Прымаючы з дакладам міністра гандлю Ўладзімера Калтовіча, Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў прыняць меры, каб усе гандлёвыя структуры, дзяржаўныя і прыватныя, працавалі ў роўных умовах, перадае БЕЛТА.
«І не глядзіце на забастоўкі нейкіх іпэшнікаў ці яшчэ кагосьці. Мы дакладна дамовіліся летась! Мы не пацаны, каб нас вадзіць за нос, тым больш мяне, — казаў Лукашэнка. — Мы дамовіліся — у гэтым ключы трэба дзейнічаць».
Лукашэнка рэзка скрытыкаваў прадукцыю, якой гандлююць прадпрымальнікі, а саміх гандляроў прыраўняў да бандытаў:
«Трэба разумець, што тыя, хто завозяць сюды рознага роду рызьзё, і нават добрай якасьці, калі б гэта было з Турэччыны, Кітаю, Расеі, і іншае — трэба разумець: усё, што мы завезьлі да сябе адтуль, мы настолькі ж загубілі сваю эканоміку, лёгкую прамысловасьць. Ня будзе яна разьвівацца. Тым больш без дакумэнтаў, без сэртыфікатаў. Слухайце! Гэта ж мы ўзаконьваем бандытызм, злачынцаў! Адных ловім, саджаем, а іншым дазваляем».
Ён паабяцаў, што сэртыфікацыя будзе толькі «першым крокам», і ў бягучым годзе будуць зробленыя «ўсе крокі». Тады, казаў Лукашэнка, лёгкая прамысловасьць і гандаль будуць у Беларусі «для ўсіх: і іпэшнікаў, іншых прыватнікаў, і для дзяржпрадпрыемстваў».
«Яны гэтага заўсёды патрабуюць — дайце нам роўныя ўмовы. Вось роўныя ўмовы», — рэзюмаваў ён.
Прадпрымальнікі на рынках і ў гандлёвых цэнтрах не працуюць больш за месяц, бо сьцьвярджаюць, што ня могуць атрымаць належных дакумэнтаў ад пастаўшчыкоў з Расеі, дзе тавары прадаюцца без патрэбных у Беларусі сэртыфікатаў. Эканамісты мяркуюць, што праз указ № 222, які патрабуе сэртыфікатаў, дзяржава «расчышчае рынак» для гандлёвых сетак, манапалістаў і «Беллегпраму».
За дзень да заяваў Лукашэнкі прадпрымальнікам паабяцалі правесьці адмысловую сустрэчу з уладамі адносна ўказу № 222. Нягледзячы на абяцаньні дыялёгу, грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» не адклікала заяўку на мітынг 15 лютага, адказ на якую мае прыйсьці ў сераду, 10 лютага.