8 лютага падчас пасяджэньня ў Мінэканомікі рабочай групы па пытаньнях дзейнасьці прадпрымальнікаў дасягнутая дамоўленасьць абмеркаваць прэзыдэнцкі ўказ № 222. Адмысловая сустрэча з прадстаўнікамі ўладаў прызначана на 11 лютага.
«Намесьнік міністра эканомікі Касьцевіч Ірына Анатольеўна падтрымала прапанову „Пэрспэктывы“ аб правядзеньні рабочай групы ў самыя кароткія тэрміны па пытаньнях указа 222 !!! Пасяджэньне адбудзецца 11 лютага 2016 года!», — напісаў у фэйсбуку кіраўнік Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка.
Шумчанка сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў сувязі з тым, што ўлады пайшлі на дыялёг, пытаньне аб правядзеньні мітынгу можа быць разгледжанае бліжэйшымі днямі. Паводле Шумчанкі, калі пытаньне ўдасца вырашыць шляхам перамоваў, то неабходнасьць у вулічнай акцыі адпадзе.
Раней прадпрымальнікі падалі заяўку на правядзеньне масавага мітынгу 15 лютага ў Менску.
Рабочая група па пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці была створана 4 лютага па распараджэньні міністра эканомікі Беларусі. Апроч чыноўнікаў, у яе склад увайшлі прадстаўнікі прадпрымальніцкіх арганізацый.