Адмыслова для ўдзелу ў конкурсе музыка разам з паэтам Алесем Сьнегам напісаў песьню «Чаму?».
У камэнтары Свабодзе Пётар Клюеў сказаў, што лічыць сваёй галоўнай мэтай «нагадаць пра беларускую мову».
«Я яшчэ ня вырашыў, у чым буду выступаць. Звычайна ў маім адзеньні прысутнічае герб „Пагоня“. Магчыма, на адборы я абмяжуюся толькі вышыванкай, яшчэ ня вырашыў. У любым разе, мая мэта — паказаць гэтай тусоўцы, што ёсьць беларуская мова, што ёсьць нашы нацыянальныя сымбалі», — сказаў музыка.
Ён таксама адзначыў, што выступ па-беларуску вельмі добра ацанілі б ва Ўкраіне, дзе пройдзе міжнародны конкурс «Эўрабачаньне-2017»:
«Ёсьць меркаваньне, што на „Эўрабачаньні“ найбольшыя шанцы маюць песьні на ангельскай мове. Але былі выпадкі, калі перамагалі песьні на нацыянальных мовах, напрыклад, на сэрбскай. Летась пераможца Джамала сьпявала па-ангельску і на мове крымскіх татараў. Атрымліваецца, што часам не спрацоўваюць стандарты, якія павінны ўсім падабацца, а перамагае тое, што зроблена шчыра і гэтым чапляе. Я думаю, у выпадку, калі мне давядзецца ехаць у Кіеў, то ўкраінцы дадуць мне 12 балаў. Беларускамоўная песьня ад беларускага выканаўцы — гэта ім дакладна спадабаецца».
Адбор на «Эўрабачаньне» адбудзецца 30 лістапада ў Белтэлерадыёкампаніі.
Пётар Клюеў — беларускі музыка і шоўмэн. 2 кастрычніка ён разам з гуртам «Амплітуда сьмеласьці» (у склад якога ўвайшлі ўдзельнікі Trubetskoy Руслан Уладыка і Аляксандар Старажук, а таксама басіст Сяргей Адамовіч) выступіў на ўкраінскім тэлешоў «X-фактор».
Гурт прайшоў у наступны этап конкурсу зь песьнямі Queen «Crazy Little Thing Called Love» і «Асьцярожна, лістапад» на верш Генадзя Бураўкіна. Клюеў і ўсе ўдзельнікі гурту «Амплітуда сьмеласьці» выступалі ў цішотках з «Пагоняй». У залі падчас выступу лунаў бел-чырвона-белы сьцяг.