Удзельнікі: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў
Карбалевіч: 25 гадоў таму, 19 верасьня 1991 году, Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня надаў «Пагоні» і бел-чырвона-беламу сьцягу статус дзяржаўных сымбаляў. Гэта быў агульны трэнд на постсавецкай прасторы. Усе рэспублікі СССР прымалі падобныя рашэньні. Бо фармаваньне сувэрэнных дзяржаў патрабавала адмову ад савецкай і каляніяльнай спадчыны, стварэньня атрыбутаў нацыянальнай дзяржаўнасьці.
Але толькі ў Беларусі праз чатыры гады ад нацыянальных сымбаляў адмовіліся і фактычна вярнуліся да крыху мадэрнізаваных савецкіх сьцяга і гербу. Гэта адбылося на рэфэрэндуме 1995 года. Адмова ад нацыянальных сымбаляў выконвала некалькі функцый. Тут была і задача зьнішчэньня ў палітычным сэнсе галоўнага палітычнага праціўніка Лукашэнкі — БНФ. Тут была закладзена і ідэя гістарычнага рэваншу, спроба падняць сьцяг рэанімацыі СССР. І адначасова гэта быў крок замацаваньня аднаасобнай улады Лукашэнкі з дапамогай пытаньняў рэфэрэндуму, адносна якіх ён быў упэўнены ў перамозе. Дарэчы, тады сам Лукашэнка не агітаваў за адмову ад нацыянальных сымбаляў, гэта рабілі дзяржаўныя мэдыі, ён казаў: як вырашыць народ.
Пасьля Крыма адбылася маўклівая рэабілітацыя бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня»
Ну а потым з нацыянальнымі сымбалямі расправіліся мэтадамі язычнікаў, як у часы паганства. Бел-чырвона-белы сьцяг на будынку адміністрацыі прэзыдэнта кіраўнік справамі прэзыдэнта Іван Ціцянкоў разарваў на кавалкі. З таго часу гэты сьцяг афіцыйна лічыўся як забароненая сымболіка, за яго выкарыстаньне людзей каралі паводле адміністрацыйнага кодэксу.
Зь іншага боку, нацыянальна-дэмакратычныя сілы выкарыстоўвалі гэты сьцяг як сымбаль супраціву. Пачалася вайна сымбаляў.
І вось толькі цяпер, пасьля Крыма, можна сказаць, што адбылася маўклівая рэабілітацыя бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня». Гэта адбылося ў межах той палітыкі, якую назвалі ў мэдыях «мяккай беларусізацыяй». Цяпер за выкарыстаньне гэтай сымболікі ўжо людзей не караюць. На нядаўнім футбольным матчы зборных Беларусі і Францыі ў Барысаве бел-чырвона-белыя сьцягі луналі разам з афіцыйнымі чырвона-зялёнымі, і ніхто іх не адбіраў.
І цяпер можа пачацца рэальнае спаборніцтва дзьвюх сымболік. На добры лад, цяпер уладам варта было б зрабіць наступны крок: афіцыйна прызнаць нацыянальную сымболіку.
Напрыклад, рэалізаваць такі варыянт. Існы чырвона-зялёны сьцяг захаваць як дзяржаўны, а бел-чырвона-белы абʼявіць нацыянальным сьцягам. І падчас афіцыйных урачыстасьцяў выкарыстоўваць два сьцягі. У некаторых краінах так робіцца. Гэта быў бы важны крок па пераадоленьню расколу беларускага грамадзтва, шлях да агульнанацыянальнага адзінства. А ў будучым, празь нейкі час, калі у краіну вернецца дэмакратыя, можна зноў вынесьці пытаньне аб сьцягу на рэфэрэндум.
Дракахруст: Сапраўды, усё гэта можна было зрабіць. І крок у гэтым накірунку быў зроблены, хай і пад ціскам зьнешніх абставінаў — тое, што забарона на выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцягу была фактычна зьнятая. Але мне здаецца, што наступны крок — нейкае афіцыйнае, дзяржаўнае прызнаньне гэтага сьцягу, зараз не выглядае імаверным.
Улада Лукашэнкі ўсталёвалася ў змаганьні з гэтым сьцягам. І ён не захоча прызнаць, што сьцяг яго прамог
Сацыялягічныя апытаньні на гэты конт даюць розныя лічбы, але паводле іх выразная меншасьць беларусаў лічаць сваімі сымбалямі бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню». А большасьць — цяперашнія афіцыйныя сымбалі. Хай на нечы погляд гэтая большасьць і пасіўная, але яна таксама мае значэньне.
У гэтым сэнсе былі паказальнымі паводзіны Тацьцяны Караткевіч на прэзыдэнцкіх выбарах летась: яна сама выкарыстоўвае бел-чырвона-белы сьцяг, але падчас кампаніі яна ўхілілася ад адказу, ці будзе ў выпадку перамогі намагацца зрабіць яго дзяржаўным.
Я не выключаю, што ў будучыні гэта будзе сурʼёзнай праблемай. Нават і пасьля Лукашэнкі, а пры ім і пагатоў. У яго ёсьць моцная «залежнасьць ад каляіны», ад свайго палітычнага мінулага. У свой час яго ўлада ўсталёвалася ў змаганьні з гэтым сьцягам. І ён не захоча прызнаць, што сьцяг у рэшце рэшт перамог яго.
Магчыма, ён таксама перасьцерагаецца таго, што гэты сьцяг стане раздражняльнікам для Расеі. Мне здаецца, што да таго, як здарацца велізарныя зрухі, магчыма ў сьвеце, магчыма ў беларускай масавай сьвядомасьці, цяперашні стан дазволенасьці, але неафіцыйнасьці, у гэтых сымбаляў захаваецца.
Цыганкоў: Я б сказаў, што пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі вяртаньня да нацыянальных сымбаляў у якасьці дзяржаўных ня можа адбыцца. Усё сваю палітыку і ідэалёгію Лукашэнка пабудаваў на іншых сымбалях і каштоўнасьцях. Нацыянальныя сымбалі — гэта сапраўды адзнака таго, адкуль паходзіць нацыя, адкуль яна чэрпае падставы для свайго нацыяўтварэньня і росту. Альбо са старажытных вякоў, альбо з 1945 году, як гэта фактычна сьцьвярджалася пры Лукашэнку.
Калі адбудзецца зьмена сымболікі — ніхто супраць гэтага ня будзе пратэставаць
Але апошнім часам шмат што тут зьмянілася. У школах і ўнівэрсытэтах даўно вельмі падрабязна вывучаюць беларускую гісторыю, пэрыяд ВКЛ. І адчуваньне гістарычнай пераемнасьці пэўным чынам укараняецца ў беларускім грамадзтве.
Тое, што большасьць на сёньня лічыць сваёй менавіта цяперашнюю дзяржаўную сымболіку — я ня бачу ў гэтым вялікай праблемы. Калі адбудзецца зьмена сымболікі — ніхто супраць гэтага ня будзе пратэставаць, гэта ж не адмова ад сацыяльных дабротаў. Людзі проста ўспрымуць гэта як дадзенасьць, як факт. Ніхто ж не пратэставаў у 1991 годзе, калі савецкі сьцяг зьмянілі на бел-чырвона-белы.
І я б не пагадзіўся, што гэтае пытаньне варта выносіць на рэфэрэндум. Наўрад ці дзе-небудзь у гісторыі адбываліся такія рэфэрэндумы. Ягонае правядзеньне можа толькі раскалоць грамадзтва. З цягам часу людзі прызвычаяцца да новай сымболікі, як гэта было ў 1991-1994 гадах, калі значная частка грамадзтва ўжо ўспрымала бел-чырвона-белую сымболіку і герб «Пагоня» як свае.