Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Распад СССР — гэта самы мяккі распад імпэрыі ў чалавечай гісторыі», — экспэрт з Армэніі


Аляксандар Іскандаран
Аляксандар Іскандаран

Краіны былога СССР сёньня нічога не абʼядноўвае, акрамя неабходнасьці ўлічваць геапалітычны фактар Расеі.

Такое меркаваньне агучыў дырэктар Інстытуту Каўказу (Ерэван) Аляксандар Іскандаран на канфэрэнцыі ў Менску, прысьвечанай 25-годзьдзю распаду СССР.

На ягоную думку, распад СССР быў непазьбежны, і пры гэтым адбыўся максымальна мірна.

«Распад СССР — гэта самы мяккі распад якой-небудзь імпэрыі ў чалавечай гісторыі. Я не магу згадаць іншага такога мяккага распаду. Пры тым, што я, заўважце, з краіны, якая ў выніку распаду СССР перажыла вайну», — сказаў ён.

Іскандаран лічыць, што тэрмін «постсавецкая прастора» з навуковага пункту гледжаньня штучны — у культурным, сацыяльным і палітычным сэнсе ніякай агульнай прасторы на тэрыторыі былога СССР не існуе. Армянскі экспэрт зьвярнуў увагу на тое, што сам тэрмін, які выкарыстоўваюць адносна тэрыторый былой імпэрыі, унікальны, бо нікому не прыходзіла ў галаву казаць пра нейкую постбрытанскую прастору, постатаманскую ці нейкую іншую постімпэрскую прастору.

«Павінна існаваць прыкмета, якая б абʼядноўвала гэтую прастору. Але гэтай прыкметы няма. Культура? Але нават калі браць такую базавую прыкмету, як веданьне расейскай мовы, то, напрыклад, нельга параўноўваць Таджыкістан і Беларусь. Культурны код? Так, старэйшае пакаленьне жыло ў СССР, і ў іх ёсьць гэтыя культурныя коды, але гэта абсалютна ня тычыцца маладога пакаленьня. Палітыка? Немагчыма параўноўваць палітычныя сыстэмы, напрыклад, у Эстоніі і Туркмэністане, Армэніі і Азэрбайджане», — мяркуе экспэрт.

Іскандаран упэўнены, што адзіная агульная для ўсіх постсавецкіх краін рыса — гэта неабходнасьць улічваць фактар Расеі.

«У цэнтры нашай прасторы знаходзіцца, краіна, якая па памеры, насельніцтве, эканамічным і вайсковым патэнцыяле большая за ўсе краіны былога СССР, разам узятыя. Любая постсавецкая краіна існуе ў кантэксьце вызначэньня сваіх адносінаў з Расеяй. Да Расеі можна ставіцца кепска, але ігнараваць яе існаваньне немагчыма», — кажа ён.

У інтэрвію Свабодзе дырэктар Інстытуту Каўказу (Ерэван) Аляксандар Іскандаран выказаў думку, што і сам тэрмін «постсавецкая прастора» адносна хутка проста зьнікне.

— Вядома, ён існуе ў грамадзкай дыскусіі, бо існуюць людзі, якія вырасьлі ў СССР, у якіх фільм «Іронія лёсу, або Зь лёгкай парай», салата аліўе і расейская мова — гэта частка культурнага коду, які іх абʼядноўвае, і нейкі тэрмін для ўсяго гэтага трэба выкарыстоўваць. Але з навуковага пункту гледжаньня гэты тэрмін нічога не апісвае — ён зьнікне з масавага дыскурсу пасьля адыходу старэйшага пакаленьня. Гэтая рэальнасьць адыходзіць. Як ніхто ня згадвае, напрыклад, у Чэхіі, што яны ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугорскай імпэрыі — цяпер гэта проста гістарычны факт. Так будзе і ў нас.

— Вы кажаце пра тое, што постсавецкай прасторы дэ-факта не існуе, а існуюць зусім розныя нацыянальныя інтарэсы краін былога СССР. Ці азначае гэта, што інтэграцыйныя праекты ў нашым рэгіёне могуць быць толькі сілавымі па сваёй сутнасьці?

— Зусім не. Сытуацыю трэба разглядаць у дынаміцы. Краіны вызначаюцца са сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, і цалкам зразумела, што яны розныя. Але гэта ня значыць, што інтэграцыя не патрэбная. Яна ўсё роўна будзе адбывацца ў тых сфэрах, якія тыя ці іншыя дзяржавы цікавяць — і, дарэчы, гэтая інтэграцыя закранае ня толькі краіны былога СССР. Напрыклад, галоўны гандлёвы партнэр Армэніі — гэта Эўразьвяз. А ў сфэры бясьпекі наш галоўны партнэр — Расея, мы сябры АДКБ. То бок існуе разыходжаньне прыярытэтаў у розных праблемах. Безумоўна, краіны шукаюць узаемавыгадных стасункаў паміж сабой, але не таму, што яны выйшлі зь нейкай агульнай постсавецкай прасторы, а таму, што гэта адпавядае іх нацыянальным інтарэсам. У гэтым сэнсе ў Армэніі ёсьць шмат інтарэсаў у адносінах з Расеяй, але адначасова ёсьць шмат інтарэсаў і ў адносінах з Іранам, які ні ў які Савецкі Саюз не ўваходзіў. А вось з Азэрбайджанам у нас сытуацыя, мякка кажучы, ня самая лепшая. Таму інтэграцыйныя мадэлі могуць быць пэрспэктыўнымі, але толькі калі яны грунтуюцца на нацыянальных інтарэсах.

— Але на практыцы мы бачым, што нацыянальныя інтарэсы, напрыклад, Украіны і Грузіі дыктуюць неабходнасьць выбару на карысьць эўрапейскай інтэграцыі, а гэта, у сваю чаргу, выклікае незадаволенасьць Расеі, якая ня хоча адпускаць на Захад краіны былога СССР. Ці магчымы тут наагул мірны выхад з гэтага канфлікту інтарэсаў?

— Разумееце, выйсьці могуць быць рознымі. Украіна і Грузія дэманструюць досыць падобны спосаб выхаду з гэтай сытуацыі: рэзкая канфрантацыя і сыход. У выніку Расея бярэ частку і страчвае цэлае. Гэтая частка потым ператвараецца для Расеі ў «чамадан бяз ручкі». Што рабіць з Паўднёвай Асэтыяй і Абхазіяй? Што рабіць з Данбасам і Крымам? Няма сумневаў, што на істотны гістарычны пэрыяд цэлае — Украіну і Грузію — Расея палітычна страціла. Што, у сваю чаргу, зусім не абавязкова добра будзе ўплываць на разьвіцьцё Ўкраіны і Грузіі. Але пасьля войнаў і тэрытарыяльных зьменаў стасункі ўжо будуць іншымі.

На мой погляд, канфрантацыі будуць заўсёды, але яны магчымыя за сталом перамоваў, а не са зброяй у руках

Другі шлях — гэта спроба працаваць на абодвух франтах. Так, напрыклад, робіць Армэнія. Гэта не заўсёды атрымліваецца, гэта вельмі цяжка — на Захадзе Армэнію лічаць прарасейскай, а ў Расеі празаходняй. Але гэта спосаб выжываньня. Мне здаецца, апошнім часам гэтак сама спрабуе рабіць і Беларусь. Праўда, для Беларусі гэта рабіць у пэўным сэнсе больш складана ў сілу прыроды рэжыму, стаўленьня да яго Захаду і ў прынцыпе геаграфічнага фактару. Але тое, што спрабуе цяпер рабіць Беларусь — гэта менавіта спроба не разрываць сувязі. Паглядзім, ці атрымаецца гэта.

На мой погляд, канфрантацыі будуць заўсёды, але яны магчымыя за сталом перамоваў, а не са зброяй у руках.

Праўда, яшчэ ёсьць краіны, у якіх апрыёры няма пэрспэктывы выбару паміж Захадам і Расеяй. Побач з Таджыкістанам зусім іншыя гульцы — Кітай, ісламскі сьвет, Расея.

— Сярод экспэртаў ня раз агучваўся тэзіс, што сёньня Масква ўзяла курс на аднаўленьне СССР у той ці іншай форме. Ці ёсьць у гэтай палітыкі будучыня?

— Будучыні няма, гэта абсалютна немагчыма. Аднавіць СССР немагчыма. СССР быў даволі спэцыфічнай канфігурацыяй, якая ўзьнікла ў спэцыфічных умовах. Аднавіць гэта немагчыма хаця б таму, што немагчыма аднаўленьне аўтаркічнай эканомікі. Гэта і сто гадоў таму ажыцьцявіць было вельмі цяжка — у першыя дзесяцігодзьдзі СССР існаваў выключна за кошт масавай рабскай працы. У сталінскія часы СССР быў падобны да Старажытнага Эгіпту, а цяпер гэта проста бессэнсоўна, бо немагчыма такім чынам разьвіваць электроніку, новыя тэхналёгіі і г.д.

Савецкі Саюз разваліўся, бо мусіў разваліцца. На момант 1991 году, на момант Віскулёў, паміж Армэніяй (якая фармальна яшчэ не была незалежнай краінай) і Азэрбайджанам ішла сапраўдная вайна. Пра што тут можна казаць? Вядома, СССР распаўся і аднавіцца ня можа. Як ня можа аднавіцца Рымская імпэрыя, Брытанская, Атаманская і г.д.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG