Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы Крымінальны кодэкс: «стукачу» — дамова, хабарніку — магчымасьць кампэнсацыі, валютчыку — краты


З 28 студзеня дзейнічаюць папраўкі ў Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-выканаўчы кодэксы і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Усяго ў кодэксы, якія рэгулююць крымінальную і адміністрацыйную адказнасьць, а таксама працэдуру сьледзтва і выкананьне прысудаў, унесена больш за 100 паправак.

Паводле адмыслоўцаў, галоўныя сярод паправак — зьмены ў 69-ты артыкул Крымінальнага кодэксу аб дасудовым пагадненьні са сьледзтвам пра супрацоўніцтва. Гэта зусім новая зьява ў праваахоўнай практыцы Беларусі. Паводле новаўвядзеньня, калі падазроны ў злачынстве заключае такую дамову са сьледзтвам, яго пакараньне будзе зьменшанае ўдвая ад таго, што прадугледжана законам. Адна з умоваў заключэньня такой дамовы — згода даваць інфармацыю ня толькі пра свае злачынствы, а і пра саўдзельнікаў. Паводле адмыслоўцаў, гэтыя зьмены адкрываюць новыя магчымасьці для барацьбы з карумпаванымі чыноўнікамі і хабарнікамі, якія звычайна прыкрываюць адзін аднаго.

Адначасова папраўкі ў Крымінальны кодэкс замацоўваюць магчымасьці пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці тым, хто нанёс бюджэту вялікія страты. Калі злачынца раскаяўся, прыйшоў з павіннай і пералічыў палову стратаў на рахунак сьледчага органа, ад крымінальнай адказнасьці яго можна будзе пазбавіць.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

Паводле былога судзьдзі, праваабаронцы Гары Паганяйлы, практыка дасудовага пагадненьня і магчымасьць кампэнсаваць страты, каб пазьбегнуць адказнасьці, ужываецца ў шмат якіх дэмакратычных краінах. Аднак у Беларусі такі мэханізм можа ператварыцца ў небясьпеку для грамадзтва, мяркуе Гары Паганяйла:

«Сьледзтва — гэта дзяржаўны мэханізм. Калі абагульніць, то выходзіць, што гэта дзяржава прапануе чалавеку даць грошы за тое, каб зьменшылі адказнасьць. Робіцца гэта папярэдне, да суду, і тут самая вялікая небясьпека. Бо калі захоўваецца роўнасьць бакоў, калі ёсьць судовая гарантыя, што будзе вынесены справядлівы судовы прысуд, тады — калі ласка, на Захадзе гэта працуе. Але ў Беларусі калі гэта пачнуць ужываць, дык магу прадказаць, ува што гэта выльецца. У тое, што дзяржава пачне „выбіваць“ гэтую капеечку з тых, хто падазраецца ў злачынствах. І чалавек будзе вымушаны з гэтым пагаджацца, бо ў яго няма надзеі на справядлівы разгляд ягонай справы ў судзе».

Таксама ўводзяцца папраўкі да артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасьць за парушэньні ў сфэры бізнэсу. Гэтак, часьцей будуць ужываць штрафы за ілжэпрадпрымальніцтва, а вось незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць зь вялікім прыбыткам — прыкладам, тое, чым займаюцца валютчыкі — цяпер будзе разглядацца як крымінальнае злачынства і карацца максымальна трыма гадамі зьняволеньня. Юрыст Сяргей Балыкін кажа, што такі падыход дэманструе савецкую па сутнасьці прыроду новых паправак:

Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

«Мяркую, у справах з валютчыкамі ўвогуле не павінен фігураваць Крымінальны кодэкс, тут гаспадарчыя справы. У рэгуляваньні такіх пытаньняў трэба карыстацца грамадзянска-прававымі мэтадамі, гаспадарчымі. У найгоршым выпадку — пакінуць адміністрацыйную адказнасьць. Але наша дзяржава застаецца рэпрэсіўнай. У савецкія часы быў артыкул за прадпрымальніцкую дзейнасьць, цяпер яго адмянілі, але вось валюту прадаваць ня толькі забаронена, але гэта ўжо крымінал. То бок краіна застаецца савецкай па сутнасьці».

У 367 артыкул Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за паклёп на прэзыдэнта, таксама ўнесеная праўка: цяпер будуць караць і за паклёпніцкія зьвесткі, якія распаўсюджаныя праз інтэрнэт.

Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут

Незалежны журналіст з Гародні Андрэй Пачобут у 2011 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай у 2 гады якраз за распаўсюд нібыта паклёпу на Лукашэнку. Андрэй Пачобут па-ранейшаму ня лічыць сябе вінаватым і кажа, што не паклёпнічаў, а пісаў праўду. Па-другое, журналіст заўважае, што і тады ягоны артыкул фігураваў у судзе ў выглядзе копіі з інтэрнэту. Андрэй Пачобут мяркуе, што гэтая папраўка дэманструе найперш палітычныя мэты беларускага рэжыму:

«Гэта пэўны сыгнал грамадзтву, бо і раней такая забарона фактычна дзейнічала, тут нічога не зьмянілася. Але цяпер выбары набліжаюцца, інтэрнэт важны, і таму вырашылі даслаць такі выразны сыгнал інтэрнэт-карыстальнікам».

Максымальнае пакараньне паводле артыкула аб паклёпе на прэзыдэнта застаецца тым жа — да 5 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG