5 кастрычніка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі аднагалосна прынялі праект бюджэту на 2017 год у другім чытаньні. Падчас галасаваньня ў залі было 100 дэпутатаў з 110, і 98 прагаласавалі «за». Два народныя абраньнікі ня ўдзельнічалі ў галасаваньні.
Як адзначыла старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна, «самае важнае — сфармаваны рэалістычны бюджэт з улікам тых умоў, у якіх працуе эканоміка Беларусі. Гэта вынік кампрамісаў палітычных, эканамічных і сацыяльных інтарэсаў», — цытуе дэпутатку БелТА.
Раней бюджэт дэпутаты зацьвярджалі ў сьнежні. Сёлета вельмі сьпяшаліся прыняць яго ранейшым складам парлямэнту. Каб прыняць дакумэнт у першым чытаньні, хапіла 40 хвілін. Тады 98 дэпутатаў прагаласавалі «за», два дэпутаты былі супраць, 5 не галасавалі, задалі толькі адно пытаньне. У другім чытаньні бюджэт прыняты аднагалосна і яшчэ хутчэй. Старшыня парлямэнцкай камісіі па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна патлумачыла гэта тым, што, маўляў, «дэпутаты актыўна прымалі ўдзел ва ўсіх стадыях, актыўна абмяркоўвалі, уносілі заўвагі і прапановы, асобныя зь якіх знайшлі сваё адлюстраваньне».
Эканаміст Яраслаў Раманчук аналізаваць лічбы, закладзеныя ў бюджэт, адмовіўся — маўляў, няма сэнсу, у сьнежні іх давядзецца карэктаваць. А што тычыцца самой працэдуры прыняцьця, выказаў такое меркаваньне:
Вось старшыня камісіі кажа, што актыўна дэпутаты працавалі, таму так аднагалосна, бяз спрэчак і прынялі бюджэт. Нічога яны не працавалі
«Вось старшыня камісіі кажа, што актыўна дэпутаты працавалі, таму так аднагалосна, бяз спрэчак і прынялі бюджэт. Нічога яны не працавалі. Дэпутаты Палаты пятага скліканьня займаліся тым, чым і дэпутаты папярэдніх складаў — кнопканацісканьнем. Беларускія парлямэнтары — гэта, так бы мовіць, „дэпартамэнт“ пацьверджаньня праектаў дакумэнтаў, якія прысылаюць ім з ураду і Адміністрацыі прэзыдэнта, і іншай функцыі ніхто ім не дазволіць. І думаць ім таксама забаронена. Так што Палата прадстаўнікоў — ня месца для дыскусій. Праца дэпутатаў заключаецца ў тым, што яны прыходзяць у гэтую Авальную залю і ціснуць кнопкі, а потым кажуць пра „рэалістычнасьць і сацыяльную скіраванасьць бюджэту“.
Калі бюджэт прымаецца ў такім стылі — сьпешна, адыходзячым складам парлямэнту, на падставе дадзеных, як спрацавала эканоміка ў першым паўгодзьдзі (а гэта мінус 3%), калі ніхто ня кажа, за кошт чаго беларуская эканоміка ў наступным годзе вырасьце на 1,7% ВУП, то тады да гэтага бюджэту, гэтага закону такое ж стаўленьне, як да казкі пра белага бычка ці да „Алісы ў залюстроўі“. Вось гэта беларускае „залюстроўе“ працягваецца, і дэпутаты — частка пэрформансу, які ўжо даўно ладзіць Аляксандар Лукашэнка.
Так што прымалі яны бюджэт за 15 хвілін ці за 40 хвілін — якая розьніца? Тыя, хто не ўвайшоў у новы склад парлямэнту і сёньня ціснуў кнопку апошні раз, заклапочаныя, дзе знайсьці працу. І што — яны чатыры гады ціснулі на кнопку „за“, а на разьвітаньне будуць нешта пярэчыць? Такога ня будзе.
Я лічу, што няма сэнсу сёньня абмяркоўваць лічбы, закладзеныя ў бюджэт, бо ў сьнежні трэба будзе іх пераглядаць
Я лічу, што няма сэнсу сёньня абмяркоўваць лічбы, закладзеныя ў бюджэт, бо ў сьнежні трэба будзе іх пераглядаць — у кантэксьце беларуска-расейскага напружаньня, або калі ня дасьць грошай Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця (бо можа ня даць). Лукашэнка патрабуе пазытыву і аптымізму — вось дэпутаты дзяжурны аптымізм і дэманструюць. А паколькі за невыкананьне паказчыкаў нікога не звальняюць, можна што заўгодна прыняць. Чаму рост ВУП закладзены толькі на 1,7%? Можна было і ўтапічныя 4% намаляваць, маўляў, „мы зноў выйгралі ў крызісу“. Гэты бюджэт — не для абмеркаваньня эканамістамі. Трэба, каб у нас свой Жванецкі зьявіўся! Вось было б добра!»
І ўсё ж некалькі лічбаў з дакумэнту. Прафіцыт бюджэту ў 2017 годзе складзе 1 мільярд 496,2 мільёна рублёў. Даходы, згодна з праектам бюджэту, прадугледжваюцца ў суме 18 мільярдаў 235,2 мільёна рублёў, чаканы рост у параўнаньні з 2016 годам — 6,1%.
Асноўныя крыніцы падатковых даходаў — падатак на даданую вартасьць, акцызы, падатковыя даходы ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Выдаткі па праекце рэспубліканскага бюджэту на 2017 год прадугледжваюцца ў суме 16 мільярдаў 739,1 мільёна, або 98,9% да чаканага выкананьня 2016 году. У дакумэнце прадугледжана павелічэньне заробкаў бюджэтнікам на 9%. Перавышэньне даходаў над расходамі, якое складзе амаль 1,5 мільярда рублёў, накіруюць на пагашэньне зьнешняга дзярждоўгу.
У 2017 годзе пагашэньне дзяржаўнага доўгу складзе 5 мільярдаў 232,2 мільёна рублёў, у тым ліку зьнешняга дзярждоўгу — 2 мільярды 278,6 мільёна рублёў, унутранага — 2 мільярды 953,6 мільёна рублёў.
У бюджэт на 2017 год закладзеная цана на нафту ў 35 даляраў за барэль.