Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор хоча быць генэральным омбудсманам


У Беларусі пракуратура — адзіны омбудсман: гэтак выказаўся на адкрыцьці будынку раённай пракуратуры ў Быхаве генэральны пракурор Аляксандар Канюк.

Пры гэтым ён спаслаўся на словы Аляксандра Лукашэнкі:

«Прэзыдэнт сказаў адназначна: у нас толькі адзін омбудсман — гэта пракуратура. Мы стаім на абароне правоў і інтарэсаў грамадзян, і, у прынцыпе, гэтак яно і будзе», — цытуюць выказваньне кіраўніка нагляднага органу дзяржаўныя СМІ.

На думку праваабаронцы Алега Гулака, выказваньне спадара Канюка сьведчаць, што нават вышэйшыя службовыя асобы не разумеюць сутнасьці таго, што такое омбудсман і якая ад яго карысьць. Паколькі ў Беларусі ніколі не было такой інстытуцыі, кажа кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту, а эўрапейскі досьвед у гэтым пытаньні не вывучаўся, то разуменьня, навошта патрэбны такі ўпаўнаважаны, аб’ектыўна няшмат:

Алег Гулак
Алег Гулак

«Омбудсман — гэта спэцыялізаваная дзяржаўная самастойная інстытуцыя па правах чалавека. Яна займаецца палітыкай у сфэры правоў чалавека. Дапамагае канкрэтным людзям і адказвае за тое, каб палітыка правоў чалавека разьвівалася ў розных сфэрах і складніках». Паводле праваабаронцы «неэфэктыўна і неразумна аб’ядноўваць у адной інстытуцыі дзьве розныя функцыі: адна функцыя — ад імя дзяржавы вінаваціць, а другая — забясьпечыць захаваньне правоў. Мы бачым на практыцы, што такая абарончая функцыя не выконваецца эфэктыўна, бо пракуратура — орган барацьбы са злачыннасьцю. Паводле той канстытуцыйнай сыстэмы, якая ў нас выбудаваная цяпер, Генэральны пракурор мае рацыю. Галоўны орган у Беларусі па абароне правоў чалавека — гэта пракуратура. Ці можа задавальняць такая сыстэма? Не!», — перакананы Алег Гулаг.

Былы генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч у 2013 годзе на пасяджэньні круглага стала «Інстытуцыянальныя і юрыдычныя мэханізмы абароны правоў і свабодаў грамадзянскай супольнасьці» даводзіў: Беларусі патрэбны ўпаўнаважаны па правах чалавека. На ягоную думку, асоба з такімі функцыямі аддавала б пільную ўвагу дзейнасьці органаў, якія забясьпечваюць прававы парадак, бо там дужа шмат нявырашаных праблемаў. Омбудсман рыхтаваў бы штогадовыя справаздачы пра стан правоў чалавека ў Беларусі, — казаў Васілевіч, — і меў бы права зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд. За невыкананьне рашэньняў упаўнаважанага па правах чалавека павінна быць прадугледжаная адказнасьць.

Ці ёсьць пэрспэктывы, што ў Беларусі некалі зьявіцца ўпаўнаважаны па правах чалавека? Алег Гулак зазначае, калі б гэта залежала ад праваабаронцаў, то такая пасада ў Беларусі была б, але ўплыў не настолькі вялікі:

«А з такіх выказваньняў высокіх чыноўнікаў вынікае, што пэрспэктывы ў гэтым пытаньні туманныя, — зазначае праваабаронца. — Але я аптыміст і лічу, што такая інстытуцыя вельмі патрэбная. Міжнародная супольнасьць і мы будзем прыкладаць намаганьні, каб паскорыць яе ўвядзеньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG