Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэнальд Кныш: У эвакуацыі права на жыцьцё давялося адстойваць самаробнай «фінкай»


Рэнальд Кныш, трэнэр і паэт
Рэнальд Кныш, трэнэр і паэт

Пра рэпрэсіі канца 1930-х, зьнявагі ў эвакуацыі сярод казакоў і паваенныя выгоды «польскай» Гародні — славуты беларускі трэнэр па спартовай гімнастыцы Рэнальд Кныш.

Савецкая гістарыяграфія лічыць 22 чэрвеня 1941 году афіцыйным пачаткам вайны для СССР — пры тым, што Заходняя Беларусь апынулася ў эпіцэнтры падзеяў на два гады раней, разам з закуліснымі змовамі Сталіна і Гітлера.

«Бацька быў заядлы партыец, а ў 1937-м ледзьве вынес ногі»

На пачатак нацысцкай агрэсіі Рэну не было і 10-ці, ягонай сястры Зарэме — 12. Але яшчэ да сустрэчы са зьнешнім ворагам іхным бацькам — капыльскім настаўнікам Івану Пятровічу і Любові Ціханаўне — трэба было ўмудрыцца ня трапіць пад расстрэльны артыкул. Як згадвае спадар Кныш, у 1937-м махавік рэпрэсіяў прымусіў тэрмінова памяняць родныя мясьціны на забытую богам вёску пад Жлобінам:

«Сам я з-пад Менску, з Капыля. Праўда, давялося там пажыць толькі да 6 гадоў, але дагэтуль добра памятаю, як і што было. Калі ў 1937 годзе пачаліся ганеньні на партыйных актывістаў, мы пераехалі пад Жлобін, у Старую Рудню. Справа ў тым, што бацька ў мяне быў заядлы партыец, даслужыўся да намесьніка сакратара аддзелу кампартыі Капыльшчыны, але трапіў, як кажуць, пад раздачу. Было так: далі аднаму кандыдату накіраваньне ў партыю, а той пераехаў у іншы горад ды забыўся пра высокі давер, так нікуды і не ўступіў. Дык сакратара раённага аддзелу зьнялі з усімі наступствамі, намесьніка, зразумела, нічога добрага таксама не чакала. Тады нейкі высокапастаўлены знаёмы зь Менску параіў хутчэй уцякаць, пакуль не пасадзілі. І дапамог яму зь пераводам у Старую Рудню дырэктарам школы. Вось мы зьехалі, і ад 1937 году і да самай вайны былі там. А літаральна дзён праз 5–6 пасьля 22 чэрвеня, калі ўжо палыхала неба, зямля гула, мы драпанулі спачатку ў Варонескую, а потым у Арэнбурскую вобласьць, тагачасную Чкалаўскую».

84-ты: узрост умоўны
84-ты: узрост умоўны

«Ён мне — „жыдзёнак“, а я яму — фінкай у сьцягно»

Рэнальду Іванавічу 84 гады, але падзеі больш як 70-гадовай даўніны стаяць перад вачыма дагэтуль. Тры гады ў эвакуацыі ён параўноўвае са зьдзекам. Перадусім згадвае, як мясцовыя — і дзеці, і дарослыя, якія адносілі сябе да абранай «казацкай касты», — кпілі з «жыдоў» — так называлі ўсіх чужынцаў. На сьмех падымалі і беларускую мову. Але трываць абразы малалетні Рэн не хацеў і разьбіраўся з крыўдзіцелямі па ваенных законах — «фінкай», якую сам і выкаваў:

«Калі мы жылі ў Капылі, усюды была толькі беларуская гаворка. Пераехалі ў Жлобін — таксама ўсё па-беларуску: і ў школе, і на вуліцы гучала выключна мова. А калі ўжо выехалі ў Варонескую і потым у Чкалаўскую вобласьці, як толькі адкрыеш рот — пачынаецца: „Жыд, жыд, чаго прыехаў?“. То бок, як не па-расейску, дык адразу габрэй. А да габрэяў стаўленьне было — горш не прыдумаеш. Проста жахлівыя адносіны, гатовыя былі ледзь не нагамі біць. Хоць быў малы, мне казалі тое ж самае, узрост не рабіў розьніцы. Даводзілася агрызацца. Я вельмі любіў тэхніку, розныя прылады. Панадзіўся да каваля і за пару прысестаў выкаваў сабе нож, на жаргоне — „фінку“. Было мне дзесьці 10–11 гадоў. Колькі там дзён прайшло, спадцішка заскоквае на сьпіну бамбіза, крычыць: „Давай, жыдзёнак, вязі, катай!“. А я, ня доўга думаючы, нажом — бах яму ў сьцягно. Крыкі, енкі, кроў ручаём, неяк дадому дакульгаў; запаленьне пачалося, заражэньне крыві, прытомнасьць страціў, карацей, ледзь не памёр. Затое ўся вёска запомніла: ад гэтага трэба трымацца далей. Прынамсі, зьвязвацца не рызыкавалі: як толькі пачыналі насядаць, я адразу паказваў фінку — адразу ціха станавілася. Вось такая загартоўка».

«Выбранае». Партрэт з 1950-х
«Выбранае». Партрэт з 1950-х

«Сястра адказвае па-беларуску, а яны рагочуць»

Тым ня меней, працягвае Рэнальд Кныш, міжволі давялося інтэгравацца ў тамтэйшыя рэаліі — найперш, вывучаючы расейскую мову. У школе іншай не выкладалі:

«Так, расейскую нам прышчапілі ў эвакуацыі. Іншыя мовы, як я ўжо казаў, там не віталі. Вядома, цяжка ламаліся. У мяне сястра была, на два гады за мяне старэйшая. У першы ж дзень, як пайшлі ў школу, задаюць пытаньні. Яна адказвае па-беларуску — інакш жа ня ўмее. Усе — га-га-га, жываты надрываюць. Яна пасьля гэтага замоўкла, замкнулася і наступныя месяцы тры засвойвала ад настаўніка расейскую мову. А як урэшце загаварыла па-расейску, то супакоіліся. Хоць, зразумела, і пасьля гэтага за сваю яе не прынялі.

Я таксама памятаю, як пайшоў у тым Лапазе ў 3 клясу. Настаўніца кажа — будзем знаёміцца, бо шмат жа адусюль панаехала. „Дуброўскі Іван!“. Устае: „Я Дуброўскі“. „Нацыянальнасьць?“. „Казак!“. „Рускі, значыць?“. „Так, рускі“. А Дуброўскіх у клясе былі два, дык калі дайшло да нацыянальнасьці, другі адказвае: „Рускі!“. Усе ўпокат: „Ды ты мужык, рускі знайшоўся!“. Аказалася, што казакі вёску заклалі першыя, а мужыкі прыйшлі пазьней, і паміж імі спрадвек сутычкі. Для казакоў мужык, хоць і гаварыў па-расейску, не чалавек, а нешта другога гатунку».

«Ад „культурных немцаў“ уцякаюць толькі габрэі»

Што ўжо казаць пра тых, хто прыехаў у тыл ратавацца ад нацысцкай навалы — у мясцовай герархіі беларусы-ўцекачы стаялі ніжэй за мужыка, бо былі ледзь не прычынай самой вайны:

«Ой, ды што „мужыкі“? Яшчэ ня горшы варыянт, бо „жыды“ нават былі падноска ня вартыя. Габрэі там увогуле лічыліся прычынай вайны. „Навошта вам трэба было ўцякаць? Там жа немцы, культурныя людзі ідуць, усё добра“. Прынамсі, у Лапазе былі перакананыя, што ўцякаюць толькі габрэі, якім ёсьць чаго асьцерагацца „за ўсё, чаго нарабілі“. Адпаведна, усіх, хто ўцякаў са сваіх месцаў, запісвалі ў „габрэі“. Маўляў, калі не габрэй, то які сэнс было зьяжджаць адтуль, дзе да вас прыйшлі „культурныя немцы“? Вось такое паняцьце было ў вёсцы».

Пра спорт — вершавана
Пра спорт — вершавана

Пакуль Любоў Ціханаўна Кныш з двума дзецьмі хавалася ў расейскай глыбінцы, яе муж партызаніў. А ў 1944-м, калі савецкая армія пагнала «культурных людзей» празь Беларусь назад на Бэрлін, Івана Кныша перакінулі ў Горадню падымаць школы. Неўзабаве там сям’я і ўзьядналася:

«Пасьля вызваленьня Беларусі бацьку прызначылі ў Горадню загадчыкам гарана. Ён амаль усю вайну прабыў у партызанах: неўзабаве пасьля пачатку ваенных дзеяньняў трапілі з батальёнам у акружэньне, потым неяк вырываліся, урэшце выйшлі да партызанаў, і яго прызначылі камісарам атраду. Дарэчы, партызаніў на Капыльшчыне, у сваіх мясьцінах. А потым, як Чырвоная армія пачала сунуцца на захад, трэба было ўсталёўваць цывільнае жыцьцё. Паколькі не сумняваліся, што Савецкаму Саюзу будзе належаць тэрыторыя ўключна з Падляшшам, то дырэктара як дасьведчанага настаўніка наўпрост з партызанаў перакінулі ў Беласток. Але пабыў там літаральна пару тыдняў — і сказалі: не, гэта аддадуць Польшчы, давайце крыху назад, у Горадню. Таму падымаў школы ўжо тут. І сюды мы прыехалі з Арэнбурскай вобласьці, дзе тры гады хаваліся ад вайны. І вось ад восені 1944 году я ў Горадні».

«Раман у вершах». Двухтомнік
«Раман у вершах». Двухтомнік

«Пакуль у Капылі палілі лучыны, у Горадні запалілі лямпачку»

Пасада ў бацькі была хоць і адказная, але малапрыбытковая. Сям’я жыла сьціпла, хоць магла сабе дазволіць нашмат больш, чым у любым іншым прыстанку ў сваіх вымушаных пераездах. Рэнальд Іванавіч згадвае, што як на тагачасны дзіцячы розум, то трапіў у зусім іншае вымярэньне — ня толькі ў параўнаньні з Лапазам, а нават зь не такім ужо і галотным Капылём:

«Я дзяцінства правёў у Капылі, і калі параўноўваць, то, напрыклад, сьвечка там падавалася вялікім прагрэсам — да канца 1930-х палілі лучыны, уяўляеце? Прыходзілі бабулі зь ніткамі, з пражай; шылі, ткалі, размаўлялі. А дзед увесь час ходзіць і адну за адной мяняе, устаўляе падрыхтаваныя лучыны, каб жанчынам было сьвятлей. Такое вось сярэднявечча. Прыехалі ў Горадню — а тут ужо газоўкі, раскоша. А праз год ці два ўвогуле электрычная лямпачка загарэлася, фантастыка нейкая. Якое ж тут параўнаньне.

Што яшчэ ўрэзалася ў памяць? У 1944-м паўсюль гучала толькі польская мова, практычна нічога беларуска-расейскага не было: і на кірмашы, і ў крамах, і на вуліцы — усюды гаварылі па-польску. Ну дык ясна, колькі там мінула пасьля ўзьяднаньня? Праўда, неўзабаве, як вайна скончылася, пачалі жыхароў высяляць у Польшчу. Палякі на вакзал прыганялі таварнякі, людзі туды грузіліся і ад’яжджалі. Нават памятаю, мы з мамай таксама хадзілі да чыгункі, куплялі ў іх некаторыя рэчы, бо ўсё вывезьці з сабой было немагчыма: прадавалі практычна за бесцань, каб хоць нешта выручыць. Вось так пачыналася пасьляваенная Горадня».

Чэмпіёнскі куток
Чэмпіёнскі куток

«Каб ня спорт, прагрымеў бы ў літаратуры»

Яшчэ зь дзяцінства ўлюбёным заняткам Рэнальда Кныша было складаць вершы. На яго перакананьне, каб не вялікі спорт, яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму мог бы стаць досыць вядомым паэтам. У ягоным актыве і без таго нямала друкаваных збораў, а жывапіснай мясьціне над Нёманам, якая пасьля столькіх жыцьцёвых прыгодаў стала роднай, нават прысьвяціў лірычную паэму «Мой горад Гродна»:

«Цяпер ужо ня столькі пішу, колькі дадаю, падпрацоўваю, рэдагую, выпраўляю, зьмяняю. У тым ліку і тое, што пачынаў пісаць яшчэ ў школьныя ды студэнцкія гады. Праўда, потым ужо спорт схапіў, закруціў, не даваў пярэдыху. Каб спортам не заняўся, то столькі б усяго напісаў! Але спорт у мяне адбіраў увесь лепшы час — найперш, калі сам трэніраваўся, па-другое, калі стаў трэнэрам. Я калі пачаў трэніраваць, дык за 20 гадоў амаль ніводнага годнага верша не напісаў. У самы, можна сказаць, творчы пэрыяд».

Рэнальд Кныш пра тое, чаму не памяняў Горадню на сытае замежжа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:12 0:00
Наўпроставы лінк

Карэспандэнт: «Так пра гэта гаворыце, як быццам расчараваныя, што займаліся спортам...»

«Цяжка цяпер пра нешта шкадаваць. Але ведаю, што каб займаўся толькі творчасьцю, у мяне было б неймаверна шмат працаў. Вядома, цяпер шмат што ўдасканалена, выпраўлена, дададзена. Я першыя паэмы пачаў пісаць ледзь не ў дзіцячыя гады, і каб працягваў у тым жа духу, то быў бы плён. Аднак спорт столькі адымаў часу, думак, сіл, што маральная і фізычная стома не давала займацца любімай справай. Па два разы на дзень трэніраваўся, хацеў дабіцца самых лепшых вынікаў у сьвеце. Бо за што я ў гімнастыцы ні браўся — і як спартовец, і як трэнэр — хацеў стаць самым лепшым, самым выбітным, самым знакамітым. Зрэшты, выявілася, што каб стаць гімнастам № 1, у мяне не было патрэбнага здароўя. Я рэўматык, а рэўматызм, як кажуць, ліжа суставы і кусае сэрца. Тым ня меней я сябе проста вымотваў: дома зрабіў сабе снарады — кольцы, перакладзіны, брусы, іншыя прыстасаваньні — на нешта спадзяваўся, але марна...»

Рэнальд Кныш нарадзіўся ў 1931 годзе ў мястэчку Капыль на Меншчыне. Ратуючыся ад рэпрэсіяў, у 1937-м галава сям’і Іван Пятровіч перавозіць жонку Любоў Ціханаўну і дзяцей Зарэму і Рэнальда пад Жлобін, у вёску Старая Рудня. З пачаткам вайны — эвакуацыя ў пасёлак Лапаз Чкалаўскай вобласьці. У 1944-м — вяртаньне ў Беларусь і пераезд у Горадню, куды бацьку накіравалі загадчыкам аддзелу адукацыі. У 1950-м скончыў СШ № 1 і паступіў на фізыка-матэматычны факультэт мясцовага пэдінстытуту, праз год перавёўся ў Менскі інстытут фізкультуры. Ад 1953-га — трэнэр па спартыўнай гімнастыцы ў гарадзенскай ДСШ № 3. Вучаніцы Кныша прынесьлі зборнай СССР пяць залатых мэдалёў Алімпіядаў: Алена Ваўчэцкая стала першай гарадзенскай алімпійскай чэмпіёнкай, а Вольга Корбут — першай жанчынай СССР з тытулам «Лепшая спартоўка сьвету». Заслужаны трэнэр БССР і СССР, заслужаны дзеяч фізычнай культуры Беларусі. Выдаў шэраг паэтычных збораў і вершаваных раманаў. Аўтар дапаможнікаў «Як рабіць алімпійскіх чэмпіёнаў», «У цені спорту» і г.д.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG