Аляксандар Лукашэнка 21 сакавіка падчас сустрэчы з працаўнікамі «Кранаспану» ў Магілёве заявіў, што вынаходніцтва лекаў ад раку і ўнікальнай крыніцы энэргіі стала бы прарывам у беларускай навуцы, перадае БЕЛТА.
«Я хацеў бы, каб нашы навукоўцы вынайшлі нейкую новую крыніцу энэргіі, каб мы на каленях ня поўзалі нават перад нашымі братамі, молячы іх і выпрошваючы тону нафты або кубамэтар газу», — сказаў ён.
Тым часам у Беларусі будуецца (не без праблемаў) атамная электрастанцыя, а сам Лукашэнка год таму выдаткаваў 28 млн эўра на праграму здабычы энэргіі літаральна з лайна — на «Ўкараненьне біягазавых установак на ачышчальных збудаваньнях Менску». І гэта не адзіная альтэрнатыўная крыніца энэргіі, даступная Беларусі.
Таварыства «Зялёная сетка» супольна зь нямецкай навукова-дасьледчай арганізацыяй «Аэракасьмічнае агенцтва» абяцае празь некалькі месяцаў выдаць падлікі сцэнароў забесьпячэньня Беларусі з альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі да 2050 году.
«Там будзе пралічана, наколькі Беларусі магчыма з улікам найлепшых даступных на сёньня тэхналёгіяў перайсьці на аднаўляльныя крыніцы энэргіі, колькі для гэтага трэба будзе грошай, ці хопіць у нас для гэтага сонца, ветру ці біямасы, — кажа Свабодзе старшыня „Зялёнай сеткі“ Ірына Сухій. — У Беларусі напэўна хопіць розных крыніцаў энэргіі, каб адмовіцца ад выкапнёвага паліва.
Але для гэтага трэба палітычная воля, трэба быць адкрытымі да інавацыяў, даць магчымасьць прыходу інвэстыцыяў у гэтыя сфэры. Тады ўсё будзе, ня трэба будзе выпрошваць на каленях ні нафту, ні газ.
Усе кажуць, што ў нас мала сонца, няма сонца... Але тэхналёгіі з кожным годам ідуць наперад. Энэргія ў сонечных панэлях выпрацоўваецца нават ня ў сонечны дзень, калі проста сьветла. Ёсьць у нас і сонца, і месцы, дзе вецер дзьме. Вялікі патэнцыял у біямасы — як тая нявыкарыстаная салома, што гніе на палях, нерацыянальна дрэва выкарыстоўваецца... Патэнцыял у нас дастатковы, каб выжыць бяз нафты і газу. І нават бяз атамнай энэргетыкі!»