Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка забітага палітыка Нямцова: «Абмяркоўваць Пуціна — гэта як абмяркоўваць Мугабэ»


Жана Нямцова
Жана Нямцова

У Бэрліне 9 кастрычніка адкрыўся другі Форум Барыса Нямцова. Сёньня палітыку споўнілася б 58 гадоў. Яго дачка Жана Нямцова, якая ўзначальвае фонд імя бацькі, распавяла Радыё Свабода пра задачы гэтага двухдзённага мерапрыемства, і пра тое, чаму сучаснай расейскай апазыцыі не варта «зацыклівацца на пуцінізме».

Прапануем вам пераклад фрагмэнту інтэрвію

Нямцова: Як правіла, заўсёды расейскія форумы прысьвечаныя дзьвюм праблемам — гэта праблема пуцінізму і праблема будучага апазыцыі, так склалася. Мне здаецца, хопіць абмяркоўваць пуцінізм, таму што пуцінізм існуе ў Расеі 17 гадоў — гэта нейкая канстанта. І калі мы на гэтым факусуемся, то мы замарожваць разам з гэтым пуцінізм і не глядзім шырэй. Наша задача, задача гэтага форуму — абмяркоўваць будучыню з розных пунктаў гледжаньня. На самай справе гэта будучыня ўжо наступіла. Можа быць, мы яе не заўважаем, мы хочам працаваць па-старому ў СМІ, у палітыцы і гэтак далей. Але будучыня наступіла. У тым ліку гэта зьвязана, вядома, з фантастычным разьвіцьцём лічбавых тэхналёгіяў.

Мы будзем абмяркоўваць будучыню. Новы сусьветны парадак. Глядзіце, што адбылося: Трамп выйграў выбары, ніхто ня мог гэтага прадказаць. Дарэчы, многія выбаршчыкі Гілары не пайшлі галасаваць, а ён змог мабілізаваць свой электарат. Каталёнія хоча абʼявіць незалежнасьць, рэфэрэндум праходзіў, тысячы людзей прыйшлі на ўчасткі. Магчыма, дарэчы, Каталёнія абвесьціць аб незалежнасьці падчас форуму Нямцова. Гэта тое, што тычыцца палітыкі. Тое, што тычыцца бізнэсу, — біткойн раптам, тэхналёгія блокчэйна, усё гэта абмяркоўваюць.

Новыя каналы камунікацыі. Навальны — чалавек з інтэрнэту. Фільм «Ён вам не Дзімон» змог мабілізаваць велізарную колькасьць людзей, якія выйшлі на вуліцы і працягваюць выходзіць на вуліцы. Увогуле, усё мяняецца. Гэта будучыня, мы баімся яе, яе трэба абмяркоўваць і трэба разумець, як на ўсё гэта рэагаваць, жыць у гэтай будучыні, адаптавацца да гэтай будучыні.

Я лічу, што мой бацька Барыс Нямцоў заўсёды асацыяваўся з будучыняй. Будучыня — гэта нешта добрае. І мой бацька будучыні не баяўся, ён быў палітыкам будучыні, і ён умеў адаптавацца і быць пасьпяховым у любых умовах.

Назавіце мне, калі ласка, хоць аднаго палітыка з 1990-х, які стаў пасьпяховым у інтэрнэце? Я не магу вам сказаць. А мой бацька быў. У фэйсбуку ў яго было больш за сто тысячаў падпісчыкаў, пачынаў ён з ЖЖ, ён умеў размаўляць на гэтай мове. Ён быў адным з першых, хто пачаў публікаваць антыкарупцыйныя даклады. Гэта значыць размова пра будучыню, больш шырокую, чым пуцінізм, — гэта вельмі важна, гэта ў духу майго бацькі.

Апошняе, што я хачу сказаць: напэўна, абмяркоўваць Пуціна — гэта як абмяркоўваць Мугабэ (Робэрт Мугабэ, шматгадовы прэзыдэнт Зімбабвэ. — РС). Мугабэ ж ва ўладзе з 1987 года, калі я не памыляюся. Гэта значыць, мне было тры гады, калі Мугабэ прыйшоў да ўлады. У нейкі момант факусавацца выключна на гэтых асобах і абмяркоўваць іх, калі мы ўсе разумеем, што ў нас адбываецца, гэта недальнабачна.

Мне здаецца, мой бацька быў адчайным патрыётам, я таксама адчайны патрыёт, вельмі хачу вярнуцца ў Расею. Адчайныя патрыёты вераць у лепшае і спрабуюць у меру сваіх магчымасьцяў нешта зрабіць, яны на нешта спадзяюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG