Плошча перад расейскай амбасадай у Вашынгтоне атрымала імя забітага апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова. Пра тое, што адпаведны законапраект зацьверджаны і набыў сілу, паведаміў старшыня Фонду Нямцова Уладзімір Кара-Мурза-малодшы.
Уладзімір Кара-Мурза-малодшы ўдакладніў, што афіцыйная цырымонія адкрыцьця плошчы адбудзецца 27 лютага, у трэцюю гадавіну забойства Барыса Нямцова.
Гарадзкая рада Вашынгтону ў пачатку студзеня аднагалосна прагаласавала за паскораны парадак прыняцьця законапраекту аб плошчы Нямцова. Да гэтага дакумэнт падтрымалі ў профільным камітэце.
Барыс Нямцоў быў застрэлены на Вялікім Маскварэцкім мосьце 27 лютага 2015 году. Абвінавачанаму ў забойстве Нямцова Зауру Дадаеву далі 20 гадоў калёніі. Расейскія СМІ сьцьвярджалі, што паказаньні Дадаеву дыктаваў сьледчы. Родныя і паплечнікі Нямцова настойвалі на датычнасьці да забойства кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, а арганізатарам злачынства неаднаразова называлі былога намесьніка камандзіра батальёну «Поўнач» Руслана Герэмеева, у час сьледзтва ні разу не дапытанага.
Маскоўскія ўлады перашкаджаюць устаноўцы памятнай шыльды ў гонар апазыцыянера, а камунальныя службы пастаянна руйнуюць народны мэмарыял на месцы забойства палітыка. У жніўні мінулага году ў Маскве памёр актывіст Іван Скрыпнічэнка, на якога на месцы забойства Нямцова напаў невядомы.