Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правацэнтрысты рыхтуюцца вылучаць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты


Кіраўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі: Рымашэўскі, Губарэвіч, Лябедзька. Архіўнае фота
Кіраўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі: Рымашэўскі, Губарэвіч, Лябедзька. Архіўнае фота

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі распавялі пра пляны правацэнтрысцкай кааліцыі на 2017 год.

Юры Губарэвіч адзначыў, што самае важнае ў плянах на 2017 год —падрыхтоўка на мясцовай выбарчай кампаніі 2018 году. Ад правацэнтрысцкай кааліцыі мяркуецца вылучыць 500 кандыдатаў:

«Мы пасьпяхова прайшлі папярэднюю выбарчую кампанію: стварылі адзіны сьпіс кандыдатаў, якія выступілі на выбарах з адзіным пасланьнем. Цяпер мы плянуем разьвіваць напрацоўкі, якія былі здабытыя цягам папярэдняй выбарчай кампаніі. 2017-ы будзе годам перад мясцовымі выбарамі. На выбары ў 2018 годзе мы плянуем вылучым 500 кандыдатаў ад кааліцыі, гэта будзе ўзгоднены сьпіс. Акцэнт будзем рабіць на вялікія гарады і буйныя акругі, там, дзе працавалі кандыдаты ад кааліцыі на парлямэнцкіх выбарах. Поле дастаткова шырокае, і на ім можна не перасякацца.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мы будзем праводзіць супольную кампанію „Вярнуць людзям уладу“ — будзем інфармаваць людзей пра тое, што мясцовыя праблемы не вырашаюцца, бо мясцовыя саветы папросту пазбаўленыя паўнамоцтваў. У межах правацэнтрысцкай кааліцыі мы падрыхтуем законапраект пра мясцовыя органы ўлады, які прадугледжвае пашырэньне паўнамоцтваў мясцовых саветаў. Мы вынесем яго на сэсію Палаты прадстаўнікоў пра дапамозе дэмакратычных дэпутатак у парлямэнце».

Таксама палітыкі абвясьцілі, што ў 2017 годзе распачнуць выпрацоўку працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата.

Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота
Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота

«Мы ставім задачу-мінімум – вылучэньне супольнага кандыдата ў прэзыдэнты ад правацэнтрысцкай кааліцыі на 2020 год. Ёсьць і задача-максымум – адзіны кандыдат ад усіх дэмакратычных сілаў. Цяпер ён патрэбен як ніколі. Мы будзем правозіць перамовы з шырокім складам прадстаўнікоў дэмакратычных палітычных сілаў. Гэта павінен быць кандыдат-каманда, а не кандыдат-пэрсона. У 2017 годзе мы пачнём выпрацоўваць супольныя падыходы і працэдуры, на падставе якіх можна будзе выбраць адзінага кандыдат», — патлумачыў Рымашэўскі.

Рымашэўскі таксама сказаў, што правацэнтрысцкая кааліцыя будзе наладжваць дыялёг паміж палітыкамі, НДА і СМІ:

«Таксама лічым важным разьвіваць міжсэктаральны дыялёг, з партыямі, СМІ, НДА і праваабаронцамі. На жаль, на падставе новай палітыкі эўрапейскіх краінаў Беларусь можа ўвайсьці ў пералік краінаў трэцяга сьвету, якія, на думку эўрапейцаў, няздольныя на дэмакратыю. Трэба не дапусьціць гэтага, таму ўсе структуры, якія стаяць на дэмакратычных прынцыпах, павінны аб’яднацца».

Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Лябедзька паведаміў, што налета правацэнтрысцкая кааліцыя мае намер правесьці дзьве міжнародныя канфэрэнцыі – на тэму трансфармацыі эканомікі і мясцовага самакіраваньня на падставе эўрапейскага досьведу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG