Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадановіч: Укладаючы «Перавыбранае» Барадуліна, адкідаў выбітнае для найвыбітнейшага


У сэрыі «Паэты плянэты» ўпершыню выйшла кніга не замежнага, а беларускага аўтара. «Перавыбранае» — укладзены паэтам Андрэем Хадановічам зборнік вершаў Рыгора Барадуліна.

У інтэрвію Свабодзе Андрэй Хадановіч расказаў, чаму ў зборнік увайшлі роўна сто вершаў і якім паўстае дзядзька Рыгор праз абраныя для выданьня творы.

— Чаму Барадулін трапіў у сэрыю, якая задумвалася як шэраг беларускіх перакладаў замежных клясыкаў?

— Паўгода таму незалежны выдавец Зьміцер Колас з аднадумцамі адважна прыдумалі сэрыю, куды ў беларускіх перакладах увайшлі клясыкі сусьветнай паэзіі розных эпохаў. І гэтая сэрыя надзіва добра пачала выходзіць — за паўгода выйшла 15 кніг. Сталі вырашаць, каго б было ня сорамна паставіць на адной палічцы з Апалінэрам і Бадлерам, з Шэксьпірам і Джонам Кітсам, з Сапфо і Амарам Хаямам. Шмат пра каго з аўтараў мы дыскутавалі. Імя Рыгора Барадуліна было па-за дыскусіяй, бо ён велічыня і аўтарытэт для кожнага з нас. Ясна, што пасьля да сэрыі будуць дадавацца іншыя выбітныя беларускія паэты — як абраньнікі вечнасьці, так і сучасьнікі. Але Барадулін — гэта знакавае першае беларускае імя ў кампаніі сусьветнай клясыкі.

— У кнізе «Перавыбранае» роўна 100 вершаў. Чаму?

— Сама сэрыя «Паэты плянэты» прыдумвалася як кішэнная. Такая кніга не павінна быць вельмі тоўстай — прыкладна сотня старонак. Адпаведна, і калекцыя вершаў у ёй павінна быць невялікая. Я як укладальнік крыху апантаны круглымі лічбамі, таму ў «Перавыбранае» трапілі роўна сто вершаў. У гэтым ёсьць момант самадысцыпліны: можа, адкінуць проста добрае дзеля вельмі добрага, можа, даць ня ўсё выбітнае, каб прадставіць найвыбітнейшае. Да таго ж круглая лічба задае сымэтрычнасьць і архітэктурную будову ўсяго зборніка. Хацелася, можа, пункцірна, але прадставіць аўтара рознабакова.

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

— Адгэтуль і незвычайная назва «Перавыбранае»? Нібыта выбіралі з ужо адабранага...

— Тут ёсьць два моманты. Першы. Глядзіце, ёсьць добрае, а ёсьць найдабрэйшае. У гэтым сэнсе прыстаўка «пера-» мае для мяне значэньне «най-». Такім чынам я абазначыў, што ў Барадуліна ёсьць з чаго выбраць і ёсьць з чаго перавыбраць. Другі момант, — і я не стамляюся паўтараць гэты жарт, актуальны для Беларусі: дзе выбіраюць, там і перавыбіраюць. Тут момант горкай і іранічнай, як часам у Барадуліна, усьмешкі. Па-за тым, 15 кніжак, якія выйшлі ў сэрыі да Барадуліна, маюць часам падобныя і стэрэатыпныя назвы: «Выбраныя вершы», «Выбраная лірыка», «Выбранае» і гэтак далей. Гэтае «Выбранае» паўтарылася 15 разоў, і хтосьці павінен быў пахуліганіць.

Кніга пачынаецца тэкстамі з дэбютнага зборніка 1959 году «Маладзік над стэпам», завяршаецца вершамі з пасьмяротнага выданьня 2014 году «Ў неба пехатою». Выходзіць, што абраныя для выданьня 100 вершаў ахопліваюць 55 гадоў творчасьці. Я стараўся не прапусьціць ніводнага зборніка. Вельмі добра, што ў мяне былі папярэднікі, якія ўкладалі «Выбранае» Барадуліна, — гэта Міхась Скобла, Уладзімер Сіўчыкаў, Віктар Шніп. Ёсьць з кім раўняцца, але і ёсьць з кім дыскутаваць.

— Кожны ўкладальнік мерае па сабе і знаходзіць у выніку свайго ідэальнага Барадуліна. Які ён для вас?

— Некалькі год таму выбухнула літаратурная палеміка, і для аўтараў больш традыцыйнага і кансэрватыўнага кірунку Барадулін быў зброяй, якой можна было трэсьці, як кулаком, і крытыкаваць маладых аўтараў, пляжыць авангардысцкія і постмадэрнісцкія пошукі. Мне б не хацелася так проста аддаваць Барадуліна, каб ён так і застаўся іконай традыцыяналізму і каляпалітычных размоваў. Мне б хацелася прадставіць ня толькі Барадуліна-патрыёта (хоць такія вершы, зразумела, у кніжцы ёсьць), але і Барадуліна адкрытага сьвету, Барадуліна-падарожніка.

У позьні пэрыяд шмат хто аднабакова хапаўся за рэлігійныя вершы Барадуліна. Яны выдатныя, але мне хацелася іх ураўнаважыць паганскімі вершамі, вершамі па-добраму багемнымі, якія перадаюць атмасфэру незалежнага, часам хмельнага жыцьця позьнесавецкай багемы, вершамі, прысьвечанымі сябрам.

Таксама не хацелася паказваць Барадуліна на службе ідэалёгіяў і партыяў. Таму што Барадулін — на службе паэзіі перадусім.

Калі казаць пра тое, чаго ў кнізе найбольш, то гэта інтымная лірыка самых розных эпохаў.

І яшчэ мне вельмі хацелася паказаць высокую плянку барадулінскай мэтафары і гукапісу. Усе ведаюць хрэстаматыйнага «Матылька»: «Лілею млявы плёс люляе...» Але ўжо мала хто ведае геніяльна зроблены на музыцы гукаў верш «Парашутны шоўк».

Увогуле хацелася пакінуць за бортам кніжкі тое, што маглі б напісаць і іншыя нашы майстры. Замах быў на тое, каб прадставіць «нятленку».

Кніга «Перавыбранае» будзе прадстаўлена на штогадовым кніжным кірмашы, які пачынаецца 8 лютага, і на міжнародным паэтычным фэстывалі «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова, які пройдзе ў Менску 10–12 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG