Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правацэнтрысты ствараюць Асамблею народных прадстаўнікоў — з Канапацкай, але без Анісім


Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч і Анатоль Лябедзька (зьлева направа)
Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч і Анатоль Лябедзька (зьлева направа)

Асамблея народных прадстаўнікоў будзе складацца з кандыдатаў у дэпутаты на выбарах у Палату прадстаўнікоў 2016 году ад правацэнтрысцкай кааліцыі (Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і руху «За свабоду»).

«Рашэньне прынятае, заўтра адбудзецца ўстаноўчы сход, на якім будзе створана Асамблея народных прадстаўнікоў, — кажа старшыня АГП Анатоль Лябедзька. — Па-першае, для нас гэта працяг нашай кааліцыйнай працы. Час паміж парлямэнцкай і мясцовай кампаніямі будзе запоўнены дзейнасьцю Асамблеі народных прадстаўнікоў. Гэта азначае, што для нас вельмі важна захаваць той патэнцыял, які назапашаны падчас выбарчай кампаніі нашымі кандыдатамі, каб яны працягвалі працу з выбаршчыкамі ў сваіх акругах. Бо, паводле нашых падлікаў, некалькі дзясяткаў мандатаў у нас скралі. А ў фармаце асамблеі мы ствараем пляцоўку альтэрнатыўнага бачаньня разьвіцьця Беларусі».

Сябры асамблеі будуць праводзіць грамадзкія кампаніі ў падтрымку рэформаў: у прыватнасьці, зьмены выбарчага заканадаўства, эканамічных рэформаў, рэформаў сыстэмы адукацыі і аховы здароўя, а таксама законаў у падтрымку беларускай мовы і культуры.

«Задача Асамблеі народных дэпутатаў — арганізаваць грамадзкія кампаніі ў падтрымку гэтых рэформаў. Стварыць ціск на ўлады і прымусіць іх прымаць законы», — кажа сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

У асамблею ўвойдуць каля 70 экс-кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі на парлямэнцкіх выбарах. Але яна гатовая супрацоўнічаць і зь іншымі палітычнымі сіламі ў Беларусі, не выключаецца кааптацыя новых сябраў у асамблею, падкрэсьліваюць палітыкі.

«У асамблею таксама будзе ўваходзіць Ганна Канапацкая. Выкарыстоўваючы яе магчымасьці дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, а таксама іншыя шляхі, мы будзем спрабаваць фармаваць свой парадак дня і прымушаць улады ісьці на саступкі», — адзначае сустаршыня БХД.

Прапанова далучыцца да асамблеі была накіраваная і Алене Анісім.

«Але яна пакуль устрымліваецца ад далучэньня да любых апазыцыйных ініцыятываў і падпісаньня заяваў», — сказаў Рымашэўскі.

Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч у сваю чаргу падкрэсьліў, што асамблея «не зьяўляецца надпартыйным органам і ў яе задачы не ўваходзіць выбраньне лідэра ці адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары ад правацэнтрысцкай кааліцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG