Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагоня» на грудзях, «91» на сьпіне — заўзятары едуць на хакейны чэмпіянат у стылізаванай форме зборнай пачатку 90-х


Сёньня ў Маскве і Санкт-Пецярбургу чатырма матчамі стартуе 80-ты чэмпіянат сьвету па хакеі. Зборная Беларусі на папярэдняй стадыі будзе раскватараваная ў «паўночнай сталіцы» Расейскай Фэдэрацыі і дэбютную сустрэчу правядзе з камандай Фінляндыі. Адсутнасьць візавых перашкодаў для заўзятараў спрыяе саліднай падтрымцы трыбун для беларускіх выхаванцаў канадзкага трэнэра Дэйва Льюіса.

З «Пагоняй» на грудзях і годам незалежнасьці на сьпіне

Зь верай у цуд выправілася ў Санкт-Пецярбург група падтрымкі зборнай Беларусі. Як і ў ранейшыя гады, аматары хакею падзеленыя ідэалягічна: адна частка экіпіраваная ў дзяржаўнай чырвона-зялёнай колеравай гаме, другая — у швэдрах з «Пагоняй» і пад нацыянальнай сымболікай.

Прычым гэтым разам да сваёй амуніцыі сьвядомыя аматары хакею падышлі з такой жа адказнасьцю, як і іхнія апанэнты з БРСМ, якія едуць на важныя спаборніцтвы з цэлымі чамаданамі дзяржаўных сьцяжкоў, шалікаў, футболак. Як апавёў адзін з вынаходнікаў «вышымайкі» Аляксей Сапрыкін, грамадзкая ініцыятыва symbal.by, якая займаецца вырабам прома-прадукцыі ў беларускім стылі, падрыхтавала першую партыю джэрзі з «Пагоняй» — арыгінальныя спартыўныя швэдры, якія паўтараюць форму нацыянальнай зборнай пачатку 1990-х:

«Такая ідэя некалькі тыдняў таму ўзьнікла ў асяродзьдзі саміх заўзятараў: маўляў, неўзабаве пачынаецца чэмпіянат сьвету, і хацелася б мець майкі з нацыянальнай атрыбутыкай — ня хочацца надзяваць з афіцыйным гербам. Мы падумалі-падумалі, знайшлі фатаздымак пачатку 1990-х, на якім хакейная зборная Беларусі пазіруе ў швэдрах з „Пагоняй“, прапанавалі свой варыянт. Праўда, у тым выпадку быў чырвоны, хатні варыянт формы, а мы зрабілі белы — гасьцявы. Наперадзе вершнік, ззаду надпіс лацінскімі літарамі Bielarus і нумар 91 — у гонар атрыманьня краінай незалежнасьці ў 1991 годзе».

Арыгінальны швэдар гульца галоўнай каманды Беларусі
Арыгінальны швэдар гульца галоўнай каманды Беларусі

Як удакладняе Аляксей Сапрыкін, два дзясяткі экспэрымэнтальных джэрзі разышліся як гарачыя піражкі. Тым ня меней людзі працягваюць цікавіцца, замаўляюць, шмат заявак прыйшло ад беларусаў, якія жывуць за межамі краіны — у Расеі, Польшчы, Літве, Эстоніі. А таму на падыходзе яшчэ адзін дадатковы наклад.

Узор мадыфікацыі гербаў: ад саветызаванага да нацыянальнага
Узор мадыфікацыі гербаў: ад саветызаванага да нацыянальнага

Апроч таго, як кажа Аляксей Сапрыкін, група ініцыятыўных заўзятараў знайшла ўласны спосаб, як зь мінімальнымі выдаткамі надаць нацыянальную адметнасьць копіям афіцыйнай формы, якая прадаецца ў любой спэцыялізаванай краме. Пасьля няхітрых маніпуляцыяў зь ніткай і іголкай бээсээраўскі герб проста зашываецца выявай «Пагоні». Праўда, выходзіць стылёвая мяшанка: вершнік скача над асучасьненым белым арнамэнтам і паміж зялёнымі палосамі на рукавах:

Атрыбуты сьвядомых фанатаў
Атрыбуты сьвядомых фанатаў

«Актыўныя заўзятары, якія едуць у Піцер, вырашылі перарабіць джэрзі з ужо існуючых. Зрабілі вялікія нашыўкі з „Пагоняй“ і проста наклалі паўзьверх, на „капусту“. Яшчэ адна праява творчай фантазіі: хто на што здатны — так і выкручваецца. Пайшлі, праўда, камэнтары, што арнамэнт са сьцяга застаўся, зялёныя палосы і г.д. Усім не дагодзіш, але зроблена, на маю думку, прыгожа, густоўна. Галоўнае, гэта будзе бачна, бо спадзяюся, што на трыбунах камэры выхапяць і джэрзі ўзору 1991 году, і новыя, зробленыя сваімі рукамі. І можна будзе ганарыцца беларускімі заўзятарамі, якія прадставяць Беларусь з нацыянальнай пазыцыі».

Перад выхадам на матч Беларусь — Фінляндыя
Перад выхадам на матч Беларусь — Фінляндыя

Абодва варыянты заўзятары маюць апрабаваць ужо сёньня падчас сустрэчы паміж зборнымі камандамі Беларусі і Фінляндыі. Апроч таго, аматары хакею спадзяюцца, што расейская паліцыя ня будзе перашкаджаць выкарыстаньню нацыянальнай сымболікі, як некалькі гадоў таму гэта здарылася ў Швэцыі — тады на патрабаваньне Беларускай фэдэрацыі хакею ахова забараніла разгортваць на трыбунах бел-чырвона-белыя сьцягі.

Зь верай у канадзкага трэнэра і асыміляваных легіянэраў

Беларуская дружына па выніках жэрабя трапіла ў групу В і будзе змагацца за выхад у плэй-оф у піцерскім Палацы спорту «Юбилейный». На гэты час каманда Беларусі займае 9-ы радок у міжнародным рэйтынгу, горшыя пазыцыі ў трох супернікаў, зь якімі давядзецца сустракацца на пачатковай стадыі — Францыя (12-е месца), Нямеччына (13), Вугоршчына (19). Астатнія калектывы адмыслова прадстаўляць няма патрэбы: Канада (№ 1 у хакейным сьвеце), Фінляндыя (4), ЗША (5), Славаччына (8).

Паралельна ў маскоўскім Лядовым палацы ў групе А пачнуць высьвятляць адносіны гаспадары першынства (Расея), Швэцыя, Чэхія, Швайцарыя, Латвія, Нарвэгія, Данія, Казахстан. Згодна з рэглямэнтам, па выніках папярэдняга этапу ў чвэрцьфінал выйдуць па чатыры лепшыя каманды з кожнай васьмёркі. Пачынаючы ад паўфіналаў, усе матчы будуць праходзіць у Маскве.

Галоўны трэнэр Дэйв Льюіс
Галоўны трэнэр Дэйв Льюіс

Як і летась у Чэхію, сёлета ў Расею беларуская зборная выправілася пад началам вядомага заакіянскага спэцыяліста Дэйва Льюіса. Год таму беларусы занялі досыць высокае 7-е месца, па ходу ўчыніўшы чарговую сэнсацыю — зь лікам 5:2 была разгромленая зборная ЗША, якая ўваходзіць у «вялікую шасьцёрку» хакейных дзяржаваў сьвету.

Спартовыя адмыслоўцы перакананыя, што Льюісу ня варта вынаходзіць ровар, дастаткова трымацца відавочнага сцэнару вырашэньня задачы-мінімум: браць ачкі ў супрацьстаяньні з аўтсайдэрамі (Нямеччына, Францыя, Вугоршчына) і спрабаваць давесьці справу да авэртайму ў барацьбе з фаварытамі, каб атрымаць прынамсі 1 выніковы бал. Летась у матчах зь фінамі і славакамі гэта ўдалося. Зрэшты, напярэдадні 80-га чэмпіянату сьвету настаўнік беларусаў заявіў, што хлопцы — ні многа ні мала —едуць змагацца за мэдалі.

Мары марамі, але сёлета той выпадак, калі прасьцей вылецець з мацнейшага дывізіёну, чым скокнуць вышэй галавы. Каманды з групы А — Нямеччына і Францыя — будуць гаспадарамі чэмпіянату сьвету-2017, так што, нават няўдала выступіўшы, яны застрахаваныя ад пераходу ў ніжэйшы кляс. А для іншых пры дрэнным зьбегу абставінаў шанцы на разьвітаньне з элітай павялічваюцца.

Дапамагаць зборнай Беларусі як мінімум паўтарыць мінулагодні вынік будзе цэлая група іншаземных гульцоў зь беларускімі пашпартамі: Кевін Лаланд, Шарль Лінгле, Джэф Плат, Крысьціян Хэнкель. Яшчэ адзін абеларушаны легіянэр Нік Бэйлен атрымаў траўму і будзе сачыць за баталіямі дыстанцыйна. Пры гэтым па-за гульнёй наймацнейшы беларус у заакіянскай Нацыянальнай хакейнай лізе Міхаіл Грабоўскі, які з-за сурʼёзнага пашкоджаньня таксама прапускае сэзон за свой «Айлендэрс».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG