Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Растопчын: Сталы мужык з гітарай бясьсільны перад маладымі поп-дзівамі


Аляксандар Растопчын
Аляксандар Растопчын

Аляксандар Растопчын — адзін з найбольш пасьпяховых беларускіх музыкаў за межамі краіны. Экс-гітарыст хард-рок-гурту «Сузор’е» і ВІА «Песьняры» ад пачатку 1990-х жыве ў Нью-Ёрку, запісваецца на ўласнай студыі, здымае відэакліпы, выступае на супольных канцэртах з блюз-рокавымі выканаўцамі, вырабляе абсталяваньне для музычнай індустрыі.

Летась упершыню за некалькі гадоў Аляксандар Растопчын наведаўся ў Беларусь. Апроч сустрэчы са сваякамі і блізкімі сябрамі, у прысталічных лясах адзьняў беларускі кавалак антуражу для трансатлянтычнага роліка: песьня No Trouble з элемэнтамі лёгкай эротыкі ўжо на youtube.com і сабрала больш за паўтысячы праглядаў ды праслухоўваньняў. Дарэчы, вакальную партыю дыстанцыйна ўзяў на сябе іншы музычны «мігрант» Алег Мінакоў — лідэр некалі папулярнага гурту «Рублёвая зона», які блізу двух дзясяткаў гадоў жыве ў Бэльгіі.

А пад калядна-навагоднія сьвяты гітарыст-віртуоз прадставіў на суд публікі яшчэ адну працу «by Rastop» — кавэр Since I’ve Been Loving You. Відэа датавана 1 студзеня 2016-га. Як Аляксандар Растопчын, які акурат сёньня адзначае 59-ты дзень нараджэньня, пачувае сябе за акіянам і чым запомнілася нядаўняе падарожжа ў Беларусь?

No Trouble. Music and video by Alexander Rastopchin. Vocal Oleg «Jagger» Minakov. 18+

Суразмоўца напаўжартам кажа, што ягоны «амэрыканскі віраж» быў закладзены яшчэ ў маленстве. Чым яшчэ патлумачыць той факт, што ангельскую мову яму пачалі ставіць яшчэ да школы?

«Яшчэ да спэцшколы, калі мне было 6 гадоў, бацькі зь незразумелай прычыны нанялі жанчыну-рэпэтытара. Яна прыходзіла і ставіла мне вымаўленьне, паказвала, як трымаць язык, каб „выляталі“ патрэбныя гукі. Праўда, усё, што мы вучылі, было тыпова ангельскае — і ў вымаўленьні, і ў напісаньні. Ніякай амэрыканскай спэцыфікі, хоць у Амэрыцы вельмі істотна ўсё зьмянілася, фактычна іншая мова. Мужнасьці не набяруцца назваць яе амэрыканскай, усё роўна яна як бы ангельская. І ўсё ж яны розныя, іншыя. Безумоўна, што ангельцы з амэрыканцамі адзін аднаго разумеюць, але чутны акцэнт, а ў некаторых выпадках вымаўленьне і напісаньне іншае. Пры гэтым амэрыканцы лічаць, што гэта іншыя ўсё няправільна робяць, ня толькі размаўляюць. Зь іх гледзішча, толькі яны робяць усё так, як трэба».

А ці можна параўнаць узровень палітызаванасьці амэрыканца і беларуса? У якой частцы сьвету грамадзкія інтарэсы ставяцца вышэй за асабістыя, а ў якой наадварот?

«Палітыкай у Амэрыцы сапраўды мала займаюцца. Але ж тут таксама гэта не нацыянальная адметнасьць. Ну што значыць займацца палітыкай? Прынамсі нешта рабіць. А людзі ў асноўным толькі балбочуць пра гэта. Як было і ёсьць ва ўсе часы: хтосьці за таго, хтосьці за гэтага і г.д. Палітыка кухоннага фармату. Таму, як на маё перакананьне, адзінае, што ў сьвеце яшчэ засталося і аб’ядноўвае людзей, — гэта якраз музыка. То бок людзі могуць граць у адным аркестры і быць абсалютна рознымі ва ўсім астатнім. Але музыка — той фактар, які, на мой погляд, яшчэ спрацоўвае. Хоць, дзеля справядлівасьці, сама музыка сышла ў такі гушчар, што асабіста мне цяжка ўспрымаць працэсы, якія цяпер адбываюцца ў музычным сьвеце. У папулярным сэнсе...»

Аляксандар Растопчын жыве ў Нью-Ёрку, дае прыватныя ўрокі як гітарыст, выступае ў блюзавых клюбах, вырабляе прыстасаваньні для апрацоўкі гуку, наладжвае музычную апаратуру. Запісваўся і выступаў з такімі калектывамі і выканаўцамі, як Фрэнкі Пэрыс, Дзюран Дэніэл, Дэвід Грос, Джон Макалуза, Глен Бранка, Лора Берман, Робэрт Чарльз, Average White Band, Mark The Harper, Moose and The Bulletproof Blues Band ды іншымі. А ў якім статусе больш камфортна адчуваў сябе ў Беларусі?

Since I’ve Been Loving. Cover and video by Alexander Rastopchin. 18+

«Цяжка адназначна сказаць, таму што камфорт умоўны. Можна казаць, што прафэсійную дзейнасьць я пачынаў у „Сузор’і“, а дагэтуль граў у вясельных аркестрах — у нас зь сябрам Ігарам Дахіным быў бэнд, зь якім па вясельлях мы аб’езьдзілі ўсю Беларусь. І гэта таксама пэрыяд з шэрагу незабыўных. Потым я трапіў у „Сузор’е“, быў пэрыяд, калі мы гралі ў кавярні „Сузор’е“, затым быў філярманічны склад „Сузор’я“, і гэта ўжо пачалася, скажам так, афіцыйная кар’ера. Слова, якое я ня моцна люблю, але датычна да музычнага бізнэсу ў Менску ўжываць яго можна. Пасьля гэтага працаваў у Віктара Вуячыча, і, па вялікім рахунку, усё гэта складана разьдзяліць, бо кожны этап быў свайго роду адукацыяй, як своеасаблівы ўнівэрсытэт. Таму мне падабаўся бэнд Аляксея Казлоўскага, які называўся „Ўнівэрсытэт“. У ім якраз закладзена цікавае значэньне — як быццам вечная вучоба, ты па жыцьці вечны студэнт. Так яно насамрэч і ёсьць».

Малады гітарыст эпохі «Песьняроў»
Малады гітарыст эпохі «Песьняроў»

Наўрад ці можна сумнявацца, што адзін з самых важных этапаў ва ўсёй музычнай кар’еры суразмоўцы — гэта гады, праведзеныя ў ансамблі «Песьняры». Аляксандар Растопчын кажа, што па першым часе нават акрэсьліў задачу на «выжываньне»: удасца справіцца з праграмай Уладзімера Мулявіна — будзе сапраўдным гітарыстам:

«Як я прыйшоў „сырым“ у прафэсійным сэнсе ў „Сузор’е“, такім жа „сырым“ трапіў потым і ў „Песьняры“. Справа ў тым, што ўвесь час трэба мець на ўвазе падвышэньне ўзроўню патрабаваньняў. Асабліва гэта адчуваецца, калі прыходзіш у новы ансамбль: ня ведаеш ні праграмы, ні нюансаў у калектыве. Ня кажучы ўжо пра тое, што элемэнтарна баісься, рукі трасуцца. Нібыта ўсе ўсё ведаюць, а ты навічок, на цябе глядзяць. Ніякавата сябе адчуваеш. То бок, такія этапы. Дагэтуль памятаю свае першыя гастролі зь „Песьнярамі“ ў Харкаве. Палац спорту, 10 тысяч гледачоў; выконвалі ваенную праграму, у якую тады, так сказаць, толькі ўпісваўся. Дык вось мы жылі ў гатэлі, і я дзень і ноч граў, займаўся, практыкаваўся. І думаў: калі ўсё гэта перажыву, то стану добрым гітарыстам. Прынамсі, паставіў сабе такую задачу. Перажыў. Ня ведаю, ці стаў добрым, але дакладна стаў лепшым».

З колішніх «песьняроў» Аляксандар Растопчын падтрымлівае сяброўскія адносіны з Валерыем Дайнекам. Іншыя кантакты збольшага эпізадычныя. А вось з калегамі па «Сузор’і» сувязі нават больш трывалыя — зь іншым амэрыканцам Аляксеем Казлоўскім часьцяком выбіраюцца на амэрыканскую рыбалку:

«Падчас майго яшчэ ранейшага прыезду ў Менск з Казлоўскім-старэйшым — Андрэем — нават разам сыгралі. З „Сузор’я“ таксама сустракаўся з барабаншчыкам Андрэем Філатавым, ён цяпер працуе па розных клюбах з кавэрбэндам „Хуткая дапамога“. Андрэй Казлоўскі таксама грае па клюбах, гэткая канцэртная міграцыя. Раней як было? У рэстаране „Плянэта“ быў адзін склад, у „Юбілейнай“ — іншы. А цяпер усе пастаянна мяняюцца. Але, зноў жа, гэта тэндэнцыя для ўсяго сьвету, стабільнасьці такой няма. Усё робіцца хісткім, як картачны домік, трэба пастаянна бегаць з аднаго месца ў другое. Тое ж, дарэчы, і ў Нью-Ёрку: былі пастаянныя, папулярныя клюбы, а цяпер узялі і пазачыняліся. Таму ўсюды поўная непрадказальнасьць».

Too Much Alcohol — in memory of Rory Gallaghe

Запытваю ў суразмоўцы, у чым прычына таго, што звыклыя і збольшага прадказальныя схемы дзейнасьці паступова разбураюцца? Пераходзяць дарогу высокія тэхналёгіі?

«Ды не, думаю, што гэта глябальная праблема; разьвіцьцё цывілізацыі, трансфармацыя тых ці іншых працэсаў. Насамрэч усё мяняецца. Але калі паглядзець на праблему таго ж айфона, то яна сапраўды ёсьць. Асабіста для мяне гэта адна з найвялікшых праблемаў. Людзі паступова ператвараюцца ў робатаў. Як усё толькі пачыналася, зьявіліся першыя мабільнікі, ужо тады стала трывожна: сядзіш, а хтосьці табе гучна ў вуха лаецца з жонкай. Гэта былі першыя прыкметы таго, што нешта тут ненармальна. Зараз заходзіш у Нью-Ёрку ў мэтро — усе сядзяць і як зомбі глядзяць у свае апараты. Ажываюць, калі пальцам трэба тыкнуць нейкую функцыю. Ніхто адзін з адным не размаўляе, ніхто не ўсьміхаецца і не глядзіць у вочы. Вось такая сыстэма. У Беларусі замбаванасьці крыху меней — проста, мабыць, ня столькі айфонаў, смартфонаў. Але тэндэнцыя авалодвае ўсё большай колькасьцю душаў. Шмат людзей з нармальных, кантактных і вясёлых ператварыліся ў тых, якія пастаянна глядзяць у экран і ціснуць: будуць сядзець з табой, адказваць, але адначасова глядзець туды і нешта рабіць. Калі так размаўляюць са мной, асадак застаецца вельмі непрыемны. Чалавек нібыта з табой, але некуды глядзіць і пальцам, як кажуць, дрочыць — ня ведаю, як па-беларуску, мабыць, гэтак жа (сьмяецца). Проста адзін з прыкладаў, а яны паўсюль».

Сумесны праект Аляксандра Растопчына і Алега «Джагера» Мінакова Oleg Jagger & Rastop «Father Of My Son»

Інтэрнэт — ня толькі тэхнічныя выгоды, але і сапраўдны галаўны боль для музыкаў: які сэнс купляць дыскі-кружэлкі, калі амаль усё можна спампаваць у сеціве? Як з гэтым змагаецца Аляксандар Растопчын?

«Усё правільна, хоць, калі падумаць, раней было нешта падобнае. Дапусьцім, аматары музыкі, мэляманы заўсёды нечым абменьваліся: пласьцінкі, магнітафонныя катушкі, касэты. Але пры гэтым людзі ўсё роўна куплялі і кружэлкі, і касэты. І музычны бізнэс быў нармальны, таму што паралельна былі канцэрты, былі фэстывалі і г.д. Вядома, у СССР не было такой індустрыі пласьцінак, як на Захадзе — чым больш прадавалася, тым больш з „залатой“ ці „плацінавай“ кружэлкі артысту „капала“. Цяпер сытуацыя іншая: нават калі адкінуць інтэрнэт і проста ўявіць, што нехта запісаў нейкі гіт і хоча яго прадаць, то канчатковы прыбытак будзе вельмі малы. Сытуацыя склалася наадварот: усе, хто робіць грошы — як тыя ж „Ролінг Стоўнз“ ці іншыя „монстры сцэны“ — робяць грошы за кошт канцэртаў. То бок зьбіраюць стадыёны, і квіткі страшна дарагія. Гэта рэальны варыянт зрабіць грошы. А крадуць? Ну, так, крадуць. Таксама праблема, канечне».

Калі далёка ня ўсе заходнія ідалы могуць сабраць стадыёны, то што ўжо казаць пра беларускіх артыстаў зь лякальным статусам? Як вынік, людзі ўсё жыцьцё на нешта спадзяваліся, а ў перадпэнсійным веку мусяць зарабляць па вясельлях ды клюбах:

«Ад гэтага нікуды не падзецца, бо эканамічны бок надзвычай важны. Але калі казаць пра Беларусь, то людзі ў пэўны час проста перастаюць ствараць. На жаль, гэта так, а трэба пастаянна рухацца. Сам я ў гэтым сэнсе вельмі неспакойны, увесь час нешта раблю, хоць у бальшыні выпадкаў мала хто гэта разумее — цяжка ацаніць па паверхні. Цяпер ёсьць праблемы з прыцягненьнем увагі. 5 сэкунд паслухаць — гэта ўжо добра, потым увага пераключаецца на іншае. Каб сесьці і выслухаць ад пачатку да канца хоць адну песьню ў добрай якасьці — няма ні жаданьня, ні магчымасьці. Справа ў тым, што ў ЗША ні ў кога няма апаратуры. У моладзі няма дома нармальных калёнак, прайгравальнікаў, пласьцінак, калі пра штосьці зусім простае. Айфон стаў стандартам усяго, кампрэсаваны фармат МР3 — гэта цяпер стандарт усёй музыкі. Народ папросту не разумее розьніцы паміж некампрэсаваным і кампрэсаваным фарматам. Не кажу пра калёнкі, блізкія да студыйных. То бок — у студыі запісаўся, табе парамэтры выставілі, і ўсё гучыць, як Deep Purple. А потым гэта зьнікае, бо слухаюць і глядзяць на youtube праз маленькі лэптоп, на якім усё гучыць, як звычайны п...ж: няма ні басу, ні частотаў, глядзяць карцінку. А як можна з карцінкай перамагчы Лэдзі Гагу ці Нікі Мінай зь вялікімі цыцкамі? Гэтых канкурэнтаў ніяк не адолееш, паказваючы сталага мужчыну з гітарай...»

Аляксандар Растопчын нарадзіўся 9 студзеня 1957 году ў Алма-Аце. У 1964-м сям’я пераехала на радзіму маці ў Магілёў, дзе Аляксандар пайшоў у 1 клясу спэцыялізаванай школы з ангельскім ухілам. У 1979-м скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «дызайн і тэхналёгія радыёэлектроннай апаратуры». Пачынаў інжынэрам-дызайнэрам на заводзе электронных вылічальных машын імя Арджанікідзэ, паралельна граў у гурце «Ўнівэрсытэт» Аляксея Казлоўскага. Ад 1982-га па 1984-ты выступаў у хард-рок гурце «Сузор’е». Цягам 1984–85 гадоў — у ансамблі «Тоніка», дзе атрымаў запрашэньне ўзмацніць гітарную групу ансамбля «Песьняры». Пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна працаваў да самага ад’езду ў ЗША ў 1993 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG