Зьміцер Гурневіч прапануе:
– «Давайце ўявім сабе сытуацыю, што бел-чырвона-белы сьцяг ізноў прызнаны на дзяржаўным узроўні».
Пятро Пятроўскі:
– «Я лічу, што з-за гэтага магчымая нават рэвалюцыя. З чырвона-зялёным штандарам зьвязаная частка гісторыі станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці ... ".
Рэвалюцыі ўжо адзін раз не было – у 1991 годзе. Калі ўмоўна 15-20% грамадзян радаваліся Б-Ч-Б, большасьць глядзела зь недаверам, але без агрэсіі. Патлумачу чаму: з савецкай сымболікай у беларусаў не зьвязаныя перажываньні асабістага станаўленьня ў жыцьці.
Нават калі пайсьці шляхам разваг Пятра Пятроўскага і адматаць назад амаль на сто гадоў, да часоў «станаўленьня дзяржаўнасьці», карціна вымалёўваецца падобная да сучаснай – людзьмі прымаецца тое, што прапануе больш моцны. Бальшавікі паставілі перад фактам: нас болей, мы мацнейшыя, вось наша сымболіка. Перад тым тое самае было з расейскай манархіяй.
Манархія – важнае слова для разуменьня таго, чаму за Ч-З ніхто масава змагацца ня будзе. Бальшавікі замянілі гаспадара-манарха, паставілі свайго, толькі пад назвай «правадыр». Партыйная сымболіка сталася дзяржаўнай, а дэ-факта манаршымі колерамі.
Казаць «пад гэтымі сымбалямі дзяды ваявалі» – чыстая спэкуляцыя. У Другую сусьветную з тэрыторыі БССР у савецкім войску служыла багата мужчын, якія перад тым юнакамі ваявалі пад штандарамі Расейскай імпэрыі. У іх не пыталіся пра сымболіку.
Упэўнены, што калі сёньня большасьць беларускіх грамадзян называе сваімі афіцыйныя герб і сьцяг, яны дэкляруюць уласную ляяльнасьць да ўлады. Безумоўна, ёсьць і выключэньні. Я часам бачу Ч-З сьцяжкі ў аўтамабілях ці падчас спартовых спаборніцтваў. Але я ня бачу іх так масава, як Б-Ч-Б і нацыянальны арнамэнт, які па-сутнасьці ёсьць закамуфляванай формай нацыянальнай сымболікі.
Роўныя магчымасьці для абедзьвюх вэрсій, сумленная канкурэнцыя? Не! Я ведаю, чаму 19 верасьня ў цэнтры Менску да Дня Сьцяга не было дзясяткаў тысяч сьвяточных людзей. Бо пакуль мала хто верыць у тое, што Лукашэнка можа зьмяніцца. І што яго не пераклініць на масавыя рэпрэсіі як у канцы 2010 – пачатку 2011. Начапіць на сябе нацыянальную сымболіку дагэтуль застаецца сьмелым учынкам. Таму кожны Б-Ч-Б у публічным месцы варты дваццаці і болей Ч-З.
Людзі з Б-Ч-Б у руках маюць асабістую гісторыю станаўленьня як асобаў, як грамадзян. Гэта гісторыі сьмеласьці, прынцыповасьці і пасьлядоўнасьці. Гісторыі адстойваньня сваіх ідэяў незалежнасьці, беларускасьці, грамадзянскасьці і вяршэнства закону. За свае ідэі з Б-Ч-Б у руках людзі ішлі пад дубінкі і арышты. І не ламаліся, і гадавалі сваіх дзяцей у сваіх ідэях. Ужо чвэрць стагодзьдзя.
А якая асабістая гісторыя ў тых, хто гіпатэтычна мог бы адстойваць Ч-З: рызыкаваць здароўем і свабодай дзеля сёньняшняй афіцыйнай сымболікі? Якія ідэі? «Хто больш моцны, таму і служым?», «Кожнаму каралю свой герб?», «Сымболікай сыты ня будзеш?», «Нашто зьмяняць – адно грошы марнаваць?» (дадай сваё).
Ва ўмовах «мяккай беларусізацыі», на якую грамадзтва глядзіць з падазронасьцю – «калі скончыцца?», – новаабраны дэпутат «парлямэнту» Мікалай Улаховіч агучвае простымі словамі афіцыйны падыход да тэмы Б-Ч-Б:
– «Што змагацца за той сьцяг? Гэта ж не ідэя! За беларускую мову — калі ласка».
Бо беларуская мова па вызначэньні ўсіхная. А вось Б-Ч-Б сёньня – знак актыўнай часткі грамадзтва. Таму да нацыянальнай сымболікі ўлада ставіцца вельмі асьцярожна. Учора – вораг, сёньня – ня сябра.
У такой хісткай сытуацыі можна зрабіць як камуністы ў Літве перад канцом СССР. Тады на сьвяты вывешвалі тры сьцягі: СССР, ЛітССР і нацыянальны.
Нам прасьцей – толькі два.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.