Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хабар для палкоўніка міліцыі: віскі, гадзіньнік і 4000 даляраў


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота

Яго вінавацяць у атрыманьні хабару ў буйным памеры, а таксама ў падбухторваньні да даваньня хабару ды махлярстве. Былы міліцэйскі начальнік пад арыштам. На пасяджэньнях у Магілёўскім абласным судзе яго трымаюць за кратамі. Часткова Іваненка прызнаў сваю віну. Пасьля дзесяцідзённага перапынку 20 студзеня судовае сьледзтва аднавілася.

Пра перапынак у разглядзе крымінальнай справы хадайнічала дзяржаўная абвінаваўца. Яна заявіла, што ў ходзе судовага сьледзтва выявіліся факты, якія не былі ўлічаныя ў агучаным раней абвінавачаньні. Пасьля зьменаў, зрэшты, былога намесьніка начальніка крымінальнай міліцыі вінавацяць у тым самым — што ўвесну мінулага году ён двойчы атрымліваў хабар ад грамадзянаў Расеі.

Дзьве тысячы даляраў яму перадаў Андрэй Касьмін, якому пагражала дэпартацыя зь Беларусі празь неаднаразовыя адміністрацыйныя правапарушэньні. Сярод іх значыцца кіраваньне машынай у стане алькагольнага ап’яненьня. Пра суму хабару Касьміну паведаміў Іваненка:

«За рашэньне пытаньня пра высылку яго з Рэспублікі Беларусь і ануляваньне пастановы на пастаяннае пражываньне неабходна даць грашовае ўзнагароджаньне ў суме дзьвюх тысяч даляраў ЗША», — гэтак сказана ў абвінавачаньні, агучаным сёньня.

Чатыры тысячы даляраў, падарункавы набор віскі і дарагі наручны гадзіньнік, як зазначана ў абвінавачаньні, Андрэй Касьмін перадаў Іваненку за ягонае спрыяньне, каб выдаліць са сьпісу асобаў, якія ў міждзяржаўным вышуку, жыхара Масквы Батурына. Расейская паліцыя шукала яго за махлярства. Іваненка, каб вырашыць гэтае пытаньне, выкарыстаў сваё службовае становішча, апэратыўную базу дадзеных і падначаленых.

Вячаслаў Іваненка не прызнаў абвінавачваньня ў падбухторваньні да хабару, але прызнаўся, што грошы браў. Гадзіньнік (коштам больш за дзевяць мільёнаў рублёў) і дзьве бутэлькі віскі (коштам больш за мільён) былы міліцэйскі начальнік прасіў не разглядаць як хабар:

«Гадзіньнік я расцэньваю як падарунак. А віскі... Я ж казаў, што зьбіраю віскі. Дык гэта ж звычайнае віскі. Не калекцыйнае. Яго цана ў любым „Д’юці Фры“ — пятнаццаць даляраў. Касьмін мне пэрыядычна прывозіў віскі. Астатнія абвінавачваньні я прызнаю», — даводзіў сваю пазыцыю падсудны Іваненка.

Андрэй Касьмін абвінавачваецца таксама ў падбухторваньні да хабару і даваньня хабару. Касьмін на падпісцы пра нявыезд. Сваю віну прызнае цалкам. На пытаньні пракурора, суду і адваката Іваненка адказвае неахвотна. На пытаньне, дзеля чаго ён перадаў Іваненку гадзіньнік і віскі, грамадзянін Расеі адказаў:

«Каб пытаньне з Батурыным рухалася наперад. Наагул, каб пачало неяк прасоўвацца».

Вячаслава Іваненку арыштавалі ў званьні палкоўніка. Яго пазбавілі пасады, але ня звольнілі зь міліцыі. 23 студзеня ў справе Іваненкі і Касьміна пачнуцца спрэчкі. Сёньня Іваненка як бы між іншым прамовіў, што апошняе слова яму не патрэбнае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG