Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вызваленьне Саўчанкі — гэта сьведчаньне, што мы можам перамагчы»


Вольга Мікалайчык пікетуе пасольства Расеі ў Менску
Вольга Мікалайчык пікетуе пасольства Расеі ў Менску

Беларускія грамадзкія актывісты актыўна падтрымлівалі Надзею Саўчанку, зладзілі 6 пікетаў у падтрымку ўкраінскай лётчыцы каля будынку амбасады Расейскай Фэдэрацыі ў Менску, патрабуючы яе вызваленьня, атрымалі за гэта шматмільённыя штрафы.

Незалежная рэжысэрка Вольга Мікалайчык удзельнічала ў 6 пікетах за вызваленьне Надзеі Саўчанкі. Пасьля кожнай акцыі былі суды. Агулам штрафы, прысуджаныя актывістцы, склалі 50 мільёнаў рублёў. Цяпер Вольга Мікалайчык рыхтуецца да паездкі ў Кіеў, дзе мае спадзеў сустрэцца з Надзеяй Саўчанкай.

«Калі я пачула навіну пра вызваленьне, то я адрэагавала вельмі па-жаночы — заплакала. Узьнікла адчуваньне, што дабро перамагло зло, а праўда — хлусьню. А гэта значыць, што змагацца да дабро, праўду і справядлівасьць — варта.

Вызваленьне Саўчанкі — гэта сьведчаньне, што мы можам перамагчы. Надзея — з намі, яна нас не пакінула.

Я хутка еду ў Кіеў, дзе паспрабую сустрэцца з Надзеяй. Я стэлефаноўвалася зь яе маці, мы бачыліся зь ёй узімку, калі я перадавала самаробныя паштоўкі для Надзеі. Хочацца тэрмінова ехаць у Кіеў, каб сустрэцца з Надзеяй».

Натальля Басалыга-Гарачка: «Саўчанка — украінка, а большасьць украінцаў — гэта ваяры, а не палітыкі»

Натальля Басалыга-Гарачка
Натальля Басалыга-Гарачка

У пікетах у падтрымку Саўчанкі брала ўдзел і праваабаронца Натальля Басалыга-Гарачка, яе таксама каралі штрафамі за салідарнасьць з Саўчанкай— сумарна на 21 млн рублёў. Праваабаронца разважае: у Саўчанкі ня той характар, каб займацца палітыкай, дый лепей ёй адпачыць і аднавіць здароўе, перад тым як перайсьці да спраў.

«Можна было і хутчэй вызваліць яе, але там усялякія юрыдычныя нюансы былі. Чакалі, ці апратэстуюць прысуд адвакаты гэтых ГРУ-шнікаў. Яны не апратэставалі, таму на наступны ж дзень Саўчанку вызвалілі. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня ўсё зроблена ў свой час, але з чалавечага — можна было б і хутчэй.

Цяпер Надзея павінна адпачываць, наладзіць здароўе, аднавіць арганізм. Толькі потым яна можа нечым займацца. Але ня думаю, што яна будзе актыўным гульцом сама. Яе могуць выкарыстоўваць у сваіх гульнях нейкія партыі, але я ня думаю, што яна сама будзе займацца палітыкай. Яна можа займацца справамі ваяроў АТА, іх рэабілітацыі, вызваленьня іншых палонных з Расеі. У яе не такі склад псыхікі, характару, яна інакшая.

Яна ўкраінка, а большасьць украінцаў — гэта ваяры, а не палітыкі. Таму і ўзьнікла гэтая сытуацыя цяпер ва Ўкраіне, што, адваяваўшы свабоду, яны ня могуць яе ўтрымаць».

Юлія Сьцяпанава: «Я асабіста галадала 5 дзён на знак салідарнасьці з Саўчанкай»

Юлія Сьцяпанава
Юлія Сьцяпанава

Грамадзкая актывістка Юлія Сьцяпанава выходзіла на пікеты да ўкраінскай амбасады з плякатамі «Свабоду Надзеі Саўчанцы» і на знак салідарнасьці з галадоўкай украінскай лётчыцы таксама 5 дзён галадала:

«Мы вельмі рады, што Надзея нарэшце на свабодзе. Мы ўсёй сямʼёй глядзелі са сьлязьмі на вачах онлайн сустрэчы Саўчанкі на сайце Радыё Свабода. Вельмі ўзрушаныя. Кранальныя, хвалюючыя моманты. Вельмі радасна і здорава, што яе вызвалілі. Як маглі, так і падтрымлівалі Надзею. Ладзілі пікеты. Я асабіста галадала 5 дзён, больш ня вытрымала, мне пачала моцна балець галава. Як змагла, столькі і пратрымалася. Хацелася б, каб Надзея ведала, што ва ўсіх краінах вельмі шмат людзей яе падтрымліваюць, перажываюць за яе. Каб яна ведала, што і ў Беларусі патрабавалі яе вызваленьня, сочаць за яе лёсам. Мы доўга чакалі гэтага шчасьлівага моманту. Нарэшце Надзея на свабодзе, на радзіме».

Леанід Кулакоў: «Я ганаруся, што і ў Беларусі ёсьць людзі, якія не баяцца і выходзяць на акцыі, каб абараняць праўду»

Максім Вінярскі і Леанід Кулакоў
Максім Вінярскі і Леанід Кулакоў

Леанід Кулакоў, грамадзкі актывіст з «Эўрапейскай Беларусі», выказвае павагу беларусам, якія выйшлі патрабаваць вызваленьня ўкраінскай лётчыцы, ведаючы пра рэпрэсіі і штрафы:

«Увесь сьвет устаў на абарону Надзеі Саўчанкі. А Беларусь — гэта маленькая кропля ў моры ў параўнаньні з усім сьветам. Я ганаруся, што і Беларусь не засталася ўбаку, што і ў Беларусі ёсьць людзі, якія не баяцца і выходзяць на пікеты, акцыі, каб абараняць праўду, іх не палохаюць ні арышты, ні штрафы. Галоўнае, што Надзея Саўчанка, чалавек, які пацярпеў нізавошта, цяпер на свабодзе. Вельмі шчасьлівы за Надзею, за тое, што справядлівасьць і дабро перамаглі. Спадзяюся, што пра нашу сьціплую падтрымку яна даведаецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG