Праваабаронца з «Вясны» Леанід Судаленка ад сваякоў даведаўся пра завядзеньне супраць яго крымінальнай справы па артыкуле 361 прым. 4 Крымінальнага кодэксу — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Судаленка кажа Свабодзе, што яму невядома дакладна, якую частку гэтага артыкулу інкрымінуюць, але мяркуе, што гаворка пра другую частку, у якой вядзецца пра паўторнасьць.
«У мяне ўжо ёсьць судзімасьць па гэтым артыкуле, таму будзе паўторнасьць, а значыць, пагражае яшчэ 7 гадоў няволі», — сказаў праваабаронца.
Судаленка расказаў, як яму стала вядома пра справу.
«Ніякай паперы з Беларусі асабіста не атрымаў і наўрад ці атрымаю. Проста ўчора сьледчыя прыйшлі да цёшчы, дзе я прапісаны. Гэта вёска Бабовічы. Адзін са сьледчых назваў сваё прозьвішча — Семянцоў. Сказаў, што трэба скласьці пратакол пра тое, што мяне няма па месцы рэгістрацыі. Паклікалі двух сьведак, склалі пратакол. І патлумачылі, што на мяне заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу аб садзейнічаньні экстрэмізму», — распавёў Ленаід Судаленка.
Гэта ўжо другая справа супраць Леаніда Судаленкі, заведзеная на яго завочна, у эміграцыі, а ўвогуле трэцяя. Паводле першай справы праваабаронца адбыў у няволі 2 з паловай гады, вызваліўся з калёніі «Віцьба-3» улетку 2023 году і неўзабаве з’ехаў з Беларусі, дзе яму зноў пагражала зьняволеньне.
«Зьехаў за мяжу і мог замаўчаць, каб не было больш непрыемнасьцяў, але адразу сказаў сабе, што маўчаць ня буду. Таму мяне і перасьледуюць, бо не проста дзялюся сваімі заўвагамі і думкамі, а важна — з кім дзялюся. Прыкладам, вось як праваабаронца камэнтую становішча з правамі чалавека ў Беларусі для „Радыё Свабода“, а гэтае мэдыя там прызнанае „экстрэмісцкім“. За тое і помсьцяць», — мяркуе пра прычыны завядзеньня новай справы Леанід Судаленка.
Праваабаронца сьцьвярджае, што сілавікі парушаюць ягоныя правы, калі перасьледуюць зь Беларусі.
«Жыву ў Літве цалкам на законнай падставе і цяпер гэта справа літоўскага правасудзьдзя, каму я што камэнтую, як сябе паводжу. У літоўцаў да мяне прэтэнзіяў няма, а вось беларускія праваахоўнікі лічаць, што маюць права мяне перасьледаваць за дзейнасьць у Літве. Гэта цалкам незаконна»,— мяркуе Судаленка.
Папярэдняя завочная справа, заведзеная супраць Судаленкі па тым жа 361 артыкуле, закончылася для яго прысудам пра 5 гадоў зьняволеньня. Праваабаронца не выключае, што могуць завесьці яшчэ не адну справу.
«Ужо маю завочныя 5 гадоў, цяпер яшчэ дададуць 7. Год таму яны дадалі ў кодэкс, што можна складаць тэрміны па сукупнасьці ажно да 30 гадоў. Таму, калі вярнуся ў Беларусь пры гэтай уладзе, дык пасадзяць і буду сядзець да глыбокай старасьці. Але ня думаю, што гэтак у іх атрымаецца. Веру, што вярнуся раней і вярнуся разам з адноўленай канстытуцыйнай законнасьцю, і тады адкажуць як раз тыя, хто цяпер зьдзекуецца з законаў», — сказаў Леанід Судаленка.
У лістападзе 2021 году Леаніда асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Ён цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю ў 2023 годзе.
Былы палітвязень эміграваў у Літву, аднак рэпрэсіі супраць яго не спынілі. У 2024 годзе праваабаронцу завочна асудзілі за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» на 5 гадоў калёніі.
Форум