Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея залье Беларусь гарэлкай


Пра такую небясьпеку заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі начальнік упраўленьня Беларускага дзяржаўнага мытнага камітэту Павал Лабачоў. Ён сказаў, што ў студзені на беларускіх межах зафіксавана новая тэндэнцыя ў перамяшчэньні кантрабандных тавараў — перавоз у Беларусь вялікай колькасьці расейскай гарэлкі. Гэта пагражае і здароўю беларусаў, і нацыянальным эканамічным інтарэсам.

У студзені 2015 году, распавёў Павал Лабачоў, у Беларусь кантрабандай пачалі завозіць вялікую колькасьць расейскай гарэлкі:

«З улікам палітыкі цэнаў, якая цяпер праводзіцца Расеяй, пачалі зьяўляцца выпадкі, якіх, скажу вам шчыра, раней не было. Гэта даволі вялікая колькасьць расейскай гарэлкі (падробленай і арыгінальнай). Зноў зьяўляецца вадкасьць, у якой утрымліваецца сьпірт, якая даволі рэдка ўвозілася летась. І трэба прызнаць, што гэта ўяўляе істотную небясьпеку для жыхароў Беларусі».

«Гэта — сапраўды новая тэндэнцыя. Але гэта толькі самы пачатак: і гарэлкі будуць з Расеі везьці болей, і іншых тавараў таксама», — тлумачыць кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Расейскі рубель стаў удвая таньнейшы за даляр. А беларускі рубель апусьціўся толькі на 30%. Ну няхай на 50%. Таму я ўжо ў сьнежні пісаў і рабіў прагноз: пачынаючы са студзеня, пасьля яшчэ большай дэвальвацыі расейскага рубля, пачнецца рэвэрсійны рух. Усё, што мы раней прадавалі ў Расею, — мяса, малако, каўбаса, гарэлка ды іншае — усё цяпер будзе ісьці да нас з Расеі. Рэвэрс. Пачалося гэта з гарэлкі. А далей пойдзе па нарастаючай. Пакуль мужыкі возяць гарэлку. Пасьля будуць вазіць селядзец, пасьля — сала, пасьля — бульбу».

Усё, што мы раней прадавалі ў Расею, — мяса, малако, каўбаса, гарэлка ды іншае — усё цяпер будзе ісьці да нас з Расеі

А вось папрокі расейскіх мытнікаў на свой адрас кіраўнікі Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі назвалі «неаб’ектыўнымі і неабгрунтаванымі». Яны заявілі, што істотна дапамагаюць сваім расейскім калегам у справе кантролю за рухам санкцыйных тавараў. Паводле беларускіх мытнікаў, гучная затрымка фураў з радыёэлектроннай прадукцыяй, якая ішла з Калінінградзкай вобласьці празь Беларусь, была зроблена ў рамках закону. Цяпер гэтая справа разглядаецца ў судах.

Беларускія мытнікі лічаць, што свае прэтэнзіі расейцы павінны накіроўваць найперш санітарным і вэтэрынарным службам. Пра гэта заявіў сёньня Павал Лабачоў:

«З пачатку ўвядзеньня санкцыяў на гэтай падставе былі вернутыя на тэрыторыю суседніх дзяржаваў каля тысячы транспартных сродкаў, якія не прапусьцілі на тэрыторыю Мытнага саюзу. Што тычыцца публікацыяў, дзе казалася пра фітасанітарны кантроль, то можна канстатаваць — памылкі, мабыць, былі. Я магу сказаць, што гэта ня болей за 20–25 выпадкаў. Таму прызнаваць, што ў Беларусі не існуе кантролю, я лічу неаб’ектыўным і неабгрунтаваным».

Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што ў Масквы і Менску няма даверу адзін да аднаго:

«Гаворка ідзе пра ўзаемны давер, пра агульныя інтарэсы абедзьвюх краін. Калі Расея ўводзіла свае санкцыі на харчовым фронце, яна спадзявалася, што гэта балюча ўдарыць па эўрапейскіх краінах.

Зразумела, Масква чакала, што будуць нейкія спробы абысьці гэтыя санкцыі. І яе чапляе, што гэта робіцца з боку Беларусі, якая павінна быць найлепшым сябрам. Ну, а Беларусь павінна нечым адказваць, бо адначасова з рээкспартам трапляе пад раздачу і беларуская харчовая вытворчасьць. Таму Менск шукае несымэтрычныя адказы, якія б таксама зачапілі Расею і далі зразумець, што трэба шукаць нейкага выйсьця з гэтага становішча».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG