свае правы і быць здольнымі за іх змагацца. Тыя ж афіцыйныя моладзевыя арганізацыі разам з праваабаронцамі мусяць займацца прававой адукацыяй моладзі ў межах Балёнскага працэсу. А па-другое, гэта клопат міжнароднай Балёнскай сыстэмы, яе ўдзельнікі з 25 краінаў сьвету павінны працаваць з беларускімі выкладчыкамі, з Мінадукацыі.

— Вы можаце ўявіць сабе куратара-ідэоляга з БРСМ, які заходзіць у аўдыторыю і пачынае распавядаць першакурсьнікам пра іх грамадзянскія правы і свабоду выбару?

— Менавіта так і ўяўляю. Трэба, каб і БРСМ, і іншыя моладзевыя арганізацыі прыходзілі і інфармавалі. Разумею, што пакуль мара амаль невыканальная, але мне вельмі хацелася б, каб так было. Мяркую, таму ж БРСМу патрэбны актыўныя маладыя людзі, а ня проста тыя, хто моўчкі ставіць подпісы. Ня ведаю, колькі гадоў спатрэбіцца на такую трансфармацыю. Цешыць, што пэўныя працэсы адбываюцца хутчэй, чым мы маглі падумаць. Напрыклад, беларусізацыя, размовы пра важнасьць сувэрэнітэту на высокім узроўні... Хто думаў яшчэ пару гадоў таму, што беларуская мова будзе пашырацца так хутка? Сёньня зьмены вітаюць у беларускім паветры.

Студэнцкі марш «Каханьне і салідарнасьць». Сэлфі на «дыване для рэктара». Менск, 2 сьнежня 2015 году
Студэнцкі марш «Каханьне і салідарнасьць». Сэлфі на «дыване для рэктара». Менск, 2 сьнежня 2015 году

— Падводзячы вынік нашай размовы, назавіце тры асноўныя прычыны для эмігрантаў вярнуцца ў родную Беларусь.

— Варта вярнуцца ў Беларусь, бо яна чакае актыўных маладых людзей. Яна застаялася ў разьвіцьці, і толькі сьвежы подых, сьвежыя думкі могуць натхніць краіну рушыць наперад. Разам з тым Беларусь робіцца адкрытай, сюды можна спакойна прыехаць, зьехаць і зноў прыехаць, гэта цалкам нармальна. Вось другая прычына. І, нарэшце, варта вярнуцца, бо ты беларус, а дома і родная зямелька ва ўсіх справах дапамагае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG