Беларускі музыка Пётар Клюеў і гурт «Амплітуда сьмеласьці» (у складзе якога выступілі ўдзельнікі Trubetskoy Руслан Уладыка і Аляксандар Старажук, а таксама басіст Сяргей Адамовіч) выступілі на ўкраінскім тэлешоў «X-фактор». Выступ спадабаўся журы ў складзе Канстанціна Мэладзэ, Антона Саўлепава, Юліі Санін і Андрэю Данілку (вядомаму па вобразе Веркі Сярдзючкі), хоць яны пакрытыкавалі ўзровень майстэрства Клюева.
Гурт прайшоў у наступны этап конкурсу зь песьнямі Queen «Crazy Little Thing Called Love» і «Асьцярожна, лістапад» на верш Генадзя Бураўкіна (у эфіры паказалі толькі першую). Клюеў, як і абяцаў, размаўляў з журы па-беларуску.
«Амплітуда сьмеласьці» працягне рыхтавацца да выступаў у трэніровачным лягеры ў Кіеве, але тым жа часам прапануе выступы ў Беларусі ў якасьці кавэр-бэнду, а таксама зь песьнямі на вершы беларускіх паэтаў.