Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР выступіла за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай спадчыны


Рада БНР апублікавала заяву ў падтрымку грамадзкай ініцыятывы аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу статусу аб’екту нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі.

«Бел-чырвона-белы сьцяг — сымбаль руху за незалежнасьць Беларусі, — заяўляе Рада БНР. — Сваімі каранямі ён абапіраецца на старажытныя традыцыі беларускай дзяржаўнай сымболікі. Белы і чырвоны — гэта колеры старажытнага беларускага гербу „Пагоня“, ужо ўнесенага ў сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, а таксама асноўныя колеры сьцягоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай».

Як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі

Рада нагадвае, што сучасная Рэспубліка Беларусь адрадзіла сваю незалежнасьць і зрабілася агульнапрызнаным сябрам міжнароднай супольнасьці ў 1991 годзе менавіта пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Таксама Рада заклікае ня толькі надаць сьцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, але і вярнуць яму статус дзяржаўнага сьцягу. Гэты статус быў зацьверджаны рашэньнем Вярхоўнага Савету Беларусі ад 19 верасьня 1991 году, а затым скасаваны праз рэфэрэндум 1995 году (які, як заяўляе Рада БНР, быў прызначаны незаконна, арганізаваны і праведзены з істотнымі парушэньнямі, таму ня мае юрыдычнай моцы).

За статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці для бел-чырвона-белага сьцягу можна пакінуць подпіс у электроннай пэтыцыі, якую лідэр «Маладога фронту» адрасуе Міністэрству культуры і Нацыянальнай акадэміі навук. Таксама «Малады фронт» прапануе ўсім ахвочым самастойна раздрукаваць падпісны блянк, падпісаць яго і перадаць зьбіральнікам, якіх можна знайсьці штодзень, акрамя нядзелі, а 19-й гадзіне каля выхаду са станцыі мэтро «Кастрычніцкая» з боку «Цэнтральнага» ўнівэрсаму ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG