Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі мініятурыст зьмясьціў Багдановіча ў квадратны мілімэтар


У кнізе фарматам мілімэтар на мілімэтар, якую Анатоль Канянко перадаў Беларускаму музэйнаму фонду, — 18 вершаў Максіма Багдановіча.

Беларускі музэйны фонд атрымаў ад расейскага мініятурыста Анатоля Канянко самы маленькі зборнік вершаў Максіма Багдановіча. Гэта сапраўдная кніга памерам мілімэтар на мілімэтар, прачытаць якую можна толькі пад мікраскопам. Каб пагартаць, трэба мець адмысловыя інструмэнты.

На адной са старонак можна прачытаць, напрыклад, такі верш:

Месяц круглы ўстаў на небе,
Блішчыць невысока,
Ўвесь чырвона-жоўты, быццам
Пугачова вока.

3ь мілым, задушэўным зыкам
Важкі хрушч лятае;
Пра няшчаснае каханьне
Нехта запявае.

Разам з кніжкай майстар перадаў афіцыйны герб Беларусі, выкананы на шкарлупінцы кедравага арэху.

Кніга Багдановіча ўваходзіць у сэрыю мікралітаратуры розных краінаў сьвету, апавёў Свабодзе майстар Анатоль Канянко:

«Задуманая сэрыя мініятурных кніг мілімэтар на мілімэтар розных паэтаў на розных мовах. Ёсьць кніга расейскага паэта на расейскай мове, нямецкага паэта на нямецкай мове, беларускага — на беларускай. У гэтай сэрыі цяпер дараблю на ангельскай, па Расеі буду рабіць паўночную паэзію, у Сургуце прэзэнтацыю буду рабіць, каўкаскіх народаў будзе сэрыя — Чачэнія, Інгушэція...

Цяжка абраць было паэта, бо трэба ж некага аднаго, вось абраў Багдановіча. Як сёньня можна пазнаёміцца з творчасьцю чалавека, седзячы недзе ў Сыбіры? Паглядзеў усё, што ёсьць у інтэрнэце на расейскай мове, потым паглядзеў, што ёсьць па-беларуску, потым паглядзеў, што па фармаце падыходзіць для кнігі, бо там мноства нюансаў. Так сам абраў усе вершы.

Цяпер досьвед у мяне ўжо нармальны, таму месяца паўтара-два ідзе на выданьне адной кнігі ад пачатку да канца. Але гэта тыражная кніга, усе формы і клішэ ў мяне засталіся. Адна кніга ў вас засталася, а магу зрабіць другую для сваёй калекцыі, калі трэба, магу яшчэ выдаць, яны будуць аднолькавыя. Я ўсе кнігі так раблю: не адразу наклад выдаю, рыхтую ўсё, а калі трэба — надрукаваў і пераплёў».

Кніга вершаў Багдановіча — ня самая маленькая з твораў майстра. Сярод ягоных вырабаў, напрыклад, ёсьць кнігі пра знакі задыяка і астралягічныя сымбалі плянэтаў памерам 0,1×0,1 мм. Акрамя таго, Канянко займаецца і іншымі мікрамініятурамі — ад сантымэтровай бас-гітары Scorpions ці фігуркі маленькага футбаліста ростам 4,2 мм да сапраўднай падкаванай блыхі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG