Стыпэндыяльная праграма імя Каліноўскага, па якой зь 2006 году навучаліся адлічаныя за грамадзкую і палітычную дзейнасьць студэнты, становіцца зноў актуальнай. Старшыня Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» Іна Кулей сказала Свабодзе, што цяпер ідуць перамовы з сэнатарамі Польшчы пра аднаўленьне праграмы.
«Сытуацыя цяпер ускладняецца, — сказала Кулей. — Я думаю, як прыйдзе вясновая сэсія, будзе значна больш людзей, што будуць патрабаваць дапамогі».
Праграма Каліноўскага была адкрытая ў 2006 годзе. Дзякуючы гэтай праграме беларускія студэнты, адлічаныя за актыўную дзейнасьць падчас прэзыдэнцкай кампаніі, змаглі працягнуць навучаньне ў Польшчы. У наступныя гады пад яе траплялі і іншыя адлічаныя студэнты зь ліку грамадзкіх актывістаў.
Аднак летась праграма зьмяніла характар. Цяпер гэта пасьлядыплёмная стыпэндыя для тых, хто ўжо мае вышэйшую адукацыю ў Беларусі. Камітэт «Салідарнасьць» ня змог уладкаваць у польскія ВНУ восем студэнтаў, якія пацярпелі за сваю грамадзкую і палітычную актыўнасьць у Беларусі ў канцы 2015-га і 2016 годзе.
«Салідарнасьць» і рух «За свабоду» шукаў магчымасьць для аднаўленьня гэтых студэнтаў. Шасьцёра цяпер вывучаюць польскую мову на курсах пры Польскім інстытуце ў Менску, яшчэ двое навучаюцца ў Польшчы ў рамках іншых праграмаў.
Сёлета мінімум два студэнты былі адлічаныя за грамадзкую і палітычную дзейнасьць. На многіх цяпер цісьне адміністрацыя ВНУ. Падчас вясновай сэсіі адлічаных можа стаць нашмат больш.
«Наша шматгадовая практыка паказвае, што наступствы здараюцца неабавязкова пасьля мітынгаў ці пратэстаў», — кажа Кулей.
Звычайна падчас сэсіі студэнта не дапускаюць да іспытаў, заніжаюць яму адзнакі альбо абвінавачваюць яго ў адміністрацыйных парушэньнях.
«Хоць звычайна гэта студэнты з высокімі адзнакамі. Раней яны ні ў чым не былі заўважаныя».
Прагназуючы адлічэньні з унівэрсытэтаў сёлета, камітэт «Салідарнасьць» пачаў перамовы зь сябрамі сэнату і зь міністрам навукі і вышэйшай адукацыі Яраславам Говіным.
«Але ці будзе адноўленая праграма ў старым фармаце, цяжка сказаць».
Ян Маліцкі, ініцыятар праграмы Каліноўскага, казаў летась, што ранейшы фармат можа вярнуцца, калі ў Беларусі пачнуцца новыя рэпрэсіі.
Камітэт «Салідарнасьць» вядзе маніторынг за ціскам на студэнтаў. Каб абараніць іх ад перасьледу з боку адміністрацыі, Іна Кулей раіць агучваць любыя запалохваньні. А на размовы ў дэканат ці да ідэолягаў варта, каб студэнт ішоў не адзін. Можна запрасіць журналіста, юрыста альбо сябра, які можа запісаць на дыктафон размову.
«Журналісты выратоўваюць у такіх сытуацыях, — кажа Кулей. — Бывае, што ад рэпрэсіяў устрымліваюцца».
Таксама яна раіць афармляць пісьмова ўсю камунікацыю з дэканатам. Калі хтосьці вусна папярэджвае пра выключэньне, студэнт мусіць патрабаваць пісьмовага адказу. Гэты дакумэнт спатрэбіцца пры абскарджаньні рашэньня. Ён таксама можа пацьвердзіць, што супраць студэнта вядуцца рэпрэсіі.
Па юрыдычную дапамогу можна зьвяртацца да праваабаронцаў Камітэту «Салідарнасьць» і праваабарончага цэнтру «Вясна». Таксама можна сабраць салідарных людзей, гатовых выступіць у абарону студэнта. Калі ў рэктарат прыйдзе ліст з подпісамі двухсот чалавек, гэта можа прадухіліць выключэньне.