Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шорац даручыў «прааналізаваць» сэрвіс таксі Uber


Старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац прызнаў, што таксоўшчыкі незадаволеныя Uber, і абяцаў азнаёміць іх з вынікамі маніторынгу.

Беларускія таксоўшчыкі ў суботу, 6 лютага правялі стыхійную сустрэчу, у ходзе якой патрабавалі роўных умоваў працы і барацьбы зь нелегаламі. Як казалі яны, «Uber стаў апошняй кропляй». Прааналізаваць працу сэрвісу даручыў у панядзелак старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац, перадае БЕЛТА.

«На думку таксістаў, сэрвіс ставіць іх у няроўныя ўмовы. Неабходна вывучыць сытуацыю, — казаў Шорац. — Па выніках маніторынгу зь яго вынікамі трэба азнаёміць супрацоўнікаў гэтай сфэры».

Сэрвіс Uber запрацаваў у Беларусі ў лістападзе 2015 году ў люксавай вэрсіі Uber Black. Больш танная вэрсія Uber X запусьцілася на пачатку лютага.

Uber дазваляе выклікаць таксі са смартфона літаральна за адно-два націсканьні, адразу пабачыўшы прыблізны кошт паездкі. Выклік у сэрвісе Uber X каштуе 27 тысяч, 1 км дарогі — 5700 рублёў, хвіліна — 600 рублёў (аплочваюцца ці кілямэтры, ці хвіліны, чаго больш «набяжыць» на лічыльніку). Аплата толькі па безнаяўным разьліку. Кампанія працуе ў Беларусі праз пасярэдніка, які павінен прадстаўляць перавозчыкаў толькі зь ліцэнзіямі, без судзімасьцяў і з новымі машынамі, не старэйшымі за 5 год.

Заснаваная ў 2009 годзе, кампанія Uber ацэньваецца ў больш як у 50 млрд даляраў, што на траціну больш за кошт «Газпрома». Яна ўжывае новы мэханізм працы, які можа здацца карыстальнікам зручнейшым і выгаднейшым. Таму ў розных краінах сьвету таксісты патрабавалі абмежаваць ці забараніць гэты сэрвіс. Часам даходзіла да беспарадкаў і затрыманьняў мясцовага кіраўніцтва кампаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG