Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плакс: «Боб Дылан перамог, таму што сёньня памёр Дарыё Фо»


Дзьмітры Плакс
Дзьмітры Плакс

Боб Дылан, амэрыканскі музыка, мастак і пісьменьнік, ляўрэат Пулітцэраўскай прэміі 2008 году, якога ў 2012 годзе прэзыдэнт Барак Абама ўзнагародзіў мэдалём Свабоды, сёлета стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

«За стварэньне новай паэтычнай выразнасьці ў вялікай амэрыканскай песеннай традыцыі», — так патлумачыла свой выбар Швэдзкая Акадэмія.

«Я лічу, што Боб Дылан перамог таму, што сёньня памёр Дарыё Фо», — беларускі пісьменьнік і журналіст Дзьмітры Плакс, які шмат гадоў жыве ў Швэцыі, высоўвае свае вэрсіі перамогі амэрыканскага творцы.

— Дзьмітры, усе ўражаныя ляўрэатам. Ваша вэрсія — чаму сёлета абралі менавіта Боба Дылана?

— Я ня раз казаў, што ніхто ніколі ня ведае, якімі крытэрамі карыстаецца Швэдзкая акадэмія. Акадэмікі робяць свой уласны выбар. Пра тое, што Боб Дылан павінен атрымаць Нобэлеўскую прэмію, казалі шмат гадоў. Але калі вы глядзелі саму цырымонію, то падчас абвяшчэньня сталы сакратар Швэдзкай Акадэміі Сара Даніюс зрабіла самую доўгую тэатральную паўзу ў гісторыі.

У мяне невялічкая прыватная тэорыя: Акадэмія сапраўды спрачалася да самага апошняга — аж да таго моманту, як сталы сакратар мусіла выйсьці і абвясьціць ляўрэата. І я думаю, што Боб Дылан перамог таму, што сёньня памёр Дарыё Фо (італьянскі драматург, рэжысэр, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1997 году. — РС). Паміж вэрбальнай традыцыяй камэдыі дэль артэ і рок-музыкай ёсьць драматургічная крывая.

Дарыё Фо таксама атрымаў Нобэлеўскую прэмію не «за кнігі», а за вэрбальнае мастацтва. Для мяне ў гэтым ёсьць відавочная сувязь з рок-музыкай.

— Што можна сказаць пра іншых прэтэндэнтаў, якія ўжо каторы год спыняюцца на фінішнай прамой — Адоніса ці Харукі Муракамі, на перамогу якога, дарэчы, спадзявалася леташняя нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч? Ці справядлівыя меркаваньні, што фігура сырыйскага паэта стала б сёлета занадта кантравэрсійным выбарам?

— З пункту гледжаньня звычайнага назіральніка Адоніс сёлета быў бы кантравэрсійным ляўрэатам.

Зь іншага боку, ужо шмат гадоў кажуць пра тое, што Акадэмія адмаўляецца даваць прэміі амэрыканскім аўтарам.

— Так, да Боба Дылана прэмію атрымала Тоні Морысан у 1993 годзе.

Калі наступным разам Нобэлеўскую прэмію нарэшце атрымае пісьменьнік для дзяцей, то гэта будзе лягічны выбар

— Гэта амаль чвэрць стагодзьдзя таму. Гэта таксама цікавы аспэкт і элегантнае выйсьце з гэтай сытуацыі. Боб Дылан — амэрыканскі аўтар, але атаясамленьне з амэрыканскай літаратурай — ня першая асацыяцыя, якая прыходзіць у галаву, калі ты чуеш яго імя.

Ёсьць і яшчэ адзін аспэкт — буйныя амэрыканскія пісьменьнікі, як Філіп Рот і Дон ДэЛіла, ужо, я думаю, не атрымаюць Нобэлеўскай прэміі.

— У Акадэміі ёсьць сваё тлумачэньне, за што Боб Дылан атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Але пераважная большасьць рэакцыяў, якія я пачула пасьля абвяшчэньня, — гэта рэакцыі зьдзіўленьня, накшталт «за песьні ўжо даюць Нобэлеўскія прэміі?». Можна вас папрасіць патлумачыць, за што Дылану дасталася ўзнагарода?

— Боб Дылан — гэта ня проста песьні. Хтосьці са швэдзкіх журналістаў, здаецца, Магнус Юнгрэн, калісьці пісаў пра падабенства Боба Дылана і Аляксандра Пушкіна. Як Пушкін для Расеі ня проста паэт, так і Боб Дылан — гэта ня проста рок-музыка. Гэта голас пакаленьня. Гэта сымбаль. Магчыма, гэта ня тая паэтычная шчыльнасьць, якая ёсьць у тэкстах найвялікшых паэтаў, у таго ж Адоніса. Але гэта ня проста тэксты песень.

Да таго ж рэдка ўсе бываюць задаволеныя выбарам Швэдзкай акадэміі. Звычайна кажуць: «Хто гэта? Што гэта за пісьменьнік? Што ён напісаў? На якіх мовах?». А тут раптам пытаньняў няма. Усе ведаюць, хто такі Боб Дылан.

Думаю, Швэдзкая Акадэмія сьвядома спрабуе пашырыць межы таго, што сёньня ёсьць літаратура. Гэта канцэптуальны выбар. Бо мінулагоднюю ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч шмат хто абвінавачвае ў тым, што яна «насамрэч журналістка».

Я думаю, што калі наступным разам Нобэлеўскую прэмію нарэшце атрымае пісьменьнік для дзяцей, то гэта будзе лягічны выбар. На мой сьціплы погляд, яе павінна была атрымаць Астрыд Ліндгрэн. І не атрымала толькі таму, што літаратура для дзяцей у той час лічылася літаратурай другога гатунку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG