Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грукаючы ў браму нябёсаў


Кадр з фільму «Пэт Гэрэт і Білі Кід»: Крыс Крыстофэрсан, Чарлз Мартын Сьміт, Боб Дылан.
Кадр з фільму «Пэт Гэрэт і Білі Кід»: Крыс Крыстофэрсан, Чарлз Мартын Сьміт, Боб Дылан.

Больш чым паўстагодзьдзя трывае пасьпяховая музычная кар’ера амэрыканскага сьпевака Боба Дылана, якому ўчора споўнілася 75 гадоў.

Сёньня Боб Дылан — жывая ікона амэрыканскай і сусьветнай поп-культуры. Ён усё яшчэ выступае з канцэртамі па ўсім сьвеце, зьбіраючы поўныя залі гледачоў. І ўсё яшчэ запісвае — не далей як на мінулым тыдні выйшаў ягоны 37-ы студыйны альбом пад назвай «Fallen Angels». Праўда, на гэтым альбоме, як і на папярэднім — «Shadows in the Night» (2015) — няма арыгінальных кампазыцый Дылана, а толькі кавэры папулярных песень амэрыканскіх кампазытараў. Але арыгінальная творчасьць Боба Дылана ўражвае: ён напісаў музыку і тэксты для амаль 500 песьняў. Шматлікія ягоныя песьні трывала ўвайшлі ў скарбонку сусьветнай музычнай культуры і сталі музычнымі стандартамі, выконваць якія бяруцца ўсё новыя пакаленьні выканаўцаў.

Сёньня мне захацелася прыгадаць адну такую песьню Боба Дылана, якую падхапілі і папулярызавалі па ўсім сьвеце каля двух дзясяткаў вядомых выканаўцаў. Песьня называецца «Кnockin’ on Heaven’s Door», і была напісана Бобам Дыланам як музычная ілюстрацыя для фільму амэрыканскага рэжысэра Сэма Пэкінпа «Пэт Гэрэт і Білі Кід» (1973). Дылана папрасілі ня толькі напісаць музыку, але і далі яму ролю ў гэтым неблагім «анты-вэстэрне». Фільм распавядае гісторыю двух сяброў, згаданых Пэта Гэрэта і Білі Кіда, якія спачатку былі па-за законам. Потым Пэт кінуў бандыцкі занятак і стаў шэрыфам, і гэта яму давялося ліквідаваць банду Білі. Як у іншых фільмах Сэма Пэкінпа, і ў гэтым шмат гвалту, крыві і жорсткасьці. Гвалтоўны характар фабулы знакаміта адцяняе спакойная, рэфлексіўная музыка Дылана.

Песьня «Кnockin’ on Heaven’s Door» (Грукаючы ў браму нябёсаў) — геніяльная ў сваёй прастаце. Яна абапёртая на паўторы чатырох акордаў, а словы гавораць пра апошнія хвіліны жыцьця сьмяротна параненага намесьніка шэрыфа:

Mama, take this badge off of me
I can’t use it anymore.
It’s gettin’ dark, too dark to see
I feel I’m knockin’ on heaven’s door.

Knock, knock, knockin’ on heaven’s door
Knock, knock, knockin’ on heaven’s door...

Выконваючы гадамі гэтую песьню на канцэртах, Дылан мяняў словы і дапісваў новыя; падобна рабілі і іншыя выканаўцы ў сваіх кавэрах. Тут мы прэзэнтуем толькі тры кавэры гэтай адной з найбольш вядомых песень Дылана: Эрыка Клэптана з 1970-х гадоў, гурту «Guns N’ Roses» (1999) і Аўрыл Лавін (2003).

Уражаньне ў мяне такое, што Боб Дылан неяк «не прыжыўся» ў музычнай сьвядомасьці мэляманаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы. Магчыма, ён для нас занадта амэрыканскі, занадта ўкаранёны ў амэрыканскай фолк-музыцы. Або, магчыма, усе мы надта слаба ведаем ангельскую мову, каб ацаніць творчасьць Боба Дылана напоўніцу. Бо ён — ня толькі выдатны музыка, але і паэт сусьветнага фармату. Ужо колькі гадоў прозьвішча Боба Дылана зьяўляецца ў розных букмэкерскіх сьпісах фаварытаў на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG