Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры помнікі архітэктуры, якіх заўтра можа ня стаць


18 красавіка ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў. Гэты Дзень усталяваны ў 1982 годзе Асамблеяй Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў (ICOMOS), што была створаная пры ЮНЕСКА.

Карэспандэнты Свабоды з розных рэгіёнаў Беларусі падрыхтавалі рэпартажы пра тое, у якім становішчы апынуліся адметныя архітэктурныя помнікі, застаўшыся без гаспадара і бяз увагі з боку дзяржавы.

Забытыя Кашубінцы: старадаўняя сядзіба на мяжы зьнішчэньня

Унікальная драўляная сядзіба ў Кашу́бінцах Гарадзенскага раёну пад пагрозай зьнікненьня. Цэлы год гарадзенская рамесьніца дамагалася, каб ёй прадалі занядбаную сядзібу дзеля рэстаўрацыі, але так і не дамовілася з кіраўніцтвам мясцовага сельгаспрадпрыемства. Нядаўна невядомыя пазрывалі з сядзібы дах і павырвалі вокны.

Гарадзенскія гісторыкі цьвердзяць, што падобных сядзібаў не засталося ня толькі на Гарадзеншчыне — іх адзінкі ва ўсёй Беларусі. Адна з гарадзенскіх газэтаў на мінулым тыдні апублікавала здымкі сядзібы, зь якой пазрывалі шыфэр.

Кашубінцы
Кашубінцы

А чыноўніца з «Агракамбінату Скідзельскі», на балянсе якога знаходзіцца сядзіба, патлумачыла журналістам, што маёнтак ня лічыцца помнікам архітэктуры — і, маўляў, «тэарэтычна мы можам разабраць яго як былы жылы дом, у якім ніхто не жыве».

Тым ня менш ужо ў выходныя дні сядзібу ізноў накрылі шыфэрам, вокны і дзьверы пазабівалі, і цяпер усярэдзіну так проста ня трапіш. Гарадзенская рамесьніца і дасьведчаная прадпрымальніца — спадарыня Валянціна год спрабавала дамовіцца з кіраўніцтвам гаспадаркі, каб закінутую сядзібу альбо аддалі, альбо прадалі ёй. Аднавіць яна мелася ня толькі сам маёнтак, але і парк з сыстэмай ставоў.

— Маёнтак папросту раскрадаюць, хто што хоча, тое і валакуць адтуль: сарвалі былі страху, вокны і падлогу павыдзіралі, цэглу павыносілі з кафляй, і печы ўжо аднавіць нават нельга — адным словам, кінулі на зьдзек. Я гэта бачыла на свае вочы, у мяне сэрца крывёю аблівалася. А мне сказалі, што лепей яе спаліць, чым аддаць мне, бо занадта шмат праблемаў. Я ўжо абышла ўсё начальства, і нават абласное, але нікому гэта не патрэбна — усе аднекваюцца і адмахваюцца. А гэта помнік 1824 году...

Спадарыня Валянціна кажа, што сядзібу нібыта выстаўлялі на аўкцыён, але яна нават не магла знайсьці, дзе той аўкцыён адбываўся. Цяпер мае быць паўторны аўкцыён, і яна чакае.

— Я ўжо цяпер не адна сачу за гэтым, усе мае сябры дапамагаюць, бо ўсе зацікаўленыя, каб аднавіць гэтую прыгажосьць. У мяне ўжо шмат плянаў, як аднавіць, што тут праводзіць, мае знаёмыя рамесьнікі і прадпрымальнікі выказваюць ахвоту дапамагаць у аднаўленьні. Але я ўжо так стамілася ў барацьбе з чынавенствам, што калі не атрымаецца і зараз нешта вырашыць, то болей проста ня маю на гэта сілаў.

Разам са мною сядзібу аглядае мясцовы краязнаўца Ўладзімер Трахімчык:

Мясцовы краязнаўца Ўладзімер Трахімчык паказвае, што шыфэр, які нядаўна пазрывалі на сядзібе, днямі аднавілі
Мясцовы краязнаўца Ўладзімер Трахімчык паказвае, што шыфэр, які нядаўна пазрывалі на сядзібе, днямі аднавілі

— Ну вось яшчэ некалькі месяцаў таму вокны былі цэлыя, а цяпер іх павырывалі і дошкамі пазакалочвалі. Шыфэр іншы паклалі, але навошта і хто пазрываў стары? Такі маёнтак, з такой гісторыяй — і так кінуты... Ён перажыў тры вайны, у савецкі час жылі людзі, і клюб тут быў, і кіно круцілі, і танцы былі, і чаго тут толькі не было. А цяпер узялі і проста кінулі такую прыгажосьць...

Побач з сядзібай рэшткі разрабаванай малачарні — некалі сыры адсюль вазілі на продаж у Горадню
Побач з сядзібай рэшткі разрабаванай малачарні — некалі сыры адсюль вазілі на продаж у Горадню

Мы праходзім вакол сядзібы, і Трахімчык распавядае і паказвае, дзе і што тут раней было. У свой час ён засьпеў яшчэ людзей, якія памяталі сядзібу за часамі пана Блаўдзевіча.

— Вось тут былі ставы, злучаныя каналам, а на той бок маёнтка яшчэ большыя тры ставы, яны нават яшчэ і засталіся — там, як узгадвалі мае землякі, надта шмат рыбы было. І пан Блаўдзевіч дазваляў лавіць нават вяскоўцам. А вунь там далей быў тэнісны корт, абнесены сеткай, парк вялікі — у ім нават начная падсьветка была. Старыя людзі, калі распавядалі пра гэта, то казалі, падобнай прыгажосьці ня бачылі нават у тэлевізары. Тут нават замкоў нідзе не было, ніхто нічога ня краў, усё было на даверы. І людзі ўзгадвалі гады жыцьця за панам як самыя шчасьлівыя...

Больш за год таму мне таксама даводзілася быць у Кашубінцах. Тады я размаўляў з тутэйшым чалавекам, які дзіцем жыў тут, памятаў пана, парк, сядзібу. Ён распавёў, як у 1939 годзе сюды прыйшлі бальшавікі. Пана Блаўдзевіча арыштавалі, але цэлая вёска выйшла да камэнданта НКВД і распавяла, што ніводнага чалавека за ўсё жыцьцё пан не пакрыўдзіў, і папрасілі яго адпусьціць. І пана адпусьцілі.

Гарадзенскія гісторыкі ў 2014 годзе падавалі заяўку ў Мінкультуры на ўключэньне сядзібы ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, але атрымалі адтуль адмову.

Мястэчка Расна: Ад касьцёла засталіся руіны, ад шматканфэсійнасьці — успаміны

У мястэчку Расна, што на Магілёўшчыне, дзесяцігодзьдзямі разбураецца касьцёл, аналягаў якому ва ўсходняй Беларусі няма. На ахоўных шыльдах пазначана, што ад касьцёла засталіся «руіны». Чыноўнікі заяўляюць, што будынак зьбіраюцца кансэрваваць, але дадаюць, што на гэта трэба вялікія грошы. Напярэдадні Міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных мясьцін карэспандэнт Свабоды наведаў Расна і пагутарыў зь яго жыхарамі пра лёс каталіцкай сьвятыні.

Касьцёл у Расьне
Касьцёл у Расьне

Будынак касьцёла — на вуліцы Будаўнікоў. Яна цэнтральная ў Расьне. На сьцяне дзьве шыльды з аднолькавым надпісам: «Гісторыка-культурная каштоўнасьць. Руіны касьцёла. Прычыненьне пашкоджаньня караецца па законе».

Усярэдзіне небясьпечна — цэгла асыпаецца.

Расна
Расна

Мінакі на вясковай вуліцы Будаўнікоў казалі, што будынак касьцёла трэба ратаваць, але наўрад ці хто за гэта возьмецца бліжэйшым часам.

«Яго ўжо браліся рэстаўраваць. Выставілі былі рыштаваньні, але далей справа не пайшла», — згадала адна зь мясцовых жыхарак.

Суразмоўніца не пагадзілася, што касьцёл неўзабаве ўшчэнт разбурыцца, і тады ратаваць ня будзе чаго.

«Дармо, што цэгла асыпаецца, — сказала яна. — Ён жа ў такім выглядзе стаіць шэсьцьдзесят зь лішнім гадоў. Будынку ж дзьве сотні гадоў, і вы хочаце сказаць, што ён хутка разваліцца? Ён яшчэ прастаіць гадоў пяцьдзясят — гэта пэўна», — сказала жанчына.

Ахоўная шыльда са згадкай пра «руіны касьцёла»
Ахоўная шыльда са згадкай пра «руіны касьцёла»

Наступная суразмоўніца таксама згадала, што сьвятыню браліся рэстаўраваць. Паводле яе, прыяжджала нейкае начальства, але неўзабаве актыўнасьць вакол гістарычнага помніка згасла.

«Як ніхто нічога ня будзе рабіць, дык зразумела, што такі велічны будынак зьнікне. Шкада яго, вядома ж. Мо музэй які б разьмясьцілі ў ім, ці што? У нас некалькі такіх старых будынкаў. Там далей за рэчкай — будынак панскага маёнтку стаіць без гаспадара. Але той будынак яшчэ не развалены», — сказала жанчына.

«Калі так і будзе працягвацца, дык пасьля нас нічога не застанецца, — са скрухай заўважыла суразмоўніца. — Калі нашаму пакаленьню няма калі глядзець за тым, што засталося ад нашых папярэднікаў, дык нашым дзецям пагатоў ні часу, ні жаданьня ня будзе. Такое дбаньне не прышчапляецца ні ў семʼях, ні ў школе».

Унутры касьцёла. А ці ёсьць што «кансэрваваць»?
Унутры касьцёла. А ці ёсьць што «кансэрваваць»?

«Прыяжджалі хлопцы з Польшчы і хацелі з нашага касьцёла зрабіць такі, як у іх у Варшаве, — далучылася да гутаркі яшчэ адна вяскоўка. — Пляны былі дужа вялікія на гэты касьцёл. Хацелі арган паставіць. Але калі яны ўсе выдаткі падлічылі, то вырашылі адмовіцца ад сваіх задумаў. Сродкаў у іх аказалася замала. Рыштаваньні расьцягнулі. Гэтак усё і засталося, як было».

Пляцоўка вакол будынка дагледжаная. Сьмецьце прыбранае. Побач з касьцёлам — яшчэ адна будыніна. У ёй некалькі год зьбіралася нешматлікая мясцовая каталіцкая грамада. Рэлігійную дзейнасьць больш як дзесяць год ужо прыпынілі. За гэты час пастаўлены тут драўляны крыж пасьпеў згніць і разваліцца.

Будынак, у якім спрабавалі адрадзіць каталіцкае жыцьцё ў Расьне. Цяпер крыж ля яго — і той паламаўся
Будынак, у якім спрабавалі адрадзіць каталіцкае жыцьцё ў Расьне. Цяпер крыж ля яго — і той паламаўся

Паводле даведніка Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, расенскі касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Казіміра быў асяродкам мясцовай каталіцкай парафіі, якая існуе з 1751 году. Саму мураваную сьвятыню асьвяцілі ў 1819 годзе.

Ва ўсходняй Беларусі расенскі касьцёл — ці не адзіны, які паўстаў пасьля акупацыі Расеяй тутэйшых зямель у 1772 годзе.

Дарэчы, сярод тых, хто адмовіўся прысягаць расейскай імпэратрыцы Кацярыне II, быў уладальнік Расны, вялікі стражнік літоўскі Аляксандар Пацей. За непадпарадкаваньне Расну ў Пацея забралі і перадалі ў пажыцьцёвае ўладаньне Марыі Прыклонскай.

Вуліца Будаўнікоў, на якой стаіць касьцёл
Вуліца Будаўнікоў, на якой стаіць касьцёл

Пабывалі ў Расьне і паўстанцы Кастуся Каліноўскага. За дапамогу атраду касінераў пад кіраўніцтвам Людвіка Зьвяждоўскага яшчэ аднаго ўладальніка Расны — Станіслава Стахоўскага — рэпрэсавалі.

У найноўшай гісторыі былі спробы арганізаваць расенскіх каталікоў у грамаду і адрадзіць рэлігійнае жыцьцё. Аднак, як згадвае чавускі ксёндз айцец Гжэгаж, асаблівага плёну яны не далі. Каталікі старэйшага пакаленьня паўміралі, а маладзейшыя да касьцёла не прыйшлі.

«Калі зьявяцца ў Расьне вернікі, то заўжды ёсьць адна дарога ў Касьцёле: супольнасьць хоча мець месца для сваёй малітвы, і тады вернікі думаюць пра касьцёл. А калі няма вернікаў, то гэты будынак варты, каб быць помнікам. Але пакуль для рэлігійнага жыцьця гэтага недастаткова», — канстатаваў айцец Гжэгаж.

Тым ня менш, паводле сьвятара, будынак касьцёла застаецца сымбалем таго, што ў Расьне жылі каталікі. «Гэта гістарычны помнік, які паказвае, як разьвівалася каталіцкая вера ў Беларусі і які абсяг яна абдымала. Гэта азначае, што каталіцкае жыцьцё было на тутэйшых землях і адраджаць яго пасьля шматгадовага ганеньня давядзецца не з нуля. Будынак касьцёла — напамін людзям, што варта вяртацца да сваёй веры ды хрысьціянскіх каштоўнасьцяў», — заключыў сьвятар.

Колішняя праваслаўная царква. Цяпер там дапаможная школа
Колішняя праваслаўная царква. Цяпер там дапаможная школа

У Расна жылі ня толькі каталікі, але праваслаўныя вернікі ды габрэі. У іх былі свае сьвятыні. Няцяжка ўявіць, выглядала б вёска, калі б тыя сьвятыні ацалелі. Царква і касьцёл былі б побач. Недзе паблізу і сынагога. Паміж імі рынак.

Цяпер царква прыстасаваная для патрэбаў мясцовай дапаможнай школы. Касьцёл разбураецца. Высьветліць, дзе ж дакладна была сынагога, дасьледчыкам гісторыі мястэчка не ўдаецца.

Пра шматканфэсійнасьць мястэчка згадала адна з жыхарак. «Мая мама расказвала, што тут быў касьцёл, дужа прыгожы, царква праваслаўная, побач сынагога. У Расьне шмат жыло габрэяў. Іх расстралялі ў вайну. Шмат старых апавядалі, як дзецьмі бачылі, як габрэяў вялі расстрэльваць».

«Што да касьцёла, дык шмат хто цікавіцца, — працягнула суразмоўніца. — Прыяжджаюць людзі. Аглядаюць будынак. Заходзяць у яго. Пакуль яшчэ ёсьць на што паглядзець. Я наагул баюся думаць, што тут пасьля нас застанецца. Гэты ж касьцёл будавалі на вякі. Тата расказваў, што некаторыя хацелі цэглу з будынка выбіваць, дык не атрымлівалася ў іх. Але калі не ўратаваць яго, то ён разбурыцца».

Цяперашняя праваслаўная царква
Цяперашняя праваслаўная царква

У Дрыбінскім райвыканкаме запэўнілі, што на бліжэйшую пэрспэктыву заплянаваныя працы па кансэрвацыі касьцёла. «Але ж вы зразумейце, што на кансэрвацыю патрабуюцца не мільёны, а мільярды рублёў», — дадала супрацоўніца райвыканкаму.

Касьцёл, узьведзены ў стылі клясыцызму, зачынілі ў 1930-х гадах. У ім разьмясьцілі клюб, а пазьней склад.

У шматканфэсійным некалі паселішчы, якое цяпер мае статус аграгарадка, у аднапавярховым цагляным доме разьмясьцілі праваслаўную царкву. У дзень, калі мы прыехалі ў Расну, сьвятыня была зачыненая. На цэнтральным пляцы беларускага мястэчка толькі адна шыльда на беларускай мове — «Крама».

Адзіны будынак у цэнтры Расны, на якім беларускае слова
Адзіны будынак у цэнтры Расны, на якім беларускае слова

Самы занядбаны архітэктурны помнік Воршы

Афіцыйна лічыцца, што рэшткі былога базыльянскага кляштара, помніка архітэктуры 18 стагодзьдзя, знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Пра гэта кажа шыльда на сьцяне колішняга жылога будынка, які з 2004 году стаіць бяз даху.

Будынак базыльянскага кляштара
Будынак базыльянскага кляштара

Аршанскія краязнаўцы ўжо ня першы год змагаюцца за тое, каб гаспадары помніка архітэктуры — Віцебская япархія праваслаўнай царквы — зрабілі хаця б кансэрвацыю будынка, накрыўшы яго часовым дахам. Аднак уласьнікі адмаўляюцца гэта рабіць, спасылаючыся то на недахоп сродкаў, то на пэрспэктывы будучай грунтоўнай рэстаўрацыі.

Навошта фасадная сетка?
Навошта фасадная сетка?

Праваслаўная япархія гаспадарыць у будынку з 2006 году. З таго часу толькі невялікая частка, прыкладна 1/5 гістарычнага помніка, займела дах, усё астатняе і далей разбураецца ад прыродных ападкаў. Узімку сьцены часткова, зь незразумелымі мэтамі, прыкрылі фасаднай сеткай, якую ўжо расшкуматала ветрам. А за плотам за апошні год вырас дыхтоўны дамок, які стаіць пусты. І драўніны, якая пайшла на будаўніцтва, цалкам хапіла б якраз на часовы дах.

Гаспадары пабудавалі драўляную цэркаўку
Гаспадары пабудавалі драўляную цэркаўку

Мясцовая аматарка даўніны, былая музэйная супрацоўніца Тацяна Вароніна напісала заяву ў аршанскую пракуратуру, каб правялі праверку законнасьці гэтай будоўлі. Бо на ахоўнай тэрыторыі забаронена будаваць што-колечы без папярэдніх дасьледаваньняў і адмысловага дазволу. Дасьледаваньняў не праводзілася пэўна, а наконт дазволу — ужо вядзецца праверка.

Дамок невядомага прызначэньня
Дамок невядомага прызначэньня

Зрэшты, зварот у пракуратуру — ужо ня першы ад аршанскіх краязнаўцаў. Адразу пасьля таго, як у 2004 годзе пад цяжарам сьнегу праваліўся дах, неабыякавыя гараджане заклікалі прыцягнуць гарадзкія ўлады да адказнасьці за абыякавае стаўленьне да гістарычнай спадчыны. І тады мясцовыя кіраўнікі аддалі аварыйны будынак праваслаўнай царкве.

Дамагчыся ад новых гаспадароў зрабіць хоць нешта, каб захаваць будынак, пакуль цяжка. Перапіска з царкоўнымі інстанцыямі вядзецца ўжо не адзін год, і бывала, што звароты грамадзкасьці проста ігнараваліся — заставаліся без адказу.

Кавалак сьцяны застаўся ад узарванай у 1960-я царквы
Кавалак сьцяны застаўся ад узарванай у 1960-я царквы

Напярэдадні 18 красавіка, Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясьцін, неабыякавыя аршанцы ініцыявалі збор подпісаў пад чарговым зваротам — да міністра культуры Барыса Сьвятлова і мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі. Справа ў тым, што Міністэрства культуры адмаўляецца ўмешвацца ў сытуацыю і настойваць на належным захаваньні будынка, бо ў яго ёсьць гаспадар. А прадстаўнікі праваслаўнай царквы заяўляюць, што ня будуць рабіць часовых захадаў па кансэрвацыі помніка, бо гэта нібыта забаронена заканадаўствам. Размовы пра праект рэстаўрацыі таксама аціхлі: прадстаўнікі БПЦ гавораць толькі пра фінансавыя цяжкасьці і ўжо ня згадваюць, што пару гадоў таму было заяўлена пра існаваньне банкаўскага рахунка дзеля мэтаў рэстаўрацыі. Куды падзеліся сродкі, ахвяраваныя дзеля гэтай мэты мастаком Міколам Купавам і іншымі грамадзянамі, застаецца невядомым.

У краязнаўцаў складаецца ўражаньне, што ўласьнікі архітэктурнага помніка знарок не займаюцца яго захаваньнем і чакаюць, пакуль ён зусім разбурыцца, каб займець падставы яго зьнесьці. І ўзьвесьці ў цэнтры Воршы чарговы навабуд.

Кляштар базыльянаў у Воршы
Кляштар базыльянаў у Воршы

Між тым будынак колішняга базыльянскага кляштара, які стаіць цяпер з праламаным дахам, мае выключнае гістарычнае значэньне, прынамсі ў гісторыі культуры Аршаншчыны. Тут пасьля напалеонаўскага нашэсьця знайшлі знакамітае Аршанскае эвангельле, у тутэйшай духоўнай вучэльні выкладаў вядомы фальклярыст Іван Насовіч, вучыўся пісьменьнік Міхась Зарэцкі. У 20–30-я гады мінулага стагодзьдзя тут працаваў краязнаўчы музэй, а зь цягам часу, пасьля рэстаўрацыі, тут меркавалі адчыніць мастацкі музэй.

Будынак жылога корпуса — гэта адзінае, што засталося ад комплексу кляштарных пабудоваў. У 1960-я гады «ваяўнічыя атэісты» ўзарвалі царкву Апекі Маці Божай, якая была архітэктурнай дамінантай Воршы. Уявіць, што за хараство было страчана, можна хіба па старых фатаздымках, або дзякуючы архітэктару Аляксандру Невару, які пры дапамозе 3D мадэляваньня віртуальна аднаўляе страчаныя сьвятыні, і яны «ажываюць» на сучасных фатаздымках. Днямі на сайце radzima.org зьявіліся ягоныя новыя працы, на якіх відаць і зруйнаваная паўвека таму царква, і жылы будынак кляштара, які яшчэ можна б адрэстаўраваць, каб не маўклівы супраціў цяперашніх гаспадароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG