Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прапануе Лукашэнку кулюары


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Памочнік прэзыдэнта Расеі Юры Ўшакоў заявіў, што ў Маскве на саміце АДКБ асобнай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі не заплянавана.

Кіраўнікі дзяржаў змогуць абмеркаваць актуальныя пытаньні ў кулюарах самітаў АДКБ і Вышэйшага эўразійскага эканамічнага савету.

Адказваючы на пытаньне, ці плянуецца асобная сустрэча Пуціна і Лукашэнкі, і ці плянуе расейскі бок закранаць вострыя тэмы ў адносінах дзьвюх краін, Ушакоў сказаў:

«Канкрэтнай дамоўленасьці пра асобную сустрэчу няма, але падчас заўтрашніх мерапрыемстваў у прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі несумненна будзе магчымасьць абмеркаваць гэтыя актуальныя тэмы. Акрамя таго, нагадаю, што зь Беларусьсю мы падтрымліваем пастаянны шчыльны кантакт, у тым ліку і на ўзроўні прэзыдэнтаў. Я не выключаю, што падчас заўтрашніх размоў прэзыдэнты дамовяцца аб асобнай сустрэчы, на якой яны могуць абмяркоўваць тыя пытаньні, пра якія вы згадалі».

Ушакоў дадаў, што асабісты кантакт паміж прэзыдэнтамі дзьвюх краін будзе, «і яны могуць заўсёды адысьці ў бок і асобна пагаварыць, а можа, дамовіцца пра сустрэчу. Але я мяркую, што недзе ў нас навісае магчымасьць — па-за заўтрашняй праграмай — сустрэча з Лукашэнкам», — цытуе «РИА Новости» памочніка расейскага

Як перадае тэлеканал РБК, Пуцін ня будзе сустракацца з Лукашэнкам пасьля крытыкі на адрас Масквы.

Напярэдадні прызначанага на аўторак саміту Эўразійскага эканамічнага саюзу Ўладзімер Пуцін правядзе сустрэчу з казахскім калегам Нурсултанам Назарбаевым, які раскажа пра вынікі візыту ў Кіеў. Зь іншым хаўрусьнікам, кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, асобнай сустрэчы Крэмль не плянуе.

Таксама ў панядзелак увечары прэзыдэнт Расеі правядзе тэлефонную канфэрэнцыю па сытуацыі ва Ўкраіне ў так званым «нармандзкім фармаце» з удзелам прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, канцлера Германіі Ангелы Мэркель і прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда, сказаў Ушакоў. Будзе абмяркоўвацца выкананьне менскіх дамоўленасьцяў і магчымасьць правядзеньня сустрэчы кантактнай групы па Ўкраіне.

У аўторак вечарам Пуцін правядзе асобную сустрэчу з прэзыдэнтам Кіргізстана Алмазбэкам Атамбаевым. На ёй, паводле Ўшакова, будуць абмяркоўвацца меры падтрымкі кіргіскай эканомікі ў кантэксьце далучэньня краіны да Эўразійскага саюзу.

19 сьнежня Лукашэнка назваў палітычным рашэньнем уведзеныя Расеяй абмежаваньні на пастаўкі беларускіх харчоў.

«Вось мы (Расея) ўвялі санкцыі, а тут вось беларусы да іх не далучыліся. Дык мы і не абяцалі, што далучымся. Нам не да раскошы», — заявіў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG