Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Qui prodest і забойства Барыса Нямцова


Дракахруст. Прэзэнтацыя кнігі «7 худых гадоў». Юры
Дракахруст. Прэзэнтацыя кнігі «7 худых гадоў». Юры

«Ды нявыгадна гэта Пуціну, ды ня быў Нямцоў такой значнай фігурай, каб яго забіваць», — такія камэнтары гучаць зараз з вуснаў афіцыйных прадстаўнікоў расейскай улады і яе неафіцыйных адвакатаў. «У палітычным пляне ён не ўяўляў якой-небудзь пагрозы, маецца на ўвазе, зразумела, палітычнай, для дзейнага кіраўніцтва Расеі і для Ўладзімера Пуціна. Калі мы супаставім ўзровень папулярнасьці, рэйтынгі Пуціна, уладаў у цэлым і гэтак далей, то ў цэлым Барыс Нямцоў быў крыху больш чым сярэднестатыстычны грамадзянін», — заявіў прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў.

Шэраг расейскіх СМІ (гл., напрыклад «Известия») ужо распаўсюдзілі камэнтар ананімнай крыніцы, блізкай да сьледзтва, пра тры вэрсіі злачынства: забойства на глебе рэўнасьці (матыў, зьвязаны з жанчынай, якая была зь Нямцовым у момант яго сьмерці), помста з боку ягоных палітычных спонсараў і забойства палітыка расейскай апазыцыяй з мэтай дэстабілізацыі сытуацыі ў Расеі. Апошняе вельмі нагадвае заявы, якія гучалі ў Беларусі з вуснаў афіцыйных прадстаўнікоў, уключна з кіраўніком дзяржавы, на адрас апазыцыі пасьля тэракту ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году.

Аргумэнт наконт qui prodest — каму выгадна, наагул кажучы, не пазбаўлены рацыі. Але варта нагадаць, што гэта — адно мэтад першаснага вызначэньня найбольш імаверных злачынцаў, а ня спосаб канчатковага вызначэньня вінаватых. Часам выгады невідавочныя, часам матыў не зьвязаны з наўпроставай выгадай. Камэнтатары ўжо прыгадалі дзьве знакамітыя гістарычныя справы: забойства ў 1984 годзе ў камуністычнай Польшчы ксяндза Ежы Папялушкі і забойства ў 1924 годзе ў фашыстоўскай Італіі палітыка Джакама Матэоці.

Ці былі гэтыя забойствы выгадныя Войцэху Ярузэльскаму і Бэніта Мусаліні адпаведна? Не, не былі. Але ўжо даўно дакладна і неабвяргальна высьветлена і даказана: Матэоці забіў фашыстоўскі рэжым, Папялушку забіў камуністычны рэжым ваеннага становішча. І ня толькі ў фігуральным, мэтафарычным сэнсе, а ў самым прамым і практычным: арганізатарамі, замоўцамі забойстваў палітыка і сьвятара былі відныя прадстаўнікі адпаведных рэжымаў.

Ну і як там было з матывам? А яго сапраўды стварыла атмасфэра нянавісьці да «ворагаў народу». Ну а калі вораг не здаецца — яго зьнішчаюць. Плюс, магчыма, словы вышэйшага (ці нават невышэйшага) кіраўніка адносна ахвяры — «як жа ён мяне „дастаў“». Зрэалізаваць сваё пачуцьцё нянавісьці, выканаць тое, што яны палічылі пажаданьнем вышэйшай улады, для забойцаў аказалася ці падалося выгадным.

Ну і як там было з матывам? А яго сапраўды стварыла атмасфэра нянавісьці да «ворагаў народу». Ну а калі вораг не здаецца — яго зьнішчаюць

Ці былі забойствы Матэоці і Папялушкі ў пэўнай ступені выгадныя італьянскай і польскай апазыцыі? Ну так, разважаючы цынічна, былі — яны сапраўды дэстабілізавалі рэжымы. Але зараз мы дакладна ведаем, што забойцы былі з шэрагаў улады, а не апазыцыі.

Ці былі гэтыя забойствы вынікам прамога загаду Ярузэльскага і Мусаліні? Хутчэй за ўсё, не, і празь дзесяцігодзьдзі няма сьведчаньняў таго. Ярузэльскаму наўрад ці далі б спакойна памерці ў сваім ложку, калі б былі нават ускосныя доказы яго асабістай датычнасьці да забойства. Але ці шмат гэта мяняе?

Яшчэ адна гістарычная аналёгія — беларускія «справы зьніклых». У адрозьненьні ад двух прыгаданых гістарычных прыкладаў у гэтым выпадку канчатковых доказаў датычнасьці беларускай ўлады да гэтых злачынстваў няма, але існуе шмат ускосных доказаў і сьведчаньняў на карысьць гэтай вэрсіі.

Гэтыя гістарычныя аналёгіі дазваляюць спрагназаваць, якім будзе палітычнае рэха забойства Барыса Нямцова. Для Расеі яно будзе момантам ісьціны, ростанямі. Узьнімецца расейскае грамадзтва, усьвядоміць, у што яно ператвараецца — тады, магчыма, атрымаецца хаця б такі вынік, як у Беларусі. Пасьля 1999 году ў Беларусі было шмат чаго, але палітычных забойстваў, палітычных зьнікненьняў больш не было. Гэта ўсё ж стала табу, мяжой, за якую ўлада — ня толькі асабіста Лукашэнка, але і ўлада як цэлае, не пераходзіць.

Калі не... Ну, тады магчымы італьянскі варыянт. Забойства Матэоці спарадзіла хіба ня самы востры крызіс фашыстоўскага рэжыму за ўвесь час яго існаваньня. Хронікі сьведчаць, што Мусаліні падчас крызісу нават папрасіў караля аб адстаўцы. Але крызіс прайшоў, рэжым утрымаўся і пайшоў у контранаступ, усьвядоміўшы, што цяпер ужо можна абсалютна ўсё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG