Візыты кіраўнікоў Казахстана і Беларусі ў Кіеў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў своечасовымі, важнымі і сымбалічнымі. На фоне фінансавава-эканамічнага крызісу ў Расеі гэтыя візыты выглядаюць як спроба кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаў дыстанцыявацца ад агрэсіўнай палітыкі Крамля.
Разам з тым, на думку ўкраінскага палітоляга Ўладзімера Фясенкі, пра разрыў стасункаў паміж Расеяй і Беларусьсю з Казахстанам гутарка не вядзецца, і Мытнаму саюзу пакуль нічога не пагражае.
Падчас паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў, украінскі лідэр падзякаваў беларускаму прэзыдэнту за падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а таксама за непрызнаньне «фэйкавых выбараў 2 лістапада». У адказ прагучала абяцаньне на працягу сутак выканаць усё, пра што папросіць Парашэнка.
«Гэтая патасная карцінка, якую паказалі па тэлебачаньні, гучныя заявы і біцьцё ў грудзі — гэта стыль Лукашэнкі. Насамрэч і ўкраінцы, і беларусы ведаюць пра дваістасьць палітыкі Лукашэнкі ў дачыненьні да Ўкраіны. Лукашэнка манэўруе паміж Расеяй і яе апанэнтамі. Але дваістасьць у дачыненьні да Расеі стала цяпер вельмі заўважнай, стала больш актыўнай. Беларускі прэзыдэнт цяпер вымушаны дзейнічаць актыўна: стан расейскай эканомікі, фінансавы і эканамічны крызіс у Расеі вельмі балюча ўдарыў па Беларусі, і Лукашэнка гэтага і не хавае. Таму цяпер ён спрабуе шукаць іншыя варыянты рашэньня фінансава-эканамічных праблемаў, у тым ліку і праз Парашэнку».
Падчас сустрэчы ўкраінскага і беларускага прэзыдэнтаў прагучаў тэзіс пра тое, што ўкраінскае кіраўніцтва можа прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў дачыненьнях з Захадам і Эўразьвязам.
«Тут адбываецца гульня на ўзаемных інтарэсах: Лукашэнка прапаноўвае свае паслугі пасярэдніка і мадэратара ў дачыненьнях з Пуціным для вырашэньня крызісу на ўсходзе Ўкраіны, а Парашэнка за гэта будзе мадэратарам і пасярэднікам у дыялёгу паміж беларускім кіраўніцтвам і кіраўніцтвам Эўразьвязу. Тое, што і Лукашэнка, і Назарбаеў едуць у Кіеў і сустракаюцца з Парашэнкам, сьведчыць пра павелічэньне ролі Ўкраіны ў постсавецкіх справах. Зьвязана гэта ня толькі з крызісам на ўсходзе, але і з тым, што Парашэнка для Беларусі і Казахстана ўяўляецца цалкам прымальным партнэрам, зразумелым, дамоваздольным і прадказальным», — лічыць Уладзімер Фясенка.
Парашэнка для Беларусі і Казахстана ўяўляецца цалкам прымальным партнэрам, зразумелым, дамоваздольным і прадказальным
У казахскага прэзыдэнта, які ўсьлед за Лукашэнкам меў асабістую гутарку зь Пятром Парашэнкам, іншая сытуацыя. Казахстан ня так моцна залежыць ад Расеі, як Беларусь, але мае шырокае кола заходніх партнэраў у сваёй эканоміцы:
«Новая халодная вайна паміж Расеяй і Захадам таксама стварае праблемы для Казахстана, таму што ў казахскую эканоміку вельмі актыўна заангажаваныя заходнія інвэстары, у тым ліку і амэрыканскія сыравінныя кампаніі. Крызіс у дачыненьнях з Захадам абсалютна не патрэбны Назарбаеву. Агульны інтарэс Лукашэнкі і Назарбаева — садзейнічаць урэгуляваньню крызісу на ўсходзе Ўкраіны», — кажа Уладзімер Фясенка.
Аднак, нягледзячы на маскі міратворцаў і пасярэднікаў, якія апранулі беларускі і казахскі лідэры, трэба разумець, што іх пасярэдніцтва моцна абмежаванае ў сваіх магчымасьцях: завяршэньне крызісу найперш залежыць ад палітычнай волі Пуціна.
На думку экспэрта, маскоўская сустрэча трох лідэраў краінаў Мытнага саюза — шматхадоўка, у выніку якой Лукашэнкам і Назарбаевым будуць агучаныя сфармуляваныя ў Крамлі прапановы для спыненьня канфлікту ва Ўкраіне:
«Цалкам магчыма, што і Лукашэнка, і Назарбаеў спрабуюць прагаварыць з Парашэнкам розныя варыянты кампраміснага вырашэньня крызісу на ўсходзе Ўкраіны. Вядома, Пуцін можа зрабіць гэта і сам, але ў дыпляматыі ёсьць рэчы, пра якія адзін з бакоў канфлікту ня можа наўпрост сказаць іншаму боку. Вось тут Пуцін ня можа наўпрост прапаноўваць кампрамісныя варыянты Парашэнку. А Назабраеў і Лукашэнка могуць гэта зрабіць. Тут можа быць іх функцыя — агучыць для Парашэнкі такія варыянты, якія не маглі б сыходзіць ад Пуціна. А далей яны змогуць публічна прапанаваць гэтыя ж варыянты і Пуціну, што будзе выглядаць, як вынік іх пасярэдніцтва. А Пуцін у сваю чаргу зможа сказаць, што кампрамісны варыянт сыходзіў не ад яго, а ад яго сяброў-калегаў».