Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памілаваньне з царскай ласкі


Ігар Жылін
Ігар Жылін

Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад крымінальнай адказнасьці былога старшыню Белнафтахіму Ігара Жыліна. Як часта і адносна каго ў Беларусі ўжываюць захады, якія дазваляюць абвінавачанаму ў злачынстве пазьбегнуць пакараньня?

«Пад зад нагой і з пасады«,— гэткімі словамі Аляксандар Лукашэнка публічна разьвітаўся зь Ігарам Жыліным, які амаль тры гады кіраваў канцэрнам Белнафтахім, што прыносіць у казну краіны сотні мільёнаў даляраў прыбытку. Былы старшыня Белнафтахіму, пра арышт якога хадзілі чуткі, фактычна пацьверджаныя Лукашэнкам на нарадзе 31 ліпеня, можа радавацца: яго не аддадуць пад суд, як іншых абвінавачаных у карупцыі чыноўнікаў, ён толькі мусіў кампэнсаваць страты ў патройным памеры. Ці гэта законна?

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў лічыць такія захады цалкам незаконнымі:

Міхаіл Пастухоў
Міхаіл Пастухоў

«Нават генпракурор зьдзівіўся. Нібыта ён дзейнічаў на падставе закону, а яму Лукашэнка кажа — маўляў, як жа так, Жылін у патройным памеры ўсё кампэнсаваў, а вы яго не выпускаеце? То бок тут гаворка ўжо не пра законы, а пра іх разуменьне, што зусім ніяк не зьвязана з прававой дзяржавай. Камусьці трэба сядзець, кагосьці трэба вызваліць, і гэта ўсё вырашае кіраўнік дзяржавы. Тады трэба прызнаць, што ў нас прынцыпу законнасьці ўвогуле няма».

Да 2005 году Аляксандар Лукашэнка, каб вызваліць кагосьці з сваіх намэнклятурнікаў ад турмы, мог карыстацца толькі інстытутам памілаваньня. Гэтак была памілаваная былая кіраўніца спраў Лукашэнкі Галіна Жураўкова, якую суд асудзіў на 4 гады за крадзеж з казны каля мільёна даляраў. Жураўкова нават не прыйшла на абвяшчэньне прысуду і ані дня не правяла ў турме. Пасьля памілаваньня былая чыноўніца зьехала ў Расею, дзе цяпер пасьпяхова займаецца бізнэсам. Але як быць уладзе, калі падобных гісторыяў усё больш?

У верасьні таго ж 2005 году быў прыняты ўказ № 426, якім Лукашэнка даў сабе права вызваляць ад крымінальнай адказнасьці за эканамічныя злачынствы. Колькі ўсяго чыноўнікаў з тых часоў праз гэты ўказ пазьбеглі турмы — лічбаў няма. У адкрытых крыніцах ёсьць зьвесткі, што з 2006 па 2009 гады Лукашэнка памілаваў 126 чалавек, якія кампэнсавалі нанесеныя імі страты. Экспэрты мяркуюць, што за наступныя 5 год тэмпы вызваленьня ад адказнасьці не зьніжаліся. Незалежны журналіст Сяргей Сацук, які спэцыялізуецца на асьвятленьні карупцыйных спраў, заўважае, што карупцыянэры ня толькі датэрмінова выходзяць на волю, але і вяртаюцца на дзяржаўную службу.

Сяргей Сацук
Сяргей Сацук

«Вунь былы старшыня Белнафтахіму Бароўскі адбыў у турме менш за год, кампэнсаваў страты і нават быў прызначаны гендырэктарам МАЗу», — згадвае Сяргей Сацук. Наяўнасьць юрыдычнай нормы, якая дазваляе пазьбегнуць адказнасьці, Сяргей Сацук лічыць адным з асноўных складнікаў карупцыі, зь якой нібыта змагаецца Лукашэнка:

«У нас створаныя ўмовы, калі выгадна красьці. Чым больш крадзеш, тым бясьпечней. Калі ты скраў 10 тысяч даляраў, то будзеш сядзець 10 гадоў у турме, а калі 10 мільёнаў, дык з табой дакладна будуць дамаўляцца, каб ты пакрыў страты. І любы чыноўнік, які мае справу зь вялікімі грашыма, гэта добра разумее. Таму, як на маю думку, такі парадак толькі спрыяе карупцыі».

Ня толькі чыноўнікі трапляюць пад міласьць беларускай дзяржавы. У 2011 годзе ў Дзятлаўскім раёне мэханізатар наўмысна пашкодзіў два камбайны канкурэнтаў, каб заняць першае месца на жніве. Яшчэ да суду яму далі права кампэнсаваць 500 мільёнаў стратаў, а прысудзілі замест рэальнага зьняволеньня «хімію». Цяпер чалавек зноў робіць на камбайне, ставіць рэкорды.

У тым жа 2011 годзе разам з палітычнымі вязьнямі Лукашэнка вызваліў ад адміністрацыйных спагнаньняў 25 прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Сярод іх — «Аршанскі малочны камбінат», які мусіў быў сплаціць дзяржаве 571 мільён рублёў штрафаў, накладзеных Камітэтам дзяржкантролю.

Увосень 2013 году разгарэўся канфлікт паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем», у Менску арыштавалі гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра. Аляксандар Лукашэнка тады публічна заявіў, што гатовы дараваць уладальніку «Ўралкалія» Сулейману Керымаву, але трэба кампэнсаваць страты, нібыта нанесеныя Беларусі — 100 мільёнаў даляраў.

Чаму словы «пакараю» ці «дарую» гэтак часта гучаць з вуснаў беларускага лідэра? Незалежны сацыёляг Сяргей Нікалюк спасылаецца ня толькі на адмысловую мадэль кіраваньня, створаную ў Беларусі:

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

«Калі Аляксандар Рыгоравіч асабіста кагосьці вызваляе ад крымінальнай адказнасьці — а ён гэта робіць рэгулярна, — канечне, заўсёды прыводзіцца нейкае тлумачэньне, што выплачаныя грошы — гэта прынцыпы функцыянаваньня нашай улады, але яшчэ шырэй — нашай культуры. Бо ў нас усё трымаецца на міжасабовых адносінах. Менавіта таму мы жывём у несучаснай дзяржаве. У нас адзін з галоўных сацыяльных інстытутаў — інстытут блату, знаёмства. Калі беларусу трэба вырашыць нейкую праблему зь дзяржавай, яму ў галаву ня прыйдзе думка зь некім аб’яднацца для выказваньня сваіх інтарэсаў і вырашэньня гэтай праблемы. Не. Ён будзе шукаць ланцужок асабістых сувязяў, каб выйсьці на патрэбнага чыноўніка і вырашыць сваё пытаньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG