19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову аб зьмене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. Тады ж дзяржаўным гербам была зацьверджаная «Пагоня», а дзяржаўным сьцягам — бела-чырвона-белы сьцяг.
Дашкевіч: Для Лукашэнкі нацыянальны сьцяг — як чырвоная ануча для быка
Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч разам з моладзевымі актывістамі Паўлам Вінаградавым і Яўгенам Афнагелем сёньня запрашае на акцыю «Праспэкт нацыянальнага сьцяга», дзе будуць сьвяткаваць 25-годзьдзе наданьня «Пагоні» і бел-чырвона-беламу сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў.
Дашкевіч лічыць, што цяпер вяртаньне гэтых атрыбутаў можа адбыцца толькі пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка перастане быць прэзыдэнтам:
«Разам з падзеньнем гэтага рэжыму, калі ён будзе зрынуты, у той жа дзень вернуцца бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“ на галоўныя будынкі нашай краіны. Пры Лукашэнку гэта, натуральна, адбыцца ня можа. Таму што для яго бел-чырвона-белы сьцяг — як чырвоная ануча для быка. Менавіта таму міліцыянты нам да сёньня ў пратаколах пішуць пра несанкцыянаваныя акцыі, якія заключаюцца ў тым, што ўздымалі незарэгістраваны бел-чырвона-белы сьцяг. І гэта нягледзячы на тое, што ня так даўно цягам чатырох год супрацоўнікі МУС прысягалі гэтаму ж сьцягу».
Янукевіч: Вяртаньне сьцяга вызваліць калясальную ўнутраную энэргію нашай нацыі
Падобнай думкі трымаецца лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які кажа, што нацыянальныя сымбалі стануць зноў афіцыйнымі, калі новая ўлада, якая прыйдзе пасьля Лукашэнкі, ня будзе баяцца «калясальнай унутранай энэргіі нацыі», якая вызваліцца разам зь вяртаньнем «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга:
«Вяртаньне нашых нацыянальных сымбаляў, герба „Пагоня“ і бел-чырвона-белага сьцяга, у статус дзяржаўных — гэта ня проста пытаньне замены адной сымболікі на іншую, гэта пытаньне вызваленьня калясальнай унутранай энэргіі нашай нацыі. Такое вяртаньне адбудзецца абавязкова, але толькі тады, калі зьменіцца ўлада. І толькі тады, калі новая ўлада, якая прыйдзе, ня будзе баяцца вызваленьня нацыянальнай энэргіі беларусаў, а наадварот будзе шукаць гэтую энэргію, каб скіраваць яе на абарону беларускіх нацыянальных інтарэсаў».
Краўцэвіч: «Пагоня» і сьцяг вернуцца непазьбежна
Гарадзенскі гісторык Алесь Краўцэвіч лічыць вялікай памылкай дзяржаўных ідэолягаў «рэзкае супрацьстаяньне тым, хто падтрымлівае гістарычныя сымбалі Беларусі»:
«Гэта ня толькі магчыма, але і непазьбежна. Непазьбежна вернецца бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“, бо ў масавай сьвядомасьці беларусаў яны замацаваныя як сапраўдныя гістарычныя сымбалі. У тым ліку дзякуючы нам, гісторыкам. Мы вельмі старанна ўводзілі гэта ў сьвядомасьць беларусаў.
Вельмі вялікая памылка ідэолягаў Лукашэнкі — супрацьстаяньне бел-чырвона-беламу сьцягу і „Пагоні“. Гэта памылка ў паліттэхналёгіі, якая прывяла да таго, што частка грамадзтва — тая, якая зь бел-чырвона-белым сьцягам і „Пагоняй“, — лічыцца ворагамі. Атрымліваецца, што цяпер многія людзі гэтым карыстаюцца — выкарыстоўваюць гэтыя сымбалі, каб пазначыць сваю незадаволенасьць рэжымам.
Можна выразна прасачыць, як цягам 2016 году ўлада зразумела сваё бясьсільле ў змаганьні, прынамсі, з „Пагоняй“. Гэта мы пабачылі, напрыклад, падчас футбольнага матчу з Францыяй ці на Фэстывалі нацыянальных культураў у Горадні, дзе міліцыянты сарамліва адварочваліся ад тых, хто быў з гістарычнымі сымбалямі, але нічога не рабілі».
Але хоць улады разумеюць памылку ў абранай тактыцы, Лукашэнка ня можа цяпер прыняць «Пагоню» і гістарычны беларускі сьцяг, лічыць Краўцэвіч:
«Ён вельмі адназначна заявіў пра варожасьць да гэтых сымбаляў».
Падгол: Расея павінна разваліцца, каб у Беларусі залуналі бел-чырвона-белыя сьцягі
Былы кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ Уладзімер Падгол цягам агітацыйнага пэрыяду правёў зь дзясятак пікетаў, абавязковым атрыбутам якіх быў бел-чырвона-белы сьцяг. Падгол лічыць, што для вяртаньня нацыянальных сымбаляў недастаткова толькі зьмены ўлады — павінна разваліцца Расея, якая, на яго думку, кантралюе ўсе грамадзка значныя працэсы ў Беларусі:
«Вяртаньне беларусам нацыянальных сымбаляў не патрэбнае Маскве. І гэта вызначальны чыньнік. Таму што гэта будзе азначаць, што Беларусь набывае рэальную самастойнасьць. Зразумела, што ўведзены Лукашэнкам чырвона-зялёны сьцяг у маральна-псыхалягічным пляне трымае Беларусь у Савецкім Саюзе і прывязвае да Расеі. А бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль самастойнай незалежнай Беларусі, якая непатрэбная Маскве. Крэмль сёньня кіруе ўсімі палітычнымі, эканамічнымі, вайсковымі і інфармацыйнымі працэсамі ў Беларусі. Таму, відаць, Расея павінна разваліцца, каб у Беларусі афіцыйна залуналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Акцыі, якія я ладзіў пад бел-чырвона-белым сьцягам, — гэта нагадваньне грамадзянам, што такі сьцяг ёсьць і яго шануюць».
Белавус: рухавікі, якія працуюць на вяртаньне нацыянальных сымбаляў, ужо створаныя
Дырэктар Арт Сядзібы Павал Белавус, які паабяцаў павіншаваць беларусаў з 19 верасьня, раздаўшы 2 кілямэтры бел-чырвона-белай стужкі, кажа:
«Павінен зьмяніцца ня толькі кіраўнік дзяржавы, але і ўся намэнклятура, якая цяпер пры ўладзе. Павінны сысьці ў гісторыю савецкі мэнталітэт і савецкае мысьленьне. Павінны памяняцца міністры і супрацоўнікі міліцыі, якія трымаюцца за мінулае і ніяк ня могуць уцяміць сябе людзьмі, якія паважаюць і ведаюць гісторыю сваёй зямлі».
Павал Белавус кажа, што «рухавікі, якія працуюць на вяртаньне нацыянальных сымбаляў, ужо створаныя», але дзейнічаюць яшчэ не на ўсю моц:
«Працэс ужо паціху ідзе. Мы бачым, як зьмянілася Беларусь за апошнія гады. На футбольныя матчы прыходзяць заўзятары зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, з гербам „Пагоня“. Беларускія музыкі правялі цягам лета-2016 шмат фэстаў і канцэртаў — каб паслухаць беларускую музыку, ужо ня трэба ехаць у суседнюю краіну. Адбываецца працэс зьменаў. Думаю, у тым ліку за кошт таго, што нават у кіроўныя структуры прыходзяць маладыя людзі, якія разумеюць, што краіну трэба зьмяняць. Я перакананы, што сучасныя беларусы яшчэ пабачаць і нармальныя прэзыдэнцкія выбары, і сумленныя выбары ў парлямэнт, і бел-чырвона-белы сьцяг над яго будынкам».