Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЭГУ ўзначаліў прафэсар-эмэрыт Рыгор Мінянкоў


Прафесар-эмэрыт Рыгор Мінянкоў абраны старшынёй Сэнату Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ). Яго намесьнікам абраная Альміра Усманава, паведамляе сайт ЭГУ.

Сэнат зьяўляецца органам самакіраваньня, які забясьпечвае якасьць адукацыі і навуковых дасьледаваньняў. Згодна з палажэньнямі абноўленага статуту ЭГУ, у склад сэнату ўваходзяць прарэктар па акадэмічных пытаньнях, усе сябры прафэсарска-выкладніцкага складу з нагрузкай 0,75 стаўкі і вышэй, а таксама пяць прадстаўнікоў студэнцтва.

У сфэру паўнамоцтваў сэнату ўваходзіць: ацэнка вынікаў навуковых дасьледаваньняў і ўзроўню навуковай і творчай дзейнасьці ўнівэрсытэту; унутранае забесьпячэньне якасьці; вызначэньне працэдур прыёму на акадэмічныя праграмы, кваліфікацыйных патрабаваньняў для замяшчэньня выкладчыцкіх пасад і вакансій акадэмічных супрацоўнікаў; устанаўленьне правілаў прысваеньня званьня прафэсара-эмэрыта; прапанова кандыдатур для прысваеньня ганаровых званьняў унівэрсытэту; падрыхтоўка кодэксу аб акадэмічнай этыцы і палажэньня аб выкладаньні і навучаньні для прадстаўленьня на зацьвярджэньне савету ўнівэрсытэту.

Сэнат таксама сфармаваў чатыры камітэты — камітэт па акадэмічных стандартах і ацэнцы якасьці, вучэбна-мэтадычны камітэт, камітэт па навуцы і разьвіцьці і камітэт па акадэмічным плянаваньні і працы са студэнтамі.

Цяпер у склад сэнату ЭГУ ўваходзіць 60 чалавек. Інтарэсы студэнтаў прадстаўляюць Аліна Стралкоўская, Дзяніс Кучынскі, Мікіта Мацюшчанкаў, Марыя Сьляпцова і Елісей Граматнёў. Усе яны былі абраныя на нядаўняй канфэрэнцыі студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ, паведамляе сайт ВНУ.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў адкрыты ў Менску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе ў статусе беларускага ўнівэрсытэту ў выгнаньні. У ВНУ вучыцца каля 1.500 студэнтаў, пераважна зь Беларусі.

Больш за год таму паміж адміністрацыяй і сэнатам ЕГУ ўзьнік канфлікт, зьвязаны з правядзеньнем рэформы прафэсарска-выкладчыцкага складу. Група выкладчыкаў, якая выступала супраць палітыкі адміністрацыі, заснавала плятформу «За новы ЭГУ». Большасьць зь іх 1 кастрычніка гэтага года пазбавіліся працы — зь імі не працягнулі працоўныя кантракты.

30 верасьня пасаду рэктара пакінуў акадэмік Анатоль Міхайлаў, які заснаваў ЭГУ і кіраваў ім з моманту яго стварэньня. Цяпер Міхайлаў займае новую пасаду — прэзыдэнта ўнівэрсытэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG