Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Басанож у парлямэнце. Як прайшоў першы дэпутацкі дзень Надзеі Саўчанкі


Першага працоўнага парлямэнцкага дня Надзеі Саўчанкі, якая ўсяго колькі дзён як вярнулася з расейскай турмы, безь перабольшаньня чакалі ўсе. «Што, на Саўчанку?» — пыталіся адзін у аднаго журналісты ў чарзе перад уваходам у Вярхоўную Раду Ўкраіны.

Надзея саўчанка з кавай і цыгарэтай перад парлямэнтам
Надзея саўчанка з кавай і цыгарэтай перад парлямэнтам

Украінская гераіня, якая катэгарычна патрабуе ад журналістаў называць яе лётчыкам, а ня лётчыцай, прыйшла да парлямэнту ў белай сарочцы і з украінскім сьцягам на плячах. За дзесяць хвілін перад пачаткам пасяджэньня зайшла ў сэсійную залю. Яе суправаджаў паліттэхноляг партыі «Бацькаўшчына» Аляксандар Абдулаў. Побач зь ім аказалася і яе працоўнае месца. А з другога боку побач з Саўчанкай сядзіць Андрэй Кажамякін — генэрал-лейтэнант Службы бясьпекі Ўкраіны, таксама дэпутат ад «Бацькаўшчыны». Надзея — галоўны прадмет назіраньняў журналістаў. Ім усё цікава — з кім яна размаўляе, як рэагуе на выступы сваіх калегаў па парлямэнце, каго і як слухае. Яе выступ стаў такой урачыстай хвілінай — дэпутаты слухалі яе стоячы і пляскалі ў ладкі, калі яна сказала, што не дазволіць «усім, хто сядзіць у крэслах Вярхоўнай Рады, забыцца пра тых хлопцаў, якія пачыналі паміраць за Ўкраіну на Майдане і цяпер працягваюць паміраць на Данбасе».

Менавіта гэтая тэма, падобна, і стане галоўным кірункам яе бліжэйшай дэпутацкай дзейнасьці. Па-баявому Надзея адрэагавала на разгляд зьменаў у закон «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі» пра вызваленьне ад мабілізацыі блізкіх сваякоў жаўнераў, якія загінулі, беручы непасрэдны ўдзел у антытэрарыстычнай апэрацыі.

Калі старшыня Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій абвясьціў пра пачатак працэдуры галасаваньня, Саўчанка ўзьнялася, разьвярнулася на залю ды голасна і патрабавальна выгукнула «Галасуем!».

«Сёньня былі ўхваленыя два добрыя законы, адзін зь якіх — пра зьніжэньне падаткаў на аўтамабілі, якія былі ў выкарыстаньні, і другі — пра тое, што мабілізацыя ня мае права забіраць у маці другога сына, калі першы загінуў. Я не разумею, чаму гэтая норма адразу не ўвайшла ў гэты закон», — дзеліцца Надзея сваімі ўражаньнямі з журналістамі ў перапынку.

Адрапартаваўшы па-вайсковаму коратка, адразу ж узялася за сваю памочніцу: гэтыя дакумэнты пакладзі мне на стол, а гэтыя дакумэнты ты маеш апрацаваць сама. Надзея хуценька згортвае размову з журналістамі і бяжыць на вуліцу — курыць. А тут раптам заўважае на плошчы перад парлямэнтам акцыю пратэсту супраць ухваленьня закону, які скарачае да 35 адсоткаў прысутнасьць украінскай музыкі ў тэлерадыёэфіры. І заварожана слухае ўкраінскіх музыкаў, якія ўжывую выступаюць на акцыі.

«Ламаць праз калена не заўсёды трэба. Але для моладзі, для дзяцей усё павінна быць толькі ўкраінскаю моваю. Бо мы выхоўваем новае пакаленьне. Мы павінны максымальна запоўніць эфір украінскім. Цяпер 35 адсоткаў, праз паўгода — 50. Калі мы навучымся слухаць сваё, мы можам слухаць і чужое», — сказала Надзея Саўчанка ў размове з музыкамі.

Зь першых сваіх хвілінаў у парлямэнце Надзея толькі пацьвярджала адпаведнасьць свайму псэўданіму: пралятала як куля між журналістамі, не забываючы пры гэтым патрабаваць сабе прасторы.

Ахвотных зь ёй паразмаўляць усё яшчэ шмат. Так было з усімі дэпутатамі, якія прыйшлі ў парлямэнт пасьля Майдану: Уладзімірам Парасюком, Дзьмітром Ярашам, Міхайлам Гаўрылюком ды іншымі актывістамі. Цяпер яны ўсё менш і менш узгадваюцца ў журналісцкіх матэрыялах. Але ў Надзеі, прынамсі, яшчэ ёсьць час, каб не паўтарыць іхніх памылак.

«Першыя ўражаньні — працуем ва ўмовах базару. Часам здаецца, што дэпутаты — школьнікі, якія лянуюцца, а ёсьць і такія, хто сачкуе, бо ім проста лянота працаваць. Дзіўнае ўражаньне. Можа, я даўно іх па тэлебачаньні бачыла, але такое ўражаньне, што я тут сядзела і працавала ўжо даўно. Я зарыентавалася. Мяне гэта не палохае абсалютна. Мне цяжэй вось зараз будзе да людзей выйсьці, а з дэпутатамі мне зусім ня страшна, ня цяжка, абсалютна нармальна», — сказала Надзея Саўчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG