Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палац Радзівілаў пад Баранавічамі выставяць на продаж за 10 тысяч даляраў, зьніжка 80%. Фоты


Палац Радзівілаў у Паланечцы. Тут і ніжэй — здымкі верасьня 2017 году
Палац Радзівілаў у Паланечцы. Тут і ніжэй — здымкі верасьня 2017 году

Берасьцейскі аблвыканкам абвясьціў чарговы аўкцыён продажу «будынка былога палаца» ў вёсцы Паланечка пад Баранавічамі, таргі пачнуцца 1 сьнежня аб 11-й гадзіне.

Пачатковая цана палаца складае 19 210,72 рубля — яна зьніжаная на 80% у параўнаньні з папярэдняй прапановай. Двухпавярховы палац і ўчастак 3,37 га здаюць у арэнду на 50 гадоў. Папярэдні аўкцыён у жніўні 2016 году не завершыўся продажам. У 2014 годзе палац прадалі ААТ «Спэцактыўбуд-інвэст», але фірма не змагла заплаціць за яго і знайсьці інвэстара для рэстаўрацыі, таму ўлады сканфіскавалі сядзібу ў пакупніка.

Палац, які цяпер мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, быў збудаваны ў XVII стагодзьдзі як рэзыдэнцыя Радзівілаў. Пасьля сьмерці Мацьвея Радзівіла ягоны сын Канстанцін перабудаваў палац са стылю позьняга клясыцызму ў стыль ампіру, пазьней Альбэрт Станіслаў Радзівіл прыбудаваў зімовы сад у нэагатычным стылі. Палац пацярпеў у час Другой усясьветнай вайны і ў гады савецкай улады, калі ў ім зладзілі школу-інтэрнат.

На 2017 год палац выглядае закінутым, відаць сьляды савецкай дабудовы, старыя сьцены і падлогі разбураюцца, вакол палаца расьце баршчэўнік.

Недалёка ад палаца ў Паланечцы знаходзіцца драўляны нэагатычны касьцёл Сьвятога Юрыя, збудаваны ў канцы XIX стагодзьдзя, і руіны воднага млына. За 6 км ад Паланечкі стаіць Траецкі касьцёл у Ішкалдзі 1472 году — самы стары зь неперабудаваных касьцёлаў у Беларусі. Да Мірскага замка ад Паланечкі 17,5 км.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG