Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Раманчук прапанаваў Радзе па разьвіцьці прадпрымальніцтва

абноўлена

Яраслаў Раманчук, архіўнае фота
Яраслаў Раманчук, архіўнае фота

Эканаміст Яраслаў Раманчук, якога ўключылі ў дзяржаўную Раду па разьвіцьці прадпрымальніцтва, на першым паседжаньні яе новага складу 24 кастрычніка зрабіў шэраг прапановаў, што Рада мае разглядзець на наступным паседжаньні, перадае БелаПАН.

— Распрацаваць маніфэст Рады пра прынцыпы яе дзейнасьці і ўзаемадзеяньня ў дзяржаве.

— Правесьці аналіз эфэктыўнасьці цяперашняй дзяржаўнай палітыкі па структурнай перабудове і мадэрнізацыі эканомікі.

— Прааналізаваць, што цяпер з інстытутам прыватнай уласнасьці, і прадставіць ураду рэкамэндацыі па яго кардынальнаму ўмацаваньню.

— Весьці «белую кнігу» парушэньняў правоў уласнасьці, каб забясьпечыць рэакцыю дзяржаўных органаў на кожнае такое парушэньне і паспрыяць іх ліквідацыі ў дасудовых перамовах.

— Прааналізаваць падатковую сыстэму і яе ўплыў на канкурэнтаздольнасьць эканомікі і стымуляваньне прадпрымальніцкай дзейнасьці, ацаніць пэрспэктыўнасьць цяперашніх падатковых льготаў.

— Прааналізаваць перашкоды для атрыманьня Беларусьсю ад Эўразьвязу статусу краіны з рынкавай эканомікай.

— Штогод даваць для ўсіх дзяржаўных органаў кіраваньня справаздачу «Аб стане беларускага прадпрымальніцтва».

Абноўлена. Пазьней Раманчук апублікаваў таксама дзьве прапановы не па працы самой Рады, а па рэформах заканадаўства: даць права ўключаць уступны і сяброўскі ўнёскі ў затраты па вытворчасьці і скасаваць абавязковую статыстычную справаздачу для малых прадпрыемстваў.

А рада будзе працаваць?

Раней у інтэрвію Свабодзе Раманчук казаў, што любы дзяржаўны орган, калі прадстаўляць у ім сваю пазыцыю адкрыта і абгрунтоўваць яе навукова, можа быць карысным, але згадваў, што меў сумны досьвед працы ва ўрадавай камісіі па краінавым маркетынгу, калі праца была зробленая, «але нікому гэта не было патрэбна».

«Папярэдні склад рады амаль нічога не зрабіў для таго, каб бізнэсовы і інвэстыцыйны клімат у Беларусі стаў лепшым, каб нацыянальнае прадпрымальніцтва стала новай магутнай крыніцай эканамічнага росту і разьвіцьця, — кажа Раманчук БелаПАН. — Значыць, радзе трэба працаваць па-новаму. Падобна, гэтае меркаваньне падзяляюць усе яго ўдзельнікі».

Раманчук прапануе паглядзець на вынікі працы абноўленай рады пазьней, «пакуль у яе ёсьць славутыя 100 дзён для пачатку і раскруткі ейнай дзейнасьці». Удзельнікаў Рады ён называе «заслужанымі людзьмі»: маўляў, каб рабіць бізнэс у беларускіх умовах, трэба мець надзвычайныя таленты. Пра новага кіраўніка Рады Аляксандра Турчына Раманчук кажа, што той «салідарны зь бізнэс-супольнасьцю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG