Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Радзюк — майстар, які экіпіруе беларускіх чэмпіёнаў


Як шыюць беларускую амуніцыю для тайбаксёраў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00
Наўпроставы лінк

У байцоўскай амуніцыі з тутэйшым лягатыпам ALEH трэніруюцца і б’юцца адзінаборцы, уганараваныя на спаборніцтвах самага высокага рангу. Больш за два дзясяткі гадоў таму выраб абутку, пальчатак, масак, бандажоў, панцыраў, лапаў, шчытоў, грушаў ды іншых тавараў для двубою наладзіў мянчук Алег Радзюк — сам у мінулым каратыст і баксёр. Уся прадукцыя — ручной работы, інфармацыйнае суправаджэньне — беларускамоўнае.

Нягледзячы на занятасьць у хатняй майстэрні, спадар Радзюк бярэ ўдзел у грамадзкім жыцьці: не прапускае талаку ў Курапатах, выходзіць на шэсьці на Дзяды ды Дзень Волі, падтрымлівае моўна-спартовы фэст «Мова Cup». На важных культурніцкіх імпрэзах Алега Радзюка можна сустрэць як «сэк’юрыці ў вышыванцы».

Гутарка з майстрам — у атачэньні швейных машынак, скураных «паўфабрыкатаў» і гатовых вырабаў. Антураж, адпаведны стылістыцы продкаў-ваяроў, — партрэты выбітных беларускіх дзеячаў, бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня».

— Алег, выраб спартовай амуніцыі — асноўны занятак?

— Так, ужо 20 зь нечым гадоў...

— Калі столькі гэтым займаесься, значыць, ёсьць попыт?

Любы занятак будзе прыносіць прыбытак, калі няма, як ва ўсялякіх паразытычных структурах, мноства клеркаў, якія нічым не займаюцца, а грошы пры гэтым атрымліваюць немалыя.

— Вядома. Наагул, попыт будзе для любых вырабаў, калі ты ўяўляеш кантынгент людзей, для якіх працуеш, і калі вакол цябе няма розных прыдуркаў, якія твой імпэт тармозяць. У такім разе любы занятак будзе выгадны і патрэбны — ці гэта нейкі тавар, ці разьвядзеньне расьлін, і г.д. Карацей, любы занятак будзе прыносіць прыбытак, калі няма, як ва ўсялякіх паразытычных структурах, мноства клеркаў, якія нічым не займаюцца, а грошы пры гэтым атрымліваюць немалыя.

— Спажыўцы выключна беларускія ці геаграфія больш шырокая?

— Ой, спажыўцы іншым часам трапляюцца літаральна з другога канца сьвету. Напрыклад, нядаўна мае лапы паехалі ў Лас-Вэгас: хлопец наш, сам беларус, паехаў туды працаваць. Завітаў, як быў на пабыўцы, купіў у мяне: кажа, і нашмат таньнейшыя, і больш трывалыя. Так што кліенты самыя розныя. Ну, а па Беларусі амаль што ў кожнай залі ўжо ёсьць.

— І гэта менавіта адзінаборствы, канкрэтныя дысцыпліны?

— Так: бокс, тайскі бокс, рукапашны бой. Двубой, адным словам.

— Звычайна калі набываюць, то адразу камплект?

— Зусім не, усё залежыць ад таго, дзеля чаго, дзеля якіх мэтаў. Прыкладам, калі людзі нашага ўзросту, то можна ўзяць проста пальчаткі і «лапы», каб паміж сабой папрацаваць і па «лапах». Калі, скажам, аддаеш займацца ў сэкцыю сына, лепш ужо надзець і маску, а як гэта тайскі бокс, то і ногі варта абараніць. Людзі ж усялякія: іншы проста павесіць мех, каб проста крыху яго пабіць, дрэнную энэргію выплюхнуць.

Алег Радзюк у хатняй майстэрні
Алег Радзюк у хатняй майстэрні

— Асартымэнт — ад мяхоў і да...

— Ну, што звычайна, чым людзі займаюцца? Вось мех для боксу. Бярэш мех — значыць, неабходныя пальчаткі снарадныя. Прыкрыць галаву — адпаведна, не забывайцеся пра маску. Абараняюць корпус — надзяюць так званы «панцыр». Байцу патрэбныя пальчаткі, трэнэру — «лапы». Абараніць ногі — калі ласка. Карацей, асартымэнт звычайны, з гадамі ён не асабліва і мяняецца. Іншая справа, што ёсьць вырабы больш прыгожыя, якія лепш пасуюць да анатоміі цела. Тут, вядома ж, я не «number one» у сьвеце, ёсьць крутыя фірмы, як Everlast, Adidas, Prince.

— Але коштам твае, мабыць, больш даступныя? У «разы» — не перабольшаньне?

— Цяжка сказаць, у колькі разоў ці на колькі працэнтаў. Справа ў тым, што кожны выраб можа быць скураны, а можа — са штучнага матэрыялу. Так што іншым часам і ня так ужо каб вельмі танна, але галоўнае, што трывала. Але, само сабой, калі параўноўваць з такімі вядомымі вытворцамі, то ясна, што дзешавей. Хоць, пахвалюся, на трываласьці гэта ніяк не адбіваецца. Таму і я задаволены, і хлопцы таксама.

— А дзяўчаты? У адзінаборствах апошнім часам более прадстаўніц нібыта слабой паловы. Для іх ёсьць нейкія адмысловыя «мадэлі»?

Беларусы, па вялікім рахунку, байцы па прыродзе, мы ж тут усё жыцьцё біліся — то з маскалямі, то з германцамі, то з татарамі, з кім толькі не даводзілася.

— Для дзяўчат адно, што ёсьць, — «панцыр», адпаведны жаночай анатоміі. Праўда, я такога не вырабляю і ўвогуле ня раіў бы дзяўчатам ісьці ў бокс. Вядома, крута, але, як і жаночай штангай, гэтым займацца ня трэба. Так мне здаецца. Дзяўчаты павінны быць замужам, нараджаць, даглядаць дзяцей. Само сабой, добра, калі ў іх ёсьць нейкая цікавая прафэсія, толькі я не лічу цікавым заняткам бокс для жанчыны — яна ж ня будзе займацца ім усё жыцьцё? Хлопец можа, пакуль ёсьць здароўе, а жанчына — не, на ёй сям’я. Так што я супраць жаночага боксу, жаночай штангі — тых відаў, якія проста небясьпечныя для жаночага здароўя. У прынцыпе, любы спорт на высокім узроўні небясьпечны і цяжкі, аднак гэты — асабліва. Беларусы, па вялікім рахунку, байцы па прыродзе, мы ж тут усё жыцьцё біліся — то з маскалямі, то з германцамі, то з татарамі, з кім толькі не даводзілася. Аднак ёсьць пэўныя прыярытэты для разьвіцьця нацыі — сям’я, дзеці. Ну, а хто будзе займацца сям’ёй, дзецьмі? Жанчына! Муж павінен грошы зарабляць. Так закладзена самой прыродай.

— А хто сярод вядомых спартоўцаў, экіпіраваных ад ALEHa?

— Вядомыя? Найперш нашы чэмпіёны ў тайскім боксе — Юрась Булат, Зьміцер Варац ды іншыя. Зразумела, што на рынгу яны б’юцца ў вырабах больш вядомых марак, але для трэніровак, для працы зь дзецьмі, для тых, хто толькі пачынае — гэта сама тое. Бо калі ты жадаеш экіпіравацца індывідуальна, то, безумоўна, можаш набыць вельмі дарагую рэч, калі толькі для сябе аднаго. Але калі стаіць задача экіпіраваць нашмат большую колькасьць людзей, то разумней спыніцца на варыянце таньнейшым і прасьцейшым. Таму як варыянт попытам карыстаецца.

Сталыя кліенты – шматразовыя чэмпіёны Юрась Булат і Зьміцер Варац
Сталыя кліенты – шматразовыя чэмпіёны Юрась Булат і Зьміцер Варац

— То бок твой лэйбл як таварны знак у асяродзьдзі байцоў вядомы добра?

— Так, там жа на кожным вырабе напісана: ALEH, Менск, Беларусь. Усё проста і ўсім зразумела, адкуль гэта ўсё паходзіць. І для бальшыні якраз важна, што гэта наша, сваё. Кожны мой выраб — выключна беларускага паходжаньня.

— Што з канкурэнцыяй? На пачатку 1990-х, калі байцоўскую амуніцыю не было дзе набыць фізычна, саматужнай вытворчасьцю займалася нашмат больш народу...

Канкурэнцыя галоўным чынам з кітайскімі вытворцамі, увогуле з прывазным таварам. Але зь імі таксама можна канкураваць, бо ў іх скура штучная, дый усё астатняе не найвышэйшай якасьці.

— Па вялікім рахунку, за выключэньнем майго калегі, зь якім колісь мы разам і пачыналі, ніхто гэтым не займаецца. Найперш, справа з шэрагу ня вельмі простых і прыемных, таму ў нас галоўным чынам перапрадаюць — гэта прасьцей і з нармальным наварам. А штосьці зрабіць самому — даволі цяжка. Таму канкурэнцыя галоўным чынам з кітайскімі вытворцамі, увогуле з прывазным таварам. Але зь імі таксама можна канкураваць, бо ў іх скура штучная, дый усё астатняе не найвышэйшай якасьці. У нас жа тут усё збольшага натуральнае, з гарантыяй. І галоўнае — на месцы, заўсёды можна ідэальна падагнаць да формы.

— Пастаўшчыкі матэрыялу, наколькі разумею, таксама беларускія?

— Пастаўшчыкі ўсе мясцовыя: скура наша, беларуская, з заводу ў Гатаве. Нават паралён вырабляе фірма ў Лунінцы, дарэчы, адзіная такога кшталту ў Беларусі. Ну, і ўсё астатняе для шыцьця — іголкі, ніткі — не праблема, былі б грошы.

— Алег, за колькі часу вырабляеш «адзінку тавару»?

— За дзьве гадзіны — цалкам рэальна. Мэханізм адладжаны, фактычна даведзены да аўтаматызму. Галоўнае — попыт. Як паказвае дзяржаўны досьвед, зрабіць ня цяжка — на склад вырабляецца шмат і трактароў, і грузавікоў, і камбайнаў. Іншая справа, што іх ніхто не купляе. Таму трэба рабіць моцна, гарантаваць якасьць, браць абавязаньні, што адрамантуеш, калі што ня так, і каб было ня вельмі дорага. Вось і ўсё. Проста, як і ў любой справе. Я ўжо напачатку казаў: галоўнае, каб ня ўтрымліваць на сваёй шыі ўсялякія «палаткі» ды іншых імітатараў кіпучай дзейнасьці.

— Асноўнай памочніцай у справе, наколькі я разумею, жонка?

— Так, Ірына памочніцай. Тут такая справа, што ўсё можна зрабіць самім, вялікіх складанасьцяў ня бачу. Як і любы іншы від дзейнасьці, бо ўсё навокал нас зроблена нечымі рукамі. Галоўнае, каб спрыяльныя ўмовы былі ў дзяржаве, каб людзі маглі сябе рэалізаваць.

Жонка Ірына – першая памочніца ў бізнэсе
Жонка Ірына – першая памочніца ў бізнэсе

— Прадпрыемствы «праганяюць» тавар празь «дзяржпрыёмку». Свой нейкім чынам таксама тэсьціруеш?

— Справа ў тым, што тэхналёгія за 20 гадоў ужо адладжаная. Калі раптам што — і так заўсёды можна прынесьці назад, я адрамантую ці нейкі элемэнт памяняю. Але такое здараецца рэдка, амаль не бывае. Тут крайнасьць іншая — вырабы служаць вельмі доўга. Іншым разам хлопцы самі жартуюць: рабі горш, каб часьцей рвалася, дык больш прадасі (сьмяецца). У мяне падыход іншы: я на месцы, са мной заўсёды можна скантактавацца, дамовіцца, нешта перарабіць па ходу. І ў гэтым вялікі плюс, бо, здараецца, людзі хутка псуюць сабе імідж менавіта з-за таго, што нешта зрабілі ня так, а потым зь імі нельга нешта вырашыць і разабрацца.

— Давялося справу рэгістраваць як прадпрымальніцтва?

— Так, індывідуальнае прадпрымальніцтва, ніякіх складанасьцяў. Цяпер гэта нават яшчэ прасьцей, чым у 1990-я. Адкрыць рахунак у любым банку — самі за цябе біцца будуць, гэта раней трэба было добра пабегаць. Дый з усімі астатнім ніякіх праблемаў: пішаш у выканкам паперу, і яны абавязаныя за тры дні цябе зарэгістраваць.

— На ўзроўні дзяржаўнай вытворчасьці нічога падобнага ў Беларусі няма?

— Няма, вось толькі мой былы калега і я. Ніхто не жадае цяпер нешта вырабляць увогуле: у дзяржаве такая сытуацыя, што атрымліваецца ў любой галіне ці вялізная канкурэнцыя з тымі ж самымі кітайцамі, ці ўвогуле застой у разьвіцьці. Таму галоўным чынам вырабляецца ўсё тое, што і раней. Можам зайсьці ў краму і паглядзець на прыкладзе абутку: шмат і кітайскага, і польскага, і якога заўгодна. Беларускае на гэтым фоне проста губляецца. Але нічога не застаецца, як спрабаваць зьдзівіць — інакш як ты зробіш нешта вартае, калі ня будзеш гэтага нават спрабаваць?

— Чаму беларусы не прадпрымальныя — адрозна ад тых жа кітайцаў?

Узяць, напрыклад, у Эўропе любую краіну: калі пачынаеш справу, апрыёры маеш магчымасьць на льготы, прэфэрэнцыі. Тут нічога падобнага няма ўвогуле. Так што цяжка.

— Ды не, нашы людзі якраз прадпрымальныя, іншая справа, што ўмовы, пра якія я казаў, не зусім спрыяюць. Стараюцца зрабіць, што рэальна атрымліваецца, а атрымліваецца, на жаль, толькі перапрадаць тое ж кітайскае. Сваё, канечне, вырабляюць, але вельмі цяжка, умовы мала адпаведныя. Зноў жа, незразумелы саюз з Расеяй, нейкія іншыя надбудовы. Трэба абараняць сваіх — і вытворцаў, і спажыўцоў. А пра якую абарону гаворка, калі на беларускі рынак пускаецца ўсё без разбору? Ну, і павінна быць падтрымка сваіх, бо за 20 зь лішнім гадоў я ўвогуле ня чуў і ня бачыў ні крэдытаў, нічога такога, чым звычайна карыстаюцца ўсялякія лукамольцы, калі адкрываюць нейкія свае лукамольскія праекты. Падыход выбарковы да асобных катэгорыяў, таму і няма разьвіцьця. Узяць, напрыклад, у Эўропе любую краіну: калі пачынаеш справу, апрыёры маеш магчымасьць на льготы, прэфэрэнцыі. Тут нічога падобнага няма ўвогуле. Так што цяжка. Але можна ўсё роўна.

— Да рэфэрэндуму 1995 году шмат якія каманды пасьпелі перайсьці на форму з гістарычнай сымболікай. Параўноўваючы зь цяперашняй, якая лепшая з эстэтычнага гледзішча?

— Ды якія могуць быць пытаньні — свая форма ці чужая? Колькі беларускай нацыі гадоў? Тысяча з гакам! А колькі гадоў гэтаму чырвона-зялёнаму сьцягу? Таму няма нават пра што казаць.

Галоўны знак якасьці – «Пагоня»
Галоўны знак якасьці – «Пагоня»

— Чаму менавіта ў адзінаборствах, калі параўноўваць зь іншымі відамі спорту, ці не найбольш людзей нацыянальна сьвядомых? Гэта і згаданыя Юрась Булат са сваім выхаванцам Зьмітром Варацам, і Віталь Гуркоў, Зьміцер Валент, іншыя хлопцы.

— Адказ просты — яны больш вольныя. Бо ўсе гэтыя футбалісты ды хакеісты залежныя ад шматлікіх куратараў. А ў дадзеным выпадку хлопцы ўсе свае праблемы і задачы вырашаюць самі, асабліва не разьлічваючы на дапамогу чынавенства. Я не выключаю, што ў нашых іншых структурах — у войску, у міліцыі, у цывільных установах — зноў у адзін дзень перайшлі б на ўсё нашае (на мову, на сьцяг і г.д.). Але ўсе гэтыя людзі залежныя, яны чакаюць каманды. У адзінаборствах людзі вольныя. Зрэшты, як і сам занятак — спорт моцных і мужных.

У адзінаборствах людзі вольныя. Зрэшты, як і сам занятак — спорт моцных і мужных.

— Дзеля справядлівасьці, апошнім часам тых, хто прыхільна выказваецца на адрас роднай мовы, гісторыі, ці не найбольш якраз сярод спартоўцаў: Герасіменя, Станюта, Талай, Радзівонаў, Краўчанка, Драздоўская — прадстаўнікі самых розных відаў...

— Пра што і кажу: усё ж у Беларусі быў адзін з самых высокіх працэнтаў шляхты ў Эўропе. Так што нікуды тое не падзелася, гэта ж гены. Проста побач з намі — зладзейская імпэрыя, прыходзіцца змагацца. Не ў адзін дзень разуменьне прыходзіць, пасьля стагодзьдзяў гвалту.

— Ты адзін з рэдкіх людзей, зьвязаных са спортам, хто рэгулярна наведваецца ў Курапаты. Даніна продкам? Ведаю, што сваякі былі рэпрэсаваныя, сасланыя ў Казахстан, на Калыму...

— Што тут сказаць? Іншыя ня ведаюць, што ў іх у сямі’і адбываецца, а ты хочаш, каб пра Курапаты... Асабіста я раю ўсім там пабываць, можа, тады прачнецца цікавасьць да белых плямаў прынамсі сваіх сямейных гісторыяў — пакуль яшчэ жывыя дзяды, бабулі. Я вось схадзіў у наш менскі архіў на вуліцы Крапоткіна, знайшоў там радавод, знайшоў нават дзедаўскі герб: прозьвішча дзеда — Лабацэвіч, на гербе выява лебедзя. Сямейнага маштабу, але сапраўднае адкрыцьцё. Так і тут: чым больш ты будзеш ведаць, тым мацней будзеш стаяць на нагах. Іншымі словамі, будзе мацнейшая «прышчэпка» і ніякая навалач ня будзе табе расказваць пра «русский мир» ды ўсё астатняе.

Пад ухвальным позіркам палкаводца Касьцюшкі
Пад ухвальным позіркам палкаводца Касьцюшкі

— Алег, і напрыканцы: сам хоць пасьпяваеш займацца спортам?

— Так-так, кожны вечар абавязкова хаджу. Дзень плаваю, дзень з хлопцамі займаемся боксам — акуратна, усё ж мне 51 год. Але абавязкова, штодня. І тут справа ня ў тым, каб жыць доўга ці быць вельмі моцным. Проста каб адчуваць сябе ўпэўнена і быць са сьветлай галавой. Нават пакатацца на ровары, калі няма магчымасьці заняцца чымсьці ў залі. Так што спорт у розных яго праявах — абавязкова.

Алег Радзюк нарадзіўся ў Менску ў 1963 годзе. Пасьля школы паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут, дзе вывеў на прынцыпова новы ўзровень дзіцячае захапленьне адзінаборствамі: спачатку займаўся каратэ, потым пераключыўся на бокс. Працаваў электрыкам, інжынэрам-наладчыкам, падключаў новыя заводы ў Казахстане, Літве, ва Ўкраіне. На пачатку 1990-х кінуў дзяржаўную службу і разам зь сябрамі-спартоўцамі пачаў шыць амуніцыю для двубояў, якой заўсёды бракавала ў вольным доступе. Прадукцыя вядомая пад гандлёвай маркай ALEH. З жонкай Ірынай маюць двух дзяцей: сын скончыў БДУІР і вывучае япаністыку ў Варшаўскім унівэрсытэце, дачка пасьля Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа — таксама ў Варшаве, вучыцца ў Гандлёвай школе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG