Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«СНД быў і застаецца мёртванароджанай структурай»


Ці выканала СНД за 25 гадоў сваю ролю інтэгратара на постсавецкай прасторы?

Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі.

Глод: Роўна 25 гадоў таму, 8 сьнежня 1991 году, былі падпісаныя Белавескія пагадненьні аб спыненьні існаваньня Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Гэты дзень штогод дае падставу для гарачых дыскусіяў. Хтосьці лічыць, што без Віскулёў Савецкі Саюз чакаў непазьбежны югаслаўскі сцэнар. Хтосьці абвінавачвае тагачасных кіраўнікоў Беларусі, Расеі, Украіны ў здрадзе Радзіме. Хтосьці мяркуе аб трагічнай памылцы. Хтосьці спрабуе даказаць, што Віскулі — гэта праект Злучаных Штатаў Амэрыкі і гэтак далей.

Але ўсё гэта мінулае, і гісторыю ўжо не перапішаш. Таму, мне падаецца, калегі, нам больш важна абмеркаваць іншы аспэкт гэтай важнейшай гістарычнай падзеі — а менавіта: ці выканала Садружнасьць Незалежных Дзяржаў за чвэрць стагодзьдзя свайго існаваньні сваю ролю інтэгратара на постсавецкай прасторы? Бо СНД як раз і стваралася дзеля таго, каб былыя савецкія рэспублікі нейкім чынам працягвалі сваю супрацу. Дарэчы, Аляксандар Лукашэнка сёньня ў віншавальныя пасланьні лідэрам краін СНД зрабіў акцэнт менавіта на аб’яднальнай ролі Садружнасьці. Ён адзначыў, што пагадненьне аб стварэньні СНД стала адпраўной кропкай інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы: «За чвэрць стагодзьдзя, абапіраючыся на прынцыпы павагі нацыянальных прыярытэтаў і свабоды волевыяўленьня дзяржаў-удзельніц, Садружнасьць сфармавалася як сучасная рэгіянальная супольнасьць, якое ўлічвае інтарэсы ўсіх бакоў».

Ня ведаю яшчэ адной такой арганізацыі, у якой такі дзіўны прынцып існаваньня — падпісваем усё, альбо амаль усё, а выконваем толькі тое, што жадаем.

Але ці сапраўды гэта так? Я думаю, не. Рэальным інтэгратарам Садружнасьць так і не стала. Доказаў таму мноства. Цяжка знайсьці яшчэ адзін прыклад міжнароднай структуры, якая прыняла б такую велізарную колькасьць дакумэнтаў, значная частка якіх дагэтуль не працуе. Я шчыра кажучы, ня ведаю яшчэ адной такой арганізацыі, у якой такі дзіўны прынцып існаваньня — падпісваем усё, альбо амаль усё, а выконваем толькі тое, што жадаем. А на тое, што не падабаецца, не зьвяртаем увагі. Альбо такі прыклад. Нейкі час Садружнасьцю кіраваў Туркмэністан. Той самы Туркмэністан, які ніколі не зьяўляўся паўнавартасным сябрам СНД, а толькі асацыяваным.

Кіраўнікі краін, якія ўваходзяць у СНД, разумеюць, што нешта трэба мяняць. Сёлета ў верасьні прынятае канцэптуальнае рашэньне аб адаптацыі Садружнасьці да сучасных рэаліяў. Калі я пра гэта даведаўся, то адразу згадаў словы Ўладзімера Гаркуна, які больш за дзесятак гадоў працаваў намесьнікам выканаўчага сакратара садружнасьці. Пару-тройку гадоў таму ён, адказваючы на пытаньне пра рэфармаваньне Садружнасьці, ня вытрымаў і сказаў: «Колькі я памятаю СНД, столькі яна рэфармуецца».

Кагосьці прыцягвае Брусэль, кагосьці — Масква, кагосьці — Пэкін.

Грузія Садружнасьць пакінула. Украіна пакідае. Можна задацца пытаньнем: а чаму іншыя так ня робяць? Мне падаецца таму, што камунікацыйная пляцоўка, прэзыдэнцкі клюб пакуль патрэбныя. Аднак, я думаю, што хутка і тут пачнуцца істотныя зьмены. Ужо ж бачна, што розныя краіны СНД ідуць рознымі шляхамі: хто эўрапейскім, хто эўразійскім. Кагосьці прыцягвае Брусэль, кагосьці — Масква, кагосьці — Пэкін. А Азэрбайджан з вядомых прычынаў наагул схіляецца да Анкары. Да таго ж канфрантацыя з Украінай адштурхоўвае ад Масквы многія краіны, якія ўваходзяць у сфэру яе ўплыву.

Маё меркаваньне такое: СНД ня выканала ролю інтэгратара постсавецкай прасторы і ўжо ніколі яе не выканае. Праз пэўны час, думаю, цягам бліжэйшых гадоў 15-ці Садружнасьць наагул спыніць сваё існаваньне. Ці згодныя вы з гэтым, калегі?

Гурневіч: Садружнасьць незалежных дзяржаваў стала ў пэўным сэнсе пабочным прадуктам барацьбы за ўладу паміж Ельцыным і Гарбачовым. У 1991 годзе мала заставалася да таго, каб абвесьціць Садружнасьць Сувэрэнных Дзяржаў. Гэтае канфэдэрацыйнае ўтварэньня плянавалася стварыць 9 сьнежня. Сталіца павінна была быць у Менску. Аднак 8 сьнежня Ельцын ініцыяваў падпісаньне Белавескага пагадненьня і аказаўся за крок наперад ад Гарбачова. І інструмэнтам гэтай барацьбы аказалася СНД.

Гэтая арганізацыя першапачаткова плянавалася, відавочна, як нейкі СССР-лайт, дэмакратычная і лібэральная форма савецкага саюзу. Але маладыя дзяржавы так захапіліся незалежнасьцю, адчулі ад самастойнасьці такі «кайф», што не асабліва і хацелі добраахвотна ісьці ў новы саюз. Ды і ў грамадзтве, здаецца, не было асаблівага жаданьня Прынамсі балтыйскія краіны адразу скарысталіся момантам, каб скінуць з сябе гэты савецкі ланцуг. Маскве было не да гэтага. Унутраныя супярэчнасьці не дазвалялі ёй хутка ўзяцца за аднаўленьне савецкай імпэрыі. І таму СНД атрымалася такім не да канца патрэбным усім утварэньнем. Гэта не было тады мэйнстрымам, як цяпер можна казаць.

СНД існуе сёньня выключна як прэзыдэнцкі клюб, плятформа для перамоваў.

Паколькі ніхто сурʼёзна не інвэставаў у СНД ані часу, ані грошай, яна не магла стаць аналягам ЭЗ. Эканамічныя пытаньні постсавецкія краіны навучыліся вырашаць самі. Самастойная палітыка, без уплыву нейкага цэнтру, больш плённая. А вядома, што гэтым цэнтрам выступала б як заўсёды Масква. І прымаць палітычныя рашэньні праз Маскву новым дзяржавам таксама не хацелася. У выніку СНД існуе сёньня выключна як прэзыдэнцкі клюб, плятформа для перамоваў. Здавалася б, што і ў такой форме павінны быць ад гэтага пэўныя плюсы. Але нават у такой форме СНД засьведчыла сваю неэфэктыўнасьць. Гэта паказвае рэакцыя Садружнасьці на вайну ў Грузіі і Ўкраіне, то бок яе адсутнасьць. Уявіце сабе, што на тэрыторыі Эўразьвязу адбываецца ўзброены канфлікт, а краіны ніяк на гэта не рэагуюць.

Усё гэта сьведчыць аб адным: СНД зьяўляецца практычна мёртвай арганізацыяй. Яна ня толькі ня стала інтэгратарам постсавецкай прасторы, яна ня здольная рэагаваць на любыя выклікі. Яна зьяўляецца толькі пляцоўкай да сустрэч на якіх, як паказвае гісторыя самітаў СНД, не прымаюцца ніякія важныя рашэньні.

Каліноўскі: Нейкі час на СНД сапраўды ўскладвалі надзеі, што гэтая структура, абвешчаная 25 год таму ў Віскулях, будзе інтэгратарам постсавецкіх дзяржаў. Але жыцьцё хутка паказала, што былыя рэспублікі ня хочуць інтэгравацца, хоць часам і гавораць пра гэта, а хочуць разьвіваць уласную дзяржаўнасьць, супрацоўнічаць зь іншымі цэнтрамі сілы, тымі ж Эўразьвязам, ЗША ці Кітаем. Так што гэтыя былі марныя і непатрэбныя спадзевы. А вось спадзеў на тое, што СНД стане структурай, якая мірна разьвядзе новыя незалежныя дзяржавы ад было мэтраполіі, быў патрэбным. І вось з гэтай асноўнай задачай, трэба прызнаць, СНД у цэлым ня справіўся.

Хоць спачатку нібыта ўсё ішло мірна, Віскулі, саміты, розныя дамовы, але імпэрскія сілы заўжды чакалі магчымасьці рэваншу, і канфлікты, пераважна інсьпіраваныя Расеяй, успыхвалі на розных ускраінах дзяржаў СНД.

СНД упарта не заўважае праблемы постсавецкіх краінаў, войны і акупацыі.

Але гэтая фактычна мёртвая структура СНД упарта не заўважае праблемы постсавецкіх краінаў, войны і акупацыі. І выхад Украіны нават з назіральнікаў у СНД шмат аб чым сьведчыць.

За 25 гадоў СНД ні разу не давёў, што ён неабходны і рэальна дапамагае.

Мяркую, што СНД быў і застаецца мёртванароджанай фальшывай структурай, якая так і не здолела выканаць сваю галоўную функцыю — мірны развод постсавецкіх краінаў, так і зараз ёю застаецца, хоць здавалася б СНД можна ўдзельнічаць у міратворчых перамовах па Украіне, выказацца пра акупацыю Данбасу і анэксію Крыму, уплываць на армяна-азэрбайджанскі канфлікт, Прыднястроўе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG