Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя экспэртаў і сюрвэераў на транспарце» Юры Важнік патлумачыў Свабодзе, як адаб’юцца на Беларусі транзытныя войны з удзелам Расеі.
Масква сёньня спыніла перасоўваньне ўкраінскіх грузавых аўтатранспартных сродкаў па тэрыторыі РФ. У адказ на гэта Кіеў пастанавіў прыпыніць транзытныя перамяшчэньні грузавых аўтамабіляў з Расеі па тэрыторыі Ўкраіны. Раней ва Ўкраіне грамадзкія актывісты самастойна блякавалі праезд грузавых аўтамабіляў з расейскімі нумарамі. Акрамя таго, доўжыцца канфлікт паміж Расеяй і Польшчай у справе аўтаперавозак (бакі не ўзгаднілі квоты дазволаў на праезд фураў).
Усё гэта ўжо выклікала павелічэньне чэргаў на беларуска-літоўскай мяжы, бо расейскія перавозчыкі вымушаныя цяпер ехаць у Эўропу празь Літву.
На думку Важніка, для беларускіх перавозчыкаў цяперашняя сытуацыя мае як свае плюсы, так і мінусы.
«Як заўсёды, гэта рэч двухбаковая. З аднаго боку, гэта магчымасьць для разьвіцьця. Калі на рынку канкурэнты абмяжоўваюцца ў пляне шляхоў і камунікацыяў, то ствараюцца кропкі росту, кропкі магчымасьцяў. З гэтага пункту гледжаньня ў цяперашняй сытуацыі ёсьць пэўны патэнцыял.
Зь іншага боку, трэба разумець, што транспарт — гэта не самастойная галіна, а галіна, якая абслугоўвае. Калі горш абслугоўваюцца эканомікі і суседніх краін, і нашай, то гэта спрыяе стагнацыі», — кажа ён.
У цэлым Важнік лічыць, што істотна на сытуацыю з грузаперавозкамі ў Беларусі цяперашнія расейска-ўкраінскі і расейска-польскі транспартныя канфлікты не паўплываюць:
«Я думаю, што гэта досыць лякальная падзея. Такіх абмежаваньняў было досыць шмат. У доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта, на мой погляд, ніяк не паўплывае на сытуацыю зь перавозкамі ў Беларусі. Але гэта стварае дадатковыя магчымасьці для беларускіх перавозчыкаў, якімі можна скарыстацца. У цэлым жа нічога добрага ў транспартных абмежаваньнях няма», — падкрэсьліў экспэрт.