Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкі перамоваў у Сочы, пратэсты ў Менску супраць Uber, у Эўразьвязе — супраць мігрантаў 


На мітынгах супраць ісламізацыі Эўропы
На мітынгах супраць ісламізацыі Эўропы

Трайны ўдар — тры пытаньні для трох аналітыкаў: Віталя Цыганкова, Валера Карбалевіча і Юрыя Дракахруста.

  • Пратэст менскіх таксістаў супраць зьяўленьня ў беларускай сталіцы новага сэрвісу Uber — нежаданьне свабоднай канкурэнцыі альбо справядлівае абурэньне няроўнымі ўмовамі працы?
  • Пра што дамовіліся ў Сочы Лукашэнка і Пуцін?
  • Якія наступствы будуць мець антыімігранцкія маніфэстацыі, якія адбыліся ў мінулыя выходныя ў многіх гарадах Эўропы?


Пратэсты супраць Uber — барацьба з канкурэнтамі ці пратэст супраць несправядлівасьці?


Цыганкоў: У Менску 6 лютага адбыўся стыхійны пратэст кіроўцаў таксі ўсіх дыспэтчарскіх службаў сталіцы — чалавек 80 сабраліся на Даўгінаўскім тракце. Таксісты, не стрымліваючы эмоцый і асабліва не саромеючыся ў выразах, абмяркоўвалі, як ім жыць далей — ва ўмовах усё больш сур’ёзнай канкурэнцыі і нізкіх тарыфаў.

Сярод іншага, абурэньне выклікала зьяўленьне ў Менску новай формы выкліку таксі, якая апошнім часам заваёўвае ўвесь сьвет — сэрвісу мабільных дадаткаў Uber.

Менскія таксісты заяўляюць, што яны ня супраць яшчэ аднаго канкурэнта, але супраць няроўных умоваў, у якіх вымушаныя працаваць. Маўляў, яны павінны плаціць падаткі, павышаную страхоўку, двойчы на год дарожны збор, абанэнцкую плату дыспэтчарскім службам, купляць і абслугоўваць таксомэтры, а Uber не павінен рабіць нічога з гэтага. Ён проста арганізуе людзей, якія хочуць падвозіць іншых.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Дык ці справядлівы іхні пратэст? Нагадаю, што супраць зьяўленьня Uber пратэстуюць таксісты у розных краінах сьвету. Зарэглямэнтаваныя дзяржавай службы таксі прайграюць гэтай новай форме абслугоўваньня кліентаў. І таксісты зьвяртаюцца па дапамогу да дзяржавы — выходзяць пратэставаць, пішуць лісты, прапануюць зачыніць гэты Uber, і ў многіх краінах так і адбываецца, як гэта было ў Францыі. Па-мойму, гэта добрае сьведчаньне нашага часу, калі дзяржаўнае ўмяшаньне ў эканоміку даволі вялікае па ўсім сьвеце, і пра свабодную канкурэнцыю ў шмат якіх сфэрах ня йдзе размовы.

Калі казаць пра Беларусь, то спажыўцу паслугаў таксі рост канкурэнцыі толькі на руку. У Беларусі ўсё больш розных апэратараў таксі, яны змагаюцца за кліента, і цэны не падвышаліся даўно, тарыф 6,5 тысяч рублёў за кілямэтар існуе ўжо фактычна цэлы год без падвышэньня. Пасажырам гэта вельмі выгадна, ну а ў таксістаў даходы відавочна не растуць. Зь іншага боку, і цэны на бэнзін не растуць. А даходы насельніцтва ўпалі за мінулы год па ўсёй краіне — і чаму таксісты тут павінны быць нейкім выключэньнем? Ім яшчэ жывецца ня так і кепска: даходы таксістаў у сярэднім нашмат большыя, чым у тых жа настаўнікаў ці дактароў.

Зьяўленьне сыстэмы выклікаў таксі Uber было б карысным для спажыўца, прымусіла б таксапаркі змагацца за кліента. Але баюся, што ў Беларусі ў Uber будуць праблемы


Так што, мяркую, зьяўленьне сыстэмы выклікаў таксі Uber было б карысным для спажыўца, прымусіла б тыя самыя таксапаркі падвышаць культуру абслугоўваньня кліентаў, змагацца за кліента. Але баюся, што ў Беларусі, як і ў многіх краінах, у Uber будуць праблемы. Вось зараз прыйшло паведамленьне, што старшыня Менгарвыканкаму Шорац загадаў прааналізаваць, наколькі праца Uber адпавядае заканадаўству.

Карбалевіч: Я б сказаў, што таксісты пратэстуюць і супраць канкурэнцыі, і супраць няроўных умоваў. Яны выказваюць пратэст супраць велізарнага кантролю з боку ўладаў, вялікай нагрузкі, і калі б такой нагрузкі не было, можа б яны і вытрымалі гэтую канкурэнцыю. Незалежныя СМІ шмат пішуць пра тое, што, нягледзячы на крызіс, беларускае насельніцтва маўчыць. Магчыма, мы назіраем першыя прыкметы таго, што беларусы прачынаюцца — спачатку індывідуальныя прадпрымальнікі, цяпер таксісты.

Але тут ёсьць больш шырокая праблема — старыя сэктары эканомікі супраціўляюцца зьяўленьню новых. Сапраўды, гэта праблема сусьветная, пратэсты супраць Uber пракаціліся па ўсім сьвеце. Уласна кажучы, і індывідуальных прадпрымальнікаў можна аднесьці да новага сэктару эканомікі адносна дзяржаўнага сэктару.

Адна з прычынаў, чаму лёзунг АГП «Мільён новых працоўных месцаў» не спрацаваў — таму што людзі хочуць захаваць старыя месцы. І якраз гэта Лукашэнка і абяцаў.


У Беларусі пасьпяхова разьвіваецца Парк высокіх тэхналёгіяў. Але неяк забываецца, што гэта фактычна афшорная зона. І шмат прадстаўнікоў іншых сэктараў кажуць: нам бы такія ўмовы — мы б таксама запрацавалі. Такія канфлікты паміж старымі і новымі сэктарамі эканомікі, паміж людзьмі, якія там працуюць, будуць толькі нарастаць, бо старая савецкая прамысловасьць павольна гіне, і людзі, якія там працуюць, будуць пратэставаць.

Адна з прычынаў, чаму лёзунг АГП падчас прэзыдэнцкіх выбараў «Мільён новых працоўных месцаў» не спрацаваў — таму што людзі хочуць захаваць старыя месцы. І якраз гэта Лукашэнка і абяцаў.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: На мой погляд, вось у чым справа: таксісты — і беларускія, і францускія — не выступалі супраць канкурэнцыі як такой. Калі б зьявілася яшчэ адна кампанія таксі, якая б дзейнічала ў тых жа ўмовах, што яны — нічога, іх шмат зьяўляецца. Але тут канкурэнцыя з пункту гледжаньня таксістаў несправядлівая, таму што ў Uber выдаткі значна ніжэйшыя. Тут філязофскае пытаньне: ці мае права чалавек рызыкаваць сваім жыцьцём дзеля эканоміі сваіх сродкаў? Не ва ўсіх сытуацыях дзяржава адказвае «так». Напрыклад, аўтамабілісты абавязаны карыстацца пасам бясьпекі. Гэта нязручна, шмат хто ня хоча — за гэта штрафуюць. Дзяржава прымушае чалавека клапаціцца аб ягонай бясьпецы.

У афіцыйных фірмах таксі таксісты павінны быць пэўнага ўзроўню падрыхтоўкі, а ў Uber гэта звычайны чалавек. А калі аварыя — хто за каго будзе плаціць? У гэтым сэнсе ў Uber чалавек плаціць менш за большую рызыку. Ці павінна дазваляць гэта дзяржава? Для мяне адказ невідавочны. Але сапраўды, новыя тэхналёгіі ствараюць зусім іншую сытуацыю на рынку працы. Такія выклікі ў абыход цяперашняй эканамічнай сыстэмы робяцца ўсё часьцейшымі.

Цыганкоў: Можа, у тым і пытаньне, што навошта старым фірмам таксі зьніжаць выдаткі, паляпшаць паслугі, лепш наадварот зрабіць, калі б Uber рабіўся такім самым, як яны? Вы, Юры, ня маеце рацыі наконт адмысловай падрыхтоўкі. У таксісты ідзе любы чалавек, які мае правы адпаведнай катэгорыі. Але дыспэтчарам плацяць грошы за тое, што яны разьмяркоўваюць замовы. У Uber гэтага няма, яны спрасьцілі шлях ад спажыўца да паслугі.

Таямніцы сочынскай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна

Карбалевіч: У Сочы адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна, якая працягвалася некалькі гадзінаў. Які яе вынік, пра што дамовіліся бакі? Афіцыйныя прэсавыя службы па выніках сустрэчы далі абцякальныя дыпляматычныя рэлізы, нібыта бакі абмеркавалі пэрспэктывы двухбаковых адносінаў ці некалькі гадзінаў высьвятлялі парадак дня паседжаньня Вышэйшага савету саюзнай дзяржавы, які павінен адбыцца ў Менску. А сёньня Аляксандар Лукашэнка, прымаючы міністра замежных справаў, заявіў, што і прэм’ер, і прэзыдэнт Расеі ня толькі паабяцалі, але і прынялі рашэньне падтрымаць эканоміку Беларусі. Аднак, узьнікае як найменш два пытаньні.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Па-першае, гэта вэрсія толькі беларускага боку. Але мы добра ведаем, што ў беларуска-расейскіх адносінах бакі часта па-рознаму інтэрпрэтуюць тое, пра што яны дамаўляюцца. Другое — у якой форме будзе падтрымка? Чаму Лукашэнка ня кажа канкрэтна, ці крэдыт нам Расея выдасьць ці штосьці іншае? Я думаю, што ўсё вельмі няпэўна. Расея сёньня сама ў цяжкім стане, і стала вядома, што яна сама шукае зьнешнія запазычаньні. Міністэрства фінансаў Расеі накіравала 25 замежным банкам заяўкі на арганізацыю магчымага разьмяшчэньня эўрабондаў ў 2016 годзе.

Намесьнік міністра фінансаў РФ Старчак заявіў, што сёлета Масква больш ня будзе даваць пазыкі. Сытуацыя цьмяная, няпэўная. Магчыма, мы потым даведаемся. Але сёньня ў Лукашэнкі ёсьць даволі моцны рычаг ціску на Расею. Эканамічная залежнасьць Беларусі ад Расеі ў зьвязцы з падзеньнем цэнаў на нафту і ўвогуле з агульным крызісам зьменшылася. Зьменшыўся энэргетычны грант Расеі як галоўнага экспартнага рынку Беларусі. Нагадаю, летась Беларусь скараціла на 30% экспарт сваіх тавараў у Расею. Тады што застаецца? Крэдыт. А калі Расея і крэдыту ня дасьць, то Лукашэнка можа з поўным правам сказаць: дык навошта нам такі саюзьнік, будзем шукаць нешта іншае.

Для Аляксандра Лукашэнкі зараз галоўнае, каб карціна сьвету засталася такой жа, як і была

Цыганкоў: Таваразварот з Расеяй скараціўся не таму, што нехта іншы стаў купляць беларускія тавары, а настолькі скараціўся экспарт сам па сабе. Для Аляксандра Лукашэнкі зараз галоўнае, каб карціна сьвету засталася такой жа, як і была. Неаднаразова ён заяўляў, што ня будзе рэформаў, што ня трэба мяняць тое, што добра працуе, што гэта прынясе нам толькі праблемы і пагаршэньні, таму ўсё павінна быць па-старому. А каб яно так было, трэба каб Расея давала пэўны эканамічны грант, бо знайсьці нейкага іншага спонсара для беларускага эканамічнага «цуду» пакуль не ўяўляецца магчымым. Захад такім спонсарам можа стаць толькі ў выпадку палітычных зьменаў у Беларусі, чаго Лукашэнку не хацелася б. Ды і ніхто не праяўляе такога жаданьня, груба кажучы, узяць Беларусь на ўтрыманьне. Нават калі афіцыйны Менск рабіў такія намёкі, працягваў руку, Захад не выказваў жаданьня плаціць столькі ж, колькі плаціла Расея.

Таму Лукашэнку нічога не застаецца, як шукаць фінансаваньня з боку Расеі. Гэта і ёсьць мэтай ягоных сустрэчаў. Але, як вы правільна заўважылі, сытуацыя кардынальна зьмянілася ў сувязі з тым, што сама Расея ўжо не настолькі плацежаздольная, як раней. Рызыкну дапусьціць, маючы на ўвазе, што ў Лукашэнкі ёсьць рычаг ціску, што плаціць будуць. 20 гадоў беларуска-расейскіх адносінаў пры ім паказваюць, што нават у самыя моцныя крызісы — ў 1998 годзе ў Расеі, ў 2009 годзе падчас сусьветнага крызісу — грошы для Беларусі ў РФ знаходзіліся.

20 гадоў беларуска-расейскіх адносінаў пры ім паказваюць, што нават у самыя моцныя крызісы грошы для Беларусі ў РФ знаходзіліся.

Дракахруст: Праблема, магчыма, не была вырашаная ў Сочы, і Лукашэнка, калі тлумачыў міністру Макею, што ўсё добра, што дамовіліся, магчыма, рабіў добрую міну пры кепскай гульні. Магчыма, гэты працэс працягваецца. Дзіўна, што нічога не было сказана пра тыя тэмы, якія, як меркавалі экспэрты, Расея будзе ўзьнімаць у абмен на грашовую дапамогу — гэта авіябаза і выкіданьне Ўкраіны з зоны вольнага гандлю з Беларусьсю. Так што ня выключана, што чарговы тур «мерлезонскага балету» проста перанесены на лютаўскую сустрэчу кіраўнікоў саюзнай дзяржавы ў Менску. Цалкам магчыма, што Сочы былі чарговым безвыніковым раўндам, як і папярэднія перамовы ў Маскве.

Але гэта ня значыць, што Расея грошай ня дасьць. Расея можа сама пазычаць грошы, але яна надта вялікая, а Беларусь параўнальна надта малая, каб першая фізычна не магла выдзеліць 2-3 мільярды даляраў. Фізычна можа. Але гэта палітычнае пытаньне, і палітычная цана вырасла, таму што ў Расеі крызіс. Лукашэнка, верагодна, вядзе сваю любімую звыклую гульню ў перацягваньне каната.

І гэта ня тая сытуацыя, што іншых крыніцаў грошай няма абсалютна. Ёсьць жа яшчэ ў загашніку «фамільнае срэбра», той жа Беларуськалій — гэта 20-30 мільярдаў даляраў, гэта тыя грошы, якіх хопіць на некалькі гадоў. І тое, што гэтая скрынка пакуль не адчыняецца, сьведчыць, што сытуацыя пакуль не такая і правальная.

Цыганкоў: Можна сказаць, што сытуацыя зараз вельмі неспрыяльная для распродажу гэтага «фамільнага срэбра», паколькі крызіс, і зараз за яго шмат не дадуць, прынамсі, 2-3 гады таму далі б нашмат больш. Таму палітычна мудра было б гэта зараз не выстаўляць на продаж.

Дракахруст: Безумоўна, але часам людзі прадаюць апошняе і па мінімальнай цане, таму што проста есьці няма чаго. Я да таго, што зараз сытуацыя ў Беларусі ня тая.

Рэха мітынгаў «супраць ісламізацыі Эўропы»

Дракахруст: Якія наступствы будуць мець антыімігранцкія маніфэстацыі, якія адбыліся ў мінулыя выходныя ў многіх гарадах Эўропы? Нямецкая антыісламская і антымігранцкая арганізацыя PEGIDA ў суботу заклікала сваіх аднадумцаў па ўсёй Эўропе выйсьці на маршы пад лёзунгам «Супраць ісламізацыі Эўропы». Адпаведныя маніфэстацыі адбыліся ў нядзелю больш чым у тузіне эўрапейскіх гарадоў — у Кале і Манпэлье ў Францыі, у Амстэрдаме, у Празе, Браціславе і Варшаве. Самая шматлюдная маніфэстацыя — 15 тысяч чалавек — сабралася ў нямецкім Дрэздэне, сярод лёзунгаў тамтэйшых маніфэстантаў былі і патрабаваньні адстаўкі канцлера Ангелы Мэркэль.

Пратэст — ня толькі супраць міграцыі, ён — супраць зьмены эўрапейскіх каштоўнасьцяў пад уплывам мусульманскага насельніцтва кантынэнту, якое хутка расьце

У некаторых з названых гарадоў адбыліся контр-дэманстрацыі, якія былі, аднак, менш шматлюднымі. У некаторых месцах адбыліся сутычкі паміж дэманстрантамі розных поглядаў, а таксама паміж дэманстрантамі і паліцыяй. У Амстэрдаме былі арыштаваныя 10 чалавек, у Кале паліцыя ўжыла сьлезацечны газ і арыштавала 20 маніфэстантаў, у тым ліку былога камандуючага Замежным легіёнам.

Уражвае скаардынаванасьць дзеяньняў, ніякай агульнаэўрапейскай арганізацыі ПЕГІДА не існуе, на заклік нямецкай арганізацыі людзі выйшлі на вуліцы ў розных гарадах кантынэнту. Гледзячы па ўсім, сацыяльныя сеткі, як і ў іншых падобных сытуацыях, сталі мэханізмам гэтай каардынацыі. Магчыма, з цягам часу такі своеасаблівы антыісламскі інтэрнацыянал і паўстане.

Варта зьвярнуць увагу, што пратэст — ня толькі супраць міграцыі, ён — супраць зьмены эўрапейскіх каштоўнасьцяў пад уплывам мусульманскага насельніцтва кантынэнту, якое хутка расьце.

Вулічныя пратэсты — вымяральнік, градусьнік грамадзкіх настрояў. Нават у свабодных грамадзтвах далёка ня ўсе гатовыя публічна маніфэставаць свой пункт гледжаньня. Тыя, хто выходзіць на дэманстрацыі, адлюстроўваюць масавыя настроі, настроі тых, хто застаецца дома. Чым маніфэстантаў больш, тым адпаведныя пачуцьці, настроі мацнейшыя ва ўсім грамадзтве.

Маштаб цяперашніх маніфэстацыяў сьведчыць пра адносную моц адпаведных настрояў: 15 тысячаў у Дрэздэне — гэта шмат. І невыпадкова самыя моцныя пратэсты — у краіне, найбольш заангажаванай у прыём уцекачоў.

Гэты пратэст накладаецца на той паварот палітыкі, які ўжо адбываецца ў Эўропе ў цэлым і ў Нямеччыне ў прыватнасьці, гэтую хвалю спрабуюць калі не спыніць, то хаця б зьменшыць. Праўда, толкам ніхто ня ведае, як гэта зрабіць.

У Нямеччыне парлямэнцкія выбары ў 2017 годзе. Да таго часу ўрадавая кааліцыя мусіць неяк урэгуляваць праблему, інакш на выбарах сур’ёзныя праблемы будзе мець кааліцыя, і на вышэйшы ўзровень нямецкай палітыкі могуць патрапіць новыя сілы.

Цыганкоў: Наколькі мне падалося з друку, на такія мітынгі прыходзяць пакуль толькі крайне правыя. Проста цяпер сытуацыя актывізавала іх і іхнія лёзунгі. Пералому яшчэ не адбылося. Але, мне падаецца, гэта мяняецца, і калі, крый Божа, будзе яшчэ некалькі інцыдэнтаў накшталт кёльнскага, то на такія дэманстрацыі нават пад сьцягам PEGIDA могуць выйсьці звычайныя дэмакратычныя і лібэральныя эўрапейцы. У Нямеччыне нядаўна былі абнародаваныя вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, паводле якіх каля 80% немцаў не ўхваляюць палітыку Мэркель у міграцыйным пытаньні. Безумоўна, зараз урады будуць перахопліваць такія памкненьні і выражаць іх у выглядзе больш жорсткага стаўленьня да міграцыйнай палітыкі. Мы гэта актыўна назіраем на працягу некалькіх тыдняў. Калі гэта робяць не нацысты, ня крайнія правыя, а ўрады, то гэта адзіны крок, каб зьняць вастрыню гэтай тэмы.

Мы крытычна ацэньваем Беларусь, дзе на дэманстрацыюніхто не выходзіць. Але не выходзяць і ў Эўропе. Можа, мы назіраем аднолькавы працэс — постмадэрнісцкаму спажывецкаму грамадзтву напляваць на ўсё?

Карбалевіч: Палітычныя праблемы, зьвязаныя з уцекачамі, ня толькі не памяншаюцца, а нарастаюць. Паводле ацэнак, у 2016 годзе ў краіны Эўразьвязу прыбудзе яшчэ каля 1 мільёну ўцекачоў. Таксама зразумела, што менавіта правыя, нацыяналістычныя партыі будуць напоўніцу выкарыстоўваць гэтую тэму, што і адбываецца. Ня выключана, што і сапраўды, як вы, Юры, адзначылі, ствараецца агульнаэўрапейскі антыімігранцкі рух, партыі аднаго кірунку пачалі каардынаваць свае высілкі.

Той лёзунг, які быў вылучаны — «супраць ісламізацыі» — гэта добры паліттэхналягічны ход. Ня супраць уцекачоў, а менавіта супраць ісламізацыі. Аднак дэманстрацыі насамрэч ня надта масавыя. Толькі ў Дрэздэне 15 тысячаў чалавек, у іншых гарадах дэманстрацыі былі хутчэй сымбалічныя, чым рэальныя.

Дарэчы, у Нямеччыне, дзе стаўленьне да канцлэра Мэркель даволі крытычнае, галоўныя яе канкурэнты — сацыял-дэмакраты — у пытаньні мігрантаў займаюць яшчэ больш лібэральную пазыцыю.

Ну, і што да ўзроўню грамадзянскай актыўнасьці як такога, то мы крытычна ацэньваем Беларусь, кажам, што грамадзтва сьпіць, ніхто не пратэстуе, на дэманстрацыю не выходзіць. Але вось у Эўропе тэма, здавалася б, узрушыла грамадзтва, а людзі на вуліцы масава не выходзяць. Можа, мы назіраем аднолькавы працэс — постмадэрнісцкаму спажывецкаму грамадзтву напляваць на ўсё?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG