Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётар Клюеў прайшоў адбор на ўкраінскі «Ікс-фактары». Будзе выступаць з «Пагоняй» на грудзях


Пётар Клюеў
Пётар Клюеў

Адбор Пётар Клюеў прайшоў зь песьняроўскімі «Слуцкімі ткачыхамі», на конкурсе выступіць з аўтарскай песьняй і кавэрам.

Беларускі сьпявак Пётар Клюеў з гуртом «Амплітуда сьмеласьці» прайшоў адбор на ўкраінскае музычнае тэлешоў «Ікс-фактор». Запіс шоў зь яго ўдзелам адбудзецца ў Кіеве 24 ліпеня і, як распавядае Свабодзе Клюеў, мае выйсьці ў эфір у канцы лета ці пачатку восені.

«Калі два з трох судзьдзяў скажуць „так“, то застануся ў праекце, далей буду ў Кіеве жыць, рэпэтаваць, здымацца, — распавядае ён. — Адна песьня будзе ў мяне аўтарская, другая будзе кавэрам, так прасілі падрыхтаваць. У наступных раўндах, ведаю, трэба будзе сьпяваць дуэтам».

Адбор праходзіў у менскім Палацы спорту ў красавіку. Клюеў выступаў зь песьняй «Слуцкія ткачыхі» гурту «Песьняры», пры чым выступаў у цішотцы і кепцы з «Пагоняй», быў адзіным беларускамоўным канкурсантам.

Склад музыкаў, зь якімі паедзе Клюеў, пакуль вырашаецца, бо ў праекце «Амплітуда сьмеласьці» бяруць удзел у тым ліку музыкі, якія граюць з «Крамбамбуляй», J_mors і Trubetskoy, і трэба падладжвацца пад іх расклад.

«Я зьбіраюся зрабіць моцны пасыл, — дадае Клюеў. — Нарэшце на конкурс трапіць беларускамоўны беларус, можна будзе нарэшце паказаць Украіне, якія беларусы ёсьць. Я зьбіраюся з журы размаўляць па-беларуску, хіба што там будзе грузінка Ніно Катамадзэ, калі яна не зразумее, то перайду на расейскую. Але рэшту журы буду прасіць размаўляць па-ўкраінску.

І я зьбіраюся выйсьці з „Пагоняй“ на грудзёх, бо яна блізкая майму сэрцу. Які я ёсьць у жыцьці, такі буду і на сцэне. Бо звычайна, калі беларусы прыяжджалі ў Кіеў на кастынгі, яны паводзілі сябе нібы „я чалавек сьвету, а што я зь Беларусі, то ня важна“. Я ж гэтым ганаруся. На жаль, такая элемэнтарная рэч будзе незвычайнай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG